Фотаздымкі Гродна з чэрвеня 1941 года з альбома нямецкага афіцэра купіў на аўкцыёне гродзенскі журналіст Руслан Кулевіч. Hrodna.life паглядзеў здымкі і спытаў у Руслана, што ў іх адметнага, як ён іх набываў і як наогул выглядае калекцыянаванне старых фотаздымкаў Гродна ў эміграцыі.

На фота прэтэндавалі чатыры чалавекі

“Гэта фотаздымкі з альбома нейкага вайскоўца, хутчэй за ўсё, медыка. Яны патрапілі да аднаго калекцыянера ў Германіі і той выставіў іх на аўкцыён, — расказаў Руслан Кулевіч. — Ён па частках выкладаў фота на продаж, потым я на яго выйшаў, дамовіўся і ўсё, 26 фотаздымкаў, выкупіў”.

Агулам у альбоме было каля 100 фотаздымкаў, але не ўсе былі зробленыя ў Гродне.

Фота праз анлайн-аўкцыён хацелі набыць чатыры чалавекі. На адным са здымкаў – звычайная панарама правабярэжнай часткі Гродна.

“Мы бачым усе асноўныя храмы горада. І Бернардынскі, і Фарны касцёл, і Фара Вітаўта, і разбураны манастыр, дзе зараз Драматычны тэатр. Класны фотаздымак. Такіх шмат, але гэты з альбома”.

“Разбураная Еўропа” і вуліца Падгорная

На другім фота – разбураны гатэль “Еўропа” на вуліцы Дамініканскай (сучасная – Савецкая). Сёння на месцы гэтага будынка размяшчаецца гродзенскі ўнівермаг.

“Я раней бачыў копію гэтага фотаздымка, але зараз ён у маёй калекцыі”, — падзяліўся Кулевіч. 

“Гэта вуліца Маставая, а там унізе – Падольная. Бачым чыгуначны мост, а таксама вежу Бернардынскага касцёла”. На скрыжаванні Маставой, Падольнай і Падгорнай стаіць артылерыйская зброя.

“Гэта вуліца Падгорная – насупраць “Прыёрбанка” на Маставой. Бачым касцёл, а таксама разбураную забудову горада”. 

Яшчэ адзін фотаздымак – з ваколіц сённяшняй Савецкай плошчы. Ён зроблены з неіснуючай сёння вуліцы прыкладна за сучасным гатэлем “Нёман” – з яе адкрываецца від на квартал на месцы цяперашняга сквера і будынак на Маставой, 31.

“Бачна вежы царквы, дзе зараз Гаўрыіла сядзіць [Жаночы манастыр Раства Багародзіцы, якім кіруе ігумення Гаўрыіла ГлухаваHrodna.life]. На фотаздымку можна ўбачыць, як нехта залез на электрычны слуп. Можа, электрык нешта спрабуе рабіць”, — сказаў Кулевіч.

Глядзіце таксама: Унікальныя здымкі Гродна, якія зрабіў нямецкі паліцэйскі 80 гадоў таму

На месцы Парка высокіх тэхналогій былі параненыя немцы

“Вось гэта класны фотаздымак – вуліца Грандзіцкая, сёння гэта вуліца Мітрапаліта Філарэта”, – паказвае Кулевіч чарговы здымак. На ім бачны нямецкі вайсковы шпіталь. “Сёння там будынкі Парка высокіх тэхналогій. Бачна, што фотаздымкі належалі нейкаму нямецкаму афіцэру, хутчэй за ўсё, медыку, і можна ўбачыць жыццё раненых нямецкіх вайскоўцаў”. 

Фотаздымак нямецкага шпіталя ў Гродне 1941 годзе. Фотаздымак з калекцыі Руслана Кулевіча
Фотаздымак нямецкага шпіталя ў Гродне 1941 годзе. Фотаздымак з калекцыі Руслана Кулевіча

На фота над вуліцай вісіць расцяжка з надпісам Krankensammelstelle – “Пункт збору хворых”.

Аб’яднаць гродзенцаў, каб выкупаць старыя рэчы

За 26 фотаздымкаў журналіст заплаціў € 170. Частку здымкаў з альбома ён упусціў – нейкі іншы калекцыянер перабіў цану. На іх можна было ўбачыць яўрэяў на вуліцы Віленскай у час вайны: “Чарга яўрэяў стаяла з белымі павязкамі, верагодна, па хлеб”.

“Я нават у Гродна напісаў аднаму калекцыянеру: “Не змагайся, бо мы ўсё роўна больш дамо [за фотаздымкі на аўкцыёне – Hrodna.life]”. А ён кажа, што не ён, а нехта іншы перабіў”.

“Мы размаўлялі з гродзенцамі, што мы маглі б аб’ядноўвацца і выкупаць нейкія старыя рэчы для Гродна. Бо ў будучыні гэтым можна папоўніць альбо фонды нейкага музея, альбо мы самі адкрыем свой музей”, — распавёў Кулевіч.

Ад фотаздымкаў кайфуе, але яшчэ шмат упускае

З-за пастаяннай працы ў Руслана няма часу вывучаць фотаздымкі. “Ты іх атрымоўваеш, кайфуеш і ўсё. Гэта першыя фотаздымкі, якія я набываю, і шмат упускаецца”, – расказвае ён пра пакупку здымкаў на аўкцыёнах.

За раней не бачаныя здымкі Кулевіч гатовы заплаціць нямала – і € 80 за адно фота. “Я гатовы знайсці спонсара. Гэта можа быць альбом з відамі Гродна. Гатовы і за € 500 набыць альбо знайсці такіх людзей, якія дапамогуць, — сказаў Кулевіч. — Альбо аб’явіць збор у Instagram, сказаць падпісчыкам: “Давайце набудзем, бо знікне””.

На яго думку, людзі гатовыя будуць заданаціць, “кагосьці дакладна знайду”. Летась журналісту прыносілі карты Лапіных і прапаноўвалі купіць іх за € 200. Але ён не гатовы быў іх набыць. “Іх завезлі ў Гродна і прадалі там”, — падзяліўся журналіст.

Глядзіце таксама ў “Калекцыі Кулевіча”: