Вежавы гадзіннік на гродзенскай кірсе пачнуць аднаўляць. Ужо цяпер прадстаўнікі лютэранскай абшчыны вядуць перамовы з польскімі майстрамі і чакаюць іх у бліжэйшы час у Гродне, каб ацаніць аб’ём работ. Спонсарам рамонту гадзінніка выступіць лютэранін, які жыве ў Нямеччыне.
Захаванасць — 85%
Механізм вежавага гадзінніка на кірсе захаваўся да нашых дзён у добрым стане. Паводле папярэдніх ацэнак яго захаванасць складае 85%. Узрост гадзінніка — 105 гадоў, яго ўсталявалі на вежы ў 1913 годзе. Механізм спыніўся прыблізна ў 1944 годзе.
«Сёлета вялікі юбілей для нашай абшчыны — 25 гадоў як мы адрадзіліся пасля працяглага перапынку і 240 гадоў як упершыню была зарэгістраваная лютэранская абшчына ў Гродне, — распавядае пастар Уладзімір Татарнікаў. — Святкаванні пройдуць 27 мая».
Аднаўленне механізму ў вежы будзе выдатным падарункам да юбілеяў.
Фірма, якая ўсталёўвала гадзіннік, яшчэ існуе
Ужо каля месяца вядуцца перамовы з польскай фірмай, якая будзе аднаўляць гадзіннік. Абшчыне таксама ўдалося выйсці і на нямецкую фірму, якая яго ўсталёўвала ў пачатку XX стагоддзя.
«Так, гэтая фірма яшчэ існуе. Для нашага музея яна перадасць старыя дакументы па гадзінніку. Магчыма, у якасці спонсарскай дапамогі яны ўсталююць нам частку страчаных элементаў», — дадаў пастар.
Дапамог былы прыхаджанін
Некалькі гадоў гродзенская абшчына шукала спонсара для рамонту гадзінніка. Абяцала дапамагчы пасольства Германіі, але ў выніку знайшоўся мецэнат з ліку былых прыхаджан. Званару кірхі Юрыю Лабоцкаму пазваніў сябар з Германіі, які прапанаваў заняцца гадзіннікам.
«Ідэя аднавіць гадзіннік з’явілася дзякуючы аднаму былому прыхаджаніну, — распавядае Юрый Лабоцкі. — Абшчына даўно хацела аднавіць яго, але не было сродкаў. Пасля званка Віталя мы знайшлі фірму, якая займаецца рамонтам, і нават самаго вытворцу. Большая частка механізму захавалася добра, не хапае трасоў і барабанаў. Адзін польскі майстар па фатаграфіях ацаніў стан механізму і чакае моманту, каб прыехаць у Гродна».
Гадзіннік будзе даглядаць патомны званар
Ёсць верагоднасць, што механізм гадзінніка запусцяць ужо ў 2018 годзе і даглядаць яго будзе акурат званар Юрый Лабоцкі. У абшчыне кажуць, што гадзіннікам на кірсе да Другой сусветнай вайны займаўся менавіта дзед Юрыя — Райнгольд Шэфлер.
«Мой дзед быў званаром і, мне таксама здаецца, што ён адказваў за гадзіннік на вежы да вайны, бо звон і механізм былі звязаныя паміж сабой. Устаноўлены ў кірсе гадзіннік быў дадстаткова сучасны і сур’ёзных навыкаў, каб яго падводзіць або абслужыць, не трэба было мець.
Сёння я, як і мой дзед, пастаянна праводжу час на вежы. Хачу верыць, што ў найбліжэйшай будучыні гродзенцы будуць спраўджваць свае гадзіннікі па нашай кірсе, як гэта было і 100 гадоў таму".