Спадчына

А — Ажэшка. 5 фактаў з жыцця пісьменніцы з-над Нёмана пачынаюць «Гарадзенскую азбуку»

Яна пачала пісаць, натхніўшыся паўстаннем Каліноўскага, і стала першай нашай пісьменніцай, намінаванай на Нобеля. Пасля найвялікшага пажару яна ўзначальвала збор сродкаў на адбудову Гродна. На яе пахаванне прыйшоў увесь горад. Усё гэта — пра гродзенку Элізу Ажэшку. Яе імем Hrodna.life пачынае новы спецпраект.

«Гарадзенская азбука» ад Hrodna.life — гэта 32 артыкулы пра цікавосткі Гродна. Кожнаму з іх адпавядае адна з літар алфавіту. А — Ажэшка, Б — Баторый, В — Вітаўт і так далей. У кожным артыкуле азбукі вы знойдзеце па пяць цікавых фактаў аб адметных гродзенскіх асобах, месцах ці з’явах.

Эліза Ажэшка нарадзілася ў вёсцы Мількаўшчына, у сям'і памешчыка і адваката Бенедыкта Паўлоўскага. У 17 гадоў выйшла замуж і з’ехала на Палессе. Калі пасля паразы паўстання 1863 года мужа саслалі ў Сібір, яна пасялілася ў Гродне і праславіла наш горад.

1. Намінавалася на Нобеля за сто гадоў да Алексіевіч

Свае першыя творы Ажэшка пачала пісаць пасля паўстання 1863−1864 гадоў. На той час яна жыла ў Мількаўшчыне, дзе адкрыла школу для вясковых дзяцей. Першы твор Ажэшкі, апавяданне «Малюнак з галодных гадоў», надрукавалі ў 1866 годзе ў адным з варшаўскіх часопісаў.

У 1905 годзе Ажэшка вылучалася на Нобелеўскую прэмію па літаратуры. У той жа год намінаваўся і Леў Талстой, але тым разам Нобеля атрымаў Генрых Сянкевіч. Другі раз Элізу Ажэшку намінавалі на прэмію ў 1909 годзе. Але пераможцай тады стала Сэльма Лагерлёф.

Наступнай беларускай, намінаванай на прэмію, стала Святлана Алексіевіч. У 2015 годзе яна атрымала Нобеля і стала першай лаўрэаткай у галіне літаратуры з Беларусі.

Беларускія намінанткі на Нобелеўскую прэмію Эліза Ажэшка і Святлана Алексіевіч

2. Распачала і ўзначаліла краўдфандынг для пагарэльцаў

Самы вялікі пажар за ўсю гісторыю Гродна пачаўся 10 чэрвеня 1886 года і доўжыўся тры дні. Шматлікія сем'і засталіся без дамоў - згарэла тры чвэрці горада. Ажэшка пісала пра тыя падзеі:

«Раз'юшанае полымя пераўтварае ў попел жыллё, а чалавечыя сэрцы ў руіны. Паветра напоўнена горкім дымам, адчайным набатам званоў, жудаснымі стогнамі і крыкамі. На вялікім Сенным рынку звалены горы хатніх рэчаў і вузлоў. Мітусяцца ашалелыя натоўпы смяротна перапужаных і плачучых людзей. Але вогнішча яшчэ не бачна. Тут размаўляюць пра яго, як аб жывой істоце. Прыйдзе ён сюды, альбо не? Куды з гэтымі напалаову знішчанымі набыткамі бегчы тады? Можа, затрымаць яго? У імгненне разрываючы крык заглушыў усе званы і гукі вайсковых труб: Прыйшоў! Вось яго ўжо бачым! Над нізкімі дахамі Сеннага рынка ўспыхнула яскравая свяча, вецер раскалыхвае яго ў розныя бакі, яна, набухаючы, расце, выкідвае вялізарныя клубы дыма. Прагучаў выбух, падобны на выстрал з гарматы, затым яшчэ некалькі, і ўсё патанула ў полыме …»

Пасля пажару пісьменніца ўзначаліла гарадскі камітэт па сборы сродкаў на дапамогу пагарэльцам і сама актыўна дапамагала пацярпелым.

3. Уратавала Траўгута, назваўшы братам

У 1863 годзе на тэрыторыі Беларусі ўспыхнула паўстанне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Ажэшка была адной з актывістак гэтага паўстання і актыўна падтрымлівала паўстанцаў. У траўні - чэрвені 1863 года яна хавала ў сябе аднаго з кіраўнікоў паўстання Рамуальда Траўгута. Пасля Ажэшка таемна пераправіла яго за мяжу пад выглядам свайго хворага брата. У той час арыштавалі мужа Элізы, Пятра Ажэшку. У сакавіку 1865 года яго выслалі ў Сібір. Фармальна — за тое, што не данёс уладам аб праходжанні паўстанскага атрада праз свой маёнтак.

Рамуальд Траўгут

4. Апісала каля 300 мясцовых раслінаў

Аліза Ажэшка цікавілася мясцовымі раслінамі і зёлкамі. У яе калекцыі больш за 228 гербарыяў. Сёння яе гербарыі можна ўбачыць у аптэцы-музеі ў Гродне каля Фарнага касцёла. Расліны захаліся так добра, што ніводзін пялёстак не апаў.

Падчас падарожжаў па Гродзеншчыне пісьменніца распытвала знахарак і знахараў пра зёлкі, іх карысныя вартасці і варыянты прымянення, запісвала народныя назвы раслін. Пазней гэтыя нататкі сабраліся ў кнігу «Ludzie i kwiaty nad Niemnem» («Людзі і кветкі над Нёманам»).

5. Пахаванне Ажэшкі і прыгоды помніка пісьменніцы

Ажэшка памерла 18 траўня 1910 года. На развітанне з пісьменніцай прыйшоў амаль што ўвесь горад. Па некаторых дадзеных на пахаванні была каля 15 000 чалавек. Каб падтрымаць парадак, на вуліцы адправілі 88 паліцэйскіх і конную варту. Але яны не спатрэбіліся. Парадак падчас пахавальнай працэсіі падтрымлівалі самі гродзенцы. Элізу Ажэшку пахавалі на «старых» гродзенскіх могілках.

У горадзе першы помнік Ажэшцы ўсталявалі ў парку, ля тэатра, у 1929 годзе. Яго прыбралі падчас вайны па загадзе акупацыйных уладаў. Паводле адной з гарадскіх легендаў прыхільнікі пісьменніцы схавалі помнік на каталіцкіх могілках. У 1949 помнік вярнулі ў гарадскую прастору. Зараз ён стаіць на скрыжыванні вуліц Ажэшкі і Тэлеграфнай.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024