Лідары «Гавары Праўду» Таццяна Караткевіч і Андрэй Дзмітрыеў наведалі Гродна. Мы распыталі іх пра бліжэйшыя планы кампаніі ды праблемы, якія зараз шырока абмяркоўваюцца ў грамадстве.
Стагоддзе БНР і затрыманні на свяце
Таццяна Караткевіч: Наша каманда дапамагала з арганізацыяй свята ў Гродне, Берасці, Гомелі. Актывісты з Бабруйска прыехалі ў Мінск. Свята атрымалася дваякім: з аднаго баку, улада дазволіла, з іншага, быў ціск. Але галоўнае — настрой людзей: людзей было шмат, яны былі задаволеныя, віншавалі адзін аднаго. Для нас важна, каб гэта стала традыцыяй і працягвалася.
[irp posts="55 338″ name="У Каложскім парку гродзенцы адзначылі 100 гадоў БНР"]
Затрыманні - гэта неадэкватная рэакцыя ўладаў, якая кажа пра тое, што яны не да канца гатовы пайсці на прыняцце гэтага свята. Мы за тое, каб 25 сакавіка адзначалася на дзяржаўным узроўні і стала святочным днём. А гэта занадта вялікія перамены, да якіх улады не гатовыя. Гэта важны дзень, які ідэалагічна падзяляе краіну.
Але мы бачым пазітыўную тэндэнцыю. У гэтым годзе перамог новы фармат, пра што мы кажам з 2015 года. Важна, каб больш простых беларусаў прыядноўваліся да гэтага як да важнай гістарычнай даты.
Варта змяняць закон аб масавых мерапрыемствах. Андрэй удзельнічаў у пашыраным паседжані парламенцкай групы, якая абмяркоўвала змены. Мы прапаноўваем паведамляльны прынцып правядзення мерапрыемстваў. Удзельнікам не павінны выстаўляць кошты за ахову і медыцынскую дапамогу. Мы падаткаплацельшчыкі і гэта наша законнае права. У новым заканадаўстве не павінна быць абмежаванняў па форме і месцы правядзення.
Мясцовыя выбары-2018: улады праігнаравалі 40% беларусаў
Таццяна Караткевіч: Мы лічым, што вынікі выбараў негатыўныя і ацэньваем гэта як пагрозу мірным пераменам. У тым ліку — дыялогу, які павінен адбыцца паміж уладай і грамадскасцю. Мы разлічвалі, што тэндэнцыя, якая была падчас парламенцкай кампаніі, працягнецца. Два апазіцыйныя дэпутаты задаюць тон і дадаюць транспарэтнасці.
Андрэй Дзмітрыеў: галоўны вынік мясцовых выбараў - улада выкрэсліла з мясцовых саветаў не 400 членаў апазіцыі, а 40 працэнтаў беларусаў, якіх сёння прадстаўляюць альтэрнатыўныя палітычныя сілы. Гэта азначае, што на мясцовым узроўні, дзе канцэнтрацыя праблем найбольшая, няма каму на легальных пляцоўках агучваць праблемы і выступаць у іх абарону.
Гэта небяспечна для палітычнай стабільнасці. Стабільнасць дасягаецца не пастаяннай зачысткай палітычнага поля, а ўнутраным дыялогам. Гэта адна з місій «Гавары Праўду» — фарміраванне культуры дыялогу замест супрацьстаяння.
На наступныя выбары у нас ёсць план — праграма дзеяння на месцах. Мы пачынаем вызначаць патэнцыйных кандыдатаў у парламент і працаваць на іх акругах. І зрабіць базу прыхільнікаў, прасоўваючы «Гавары Праўду» як палітычную сілу, якая выставіць свайго кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах.
Праца ў рэгіёнах і лайк як грамадскі ўчынак
Таццяна Караткевіч: Вельмі шмат людзей прыйшло і праз кампанію, і праз папярэднюю дзейнасць. Нам недастаткова толькі абласных арганізацый і мы пачынаем рэгістраваць раённыя. У Мінскай вобласці рэгіструем сем раённых арганізацый.
Андрэй Дзмітрыеў: Для «Гавары Праўду» рэгіёны вельмі важныя. Вялікая праблема Беларусі - гэта разрыў паміж Мінскам і рэгіёнамі: не толькі ў тым, як людзі жывуць, у працы і заробках, але ў тым, як улады іх успрымаюць. За 20 кіламетраў ад Мінска людзі зусім іншыя: яны баяцца крок зрабіць. Яны кажуць: «Мы вас чытаем у інтэрнэце, але не лайкаем», бо ведаюць, што за гэтым сочаць. І людзі мне кажуць: а я ўсё-такі паставіў лайк. І чалавек гэта ўспрыймае як грамадскі ўчынак.
Пра праблему 328
Таццяна Караткевіч: 328 — гэта не праблема сама па сабе. Гэта следства таго, як неэфектыўна працуе эканоміка, як мала ў маладых людзей перспектываў і магчымасці паўплываць на прыняцце рашэнняў. Мы прыходзілі на сустрэчы з рухам «Маці 328» і пазнаёмілі іх з дэпутатамі парламента, якія працуюць у групе па заканадаўстве. Будзе цудоўна, калі гэта праблема знойдзе вырашэнне. Патрэбна сістэмнае рашэнне. Справа не толькі ў аблягчэнні пакарання, патрэбна прафілактыка.
[irp posts="54 643″ name="15 000 асуджаных. Як змяніць артыкул 328, абмеркавалі юрысты і маці пакараных"]
Андрэй Дзмітрыеў: Мы супраць легалізацыі марыхуаны. Калі будзе бясплатная віза, навошта легалізоўваць марыхуану? Я не бачу неабходнасці. У большасці краін яна не легалізавана. Калі за адзін касяк і за забойства садзяць на дзесяць гадоў - гэта неадэкватна. Але і ў крайнасці не варта кідацца, гэта ўцёкі ад рашэння. Што датычыць медычных мэтаў, гэта больш актуальнае пытанне. Я б лепш разбіраўся з алкаголем, павышаючы цэны і змяняючы культуру піцця.
[irp posts="52 009″ name="МУС: лёгкія часткі «наркатычнага» артыкула 328 могуць дэкрыміналізаваць"]
Пра трагедыю ў Кемераве
Таццяна Караткевіч: Мы ўжо праявілі салідарнасць, пакінуўшы спачуванні ля расійскай амбасады. Калі будзе арганізавана дапамога, мы далучымся. Самае галоўнае — не асуджаць. Украінцы выказваюцца: ну і добра, так ім і трэба. Беларусы больш салідарныя. Былі і ў нашай гісторыі выпадкі, калі ў школе згарэла 200 чалавек. Нікому не пажадаеш гэтага перажыць.Андрэй Дзмітрыеў: Зараз трэба выняць урокі: па якой прычыне гэта адбылося? У Беларусі хутка прайшла рэакцыя: у Мінску і рэгіёнах хутка адбылася працоўная трывога. Гэта робіцца для заспакаення, але вельмі проста сказаць, што вінавата сістэма. Я б хацеў, каб гэта была гісторыя пра людзей. Ці шмат у каго дома ў нас пажарныя апавяшчальнікі, якія каштуюць капейкі? Ці шмат хто сочыць за тым, каб пажарны шланг быў? Каб выхад быў адчынены, а не завараны? Гэта гісторыя і пра разгільдзяйтсва вахцёршы, інспектарах, але і пра тое, як у мірным жыцці мы прызвычайваемся адносіцца да важных рэчаў як да несур’ёзных. Забеспячэнне бяспекі - гэта і наша задача.
[irp posts="56 027″ name="Ратавальнікі праверылі ГД Нёман": ёсць недахопы ў працы персаналу"]