Спадчына

Б-Баторый. 5 фактаў з жыцця манарха, для якога Гродна стаў другім домам

Кароль польскі і вялікі князь літоўскі нарадзіўся амаль за 1000 кіламетраў ад Гродна. Ён прагнуў стаць езуітам, але гэтаму перашкодзіла каралеўская пасада. Узмацніў войска, супрацьстаяў Івану Жахліваму і не дазволіў Маскоўскаму князю выйсці да Балтыйскага мора. Усё гэта — пра Стэфана Баторыя ў новых нататках «Гараденскай азбукі».

«Гарадзенская азбука» ад Hrodna.life — гэта 32 артыкулы пра цікавосткі Гродна. Кожнаму з іх адпавядае адна з літар алфавіту. А — Ажэшка, Б — Баторый, В — Вітаўт і так далей. У кожным артыкуле азбукі вы знойдзеце па пяць цікавых фактаў аб адметных гродзенскіх асобах, месцах ці з’явах.

Баторый нарадзіўся 27 верасня 1533 года ў мястэчку Шымлеў-Сілваніей. Стэфан быў сынам ваяводы Трансільваніі, князя Іштвана IV і яго жонкі Кацярыны. Як сын вядомага рода, ён атрымаў добрую адукацыю. Баторыю не было яшчэ 40 гадоў, калі ў краіне распачалася грамадзянская вайна. Яна і прывяла Стэфана да тытула трансільванскага князя

1. Абраў Гродна горадам часовага жыхарства і вечнага спачынку

Кандыдатуру трансільванскага князя на ролю кіраўніка Рэчы Паспалаітай разглядалі яшчэ ў 1573 годзе. Але тады каралём абралі Генрыха Валуа. У 1574 годзе новаабраны кароль збег у Францыю, каб атрымаць у спадчыну трон свайго памерлага брата Карла ІХ. Падчас новых выбараў шляхта зрабіла стаўку на Баторыя. Яму прапанавалі ажаніцца з Ганнай Ягелонкай і стаць каралём.

Новага манарха каранавалі ў 1576 годзе ў Кракаве. Праз тры гады ён упершыню наведаў Гродна — тут адбывалася нарада сената падчас Лівонскай вайны. Ад гэтага часу Стэфан Баторый зрабіў горад сваёй прыватнай сталіцай. Караля вабілі бяскрайнія гродзенскія пушчы. Ён любіў паляванне і тут меў магчымасць прысвяціць шмат часу ўлюбёнай забаве. Гродна кароль лічыў наймілейшым горадам для ўласнага часовага жыхарства і для пазнейшага вечнага спачынку. Так ён казаў у прыватнай размове езуіту Кампана.

2. Прыязджаў у Гродна не толькі каб паляваць

Не толькі паляванне вабіла Баторыя ў Гродна. Тут ён меў магчымасць жыць асобна ад жонкі, каралевы Ганны, якая была старэйшай за яго на 10 гадоў. Кароль баяўся, што жонка можа яго атруціць. Па чутках, майстэрству атручвання Ганну Ягелонку навучыла маці, Бона Сфорца.

Каб каралю было зручней жыць у Гродне, Стары замак перабудавалі. Ён стаў больш выгодным, але не страціў ўласцівасцяў магутнага абарончага збудавання.

3. Хацеў стаць манахам, але мусіў быць каралём

Баторый вельмі любіў і паважаў ордэн езуітаў. Сам у прыватных размовах неаднаразова казаў: «Калі б я не быў каралём, то быў бы езуітам». У 1584 годзе кароль запрасіў у Гродна правінцыяла ордэна Кампана і цягам трох дзён вёў з ім перамовы аб адкрыцці ў Гродне езуіцкага калегіума. Кароль абавязаўся даць езуітам пляцы гродзенскай Фары — «самага вялікага і самага прыгожага касцёла ў Вялікім Княстве Літоўскім» і ў найбліжэйшы час збудаваць побач з драўляным новы мураваны касцёл.

4. Цела караля анатамаваў цырульнік

Канец лістапада 1586 года быў у ваколіцах Гродна марозным і ветранным. Баторый ні на дзень не спыняў паляванні, гартаваў сваё цела і рыхтаваўся да новых вайсковых паходаў. Пасля палявання 4 снежня кароль вярнуўся хворы. Лекар забараніў яму пакідаць дом, але 7 снежня кароль накіраваўся ў Фару Вітаўта на набажэнства. Наступныя некалькі дзён Баторый змагаўся з хваробай. Дактары спадзяваліся на выздараўленне. Але ўвечары 12 снежня манарх памёр.

Ніхто з лекараў Баторыя не ведаў, што стала сапраўднай прычынай смерці караля. Таму 14 снежня цела нябожчыка анатамавалі. Гэта было першае на тэрыторыі Еўропы анатамічнае ўскрыццё. Яго зрабіў цырульнік Ян Зігуліс.

5. Запавет Баторыя парушылі

Яшчэ ў 1584 годзе Баторый паабяцаў езуітам, што зробіць свой маўзалей у Фары Вітаўта. І завяшчаў пахаваць сабе там. Першапачаткова так і зрабілі. Праз паўтары гады, 29 красавіка 1588 года, насуперак запавету, караля ўрачыста перапахавалі. Цела Баторыя памясцілі на пахавальныя дрогі і завезлі ў Кракаў. Там, у cутарэннях Вавельскага сабору, Стэфан Баторый знайшоў апошні спачын.

Чытайце таксама: Толькі выпіваў і памёр? Што насамрэч зрабіў Стэфан Баторый для Гродна


У сваёй працы Hrodna.life арыентуецца перадусім на супольнасць чытачоў. У цяжкую хвіліну мы спадзяемся на іх падтрымку.

Каб утрымаць штат журналістаў і офіс, мы просім вас пералічыць нам невялікую суму грошай. Але рабіце гэта толькі, калі вы ў бяспецы, напрыклад, за мяжой. І ні ў якім разе не з беларускай банкаўскай карткі!

З вашай дапамогай мы працягнем працаваць і расказваць тое, пра што маўчаць іншыя.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024