Прэзентацыя новай лінейкі прадуктаў ад прадпрыемства “Біятэст” прайшла 3 лістапада ў аптэцы-музеі. Кампанія прысвяціла гораду серыю гарбаты.
Шэсць зёлкавых збораў і фота старых вуліц
Сёлета гродзенская аптэка-музей святкуе 20-годдзе. Да гэтага юбілею яе ўласнік – кампанія “Біятэст” – і прымеркаваў новую серыю гарбаты з трох пазіцый.
Асноўная з іх мае назву “Гарадзенская гарбата” і ўключае ў сябе шэсць відаў зёлкавых збораў. Кожны від па-свойму аформлены і мае свае асаблівыя складнікі.

У афармленні выкарыстаны старыя фотаздымкі цэнтральных вуліц горада. У кожную ўпакоўку ўкладзены буклет са старой і сучаснай выявамі адной з вуліц Гродна і інфармацыяй аб ёй на беларускай і рускай мовах. Таксама ў буклеце надрукаваны спосаб прыгатавання гарбаты, а ў сярэдзіну ўкладзены фільтр-пакет – для тых, хто не любіць заварваць гарбату россыпам.
“Ідэя стварэння гэтай калекцыі – падкрэсліць культурны складнік горада, паказаць, што Гродна – значны, прыгожы, сучасны горад на прасторы Беларусі”, – адзначае прадстаўнік кампаніі “Біятэст” Дзмітрый.

“Водары прыроды” – з арнаментам і вершамі
Другая пазіцыя – чайныя напіткі “Дзень” і “Ноч”. Яны выпускаюцца як асобна, так і ў сумешчанай упакоўцы. Як сцвярджаюць вытворцы, гарбата “Дзень” дапаможа адчуць бадзёрасць з раніцы, а “Ноч” – расслабіцца пасля складанага дня.
Трэцяя пазіцыя – “Водары прыроды” – таксама выпускаецца як у асобных упакоўках (“Зіма”, “Лета”, “Вясна”, “Восень”), так і ў зборы. Кожная ўпакоўка ўпрыгожана традыцыйным арнаментам і ўзорамі, якія адпавядаюць пэўным святам (“Зіма” – Каляды, “Вясна” – Гуканне вясны, “Лета” – Купалле, “Восень” – Дажынкі). У пачкі з гарбатай укладзены чатырохрадкоўі беларускіх паэтаў.

Адна назва – для гродзенцаў, іншыя – для другіх рэгіёнаў
Спачатку планавалася стварыць толькі “Гарадзенскую гарбату”. Дзве іншыя серыі – яе адгалінаванні. Склад у іх аднолькавы: “Дзень”, “Ноч” супадае па складзе з “Гарадзенскай гарбатай” №1 і №2, “Зіма”, “Лета”, “Вясна”, “Восень” – з гарбатай №3, 4, 5, 6 адпаведна.
Прадстаўнік кампаніі Дзмітрый тлумачыць гэта тым, што “Гарадзенская гарбата” мае ў асноўным рэгіянальны накірунак, а “Водары прыроды” скіраваны на ўсю Беларусь і выступаюць хутчэй як падарункавы варыянт. На наступным тыдні плануецца выпуск падарункавай упакоўкі “Гарадзенскай гарбаты”, якая будзе змяшчаць усе шэсць відаў зёлкавага напітку.

Усе чайныя напіткі складаюцца толькі з натуральных кампанентаў. У іх складзе няма ні араматызатараў, ні смакавых дадаткаў, ні кафеіну. Для стварэння гарбаты выкарыстоўваюць у асноўным беларускую натуральную сыравіну. З-за мяжы пастаўляюцца толькі экзатычныя кампаненты, такія, як аніс, цынамон ці лаванда. У склад кожнай гарбаты ўваходзіць 7-9 кампанентаў. Набыць новую калекцыю гарбаты можна ў аптэцы-музеі.
Сёння ў прадпрыемства “Біятэст” два вялікія накірункі дзейнасці – рознічны гандаль лекавымі прэпаратамі і вытворчасць натуральных прэпаратаў на аснове лекавых раслін. Дадатковы накірунак – культурніца-дабрачынны: у найстарэйшай аптэцы Беларусі дзейнічае музейная экспазіцыя, убачыць якую можна бясплатна.



