«Фота № 1, Гродна, вул. Ажэшкі, д. 14». Здымкі з лагатыпам ёсць, напэўна, у многіх гараджан. Фатографам, а пазней загадчыкам гэтага атэлье 50 гадоў працаваў Канстанцін Іванавіч Кітурка. Да сусветнага Дня фатаграфіі ён распавёў Hrodna.life аб працы фатографа ў мінулым стагоддзі і падзяліўся здымкамі са свайго альбома.
«Першы фотаапарат ФЭД купіў сабе яшчэ перад арміяй. Здымаў на вуліцах, вучыўся сам. Як пайшоў служыць, то здымаў салдат, для вайсковых альбомаў. Так і навучыўся фатаграфаваць. А як вярнуўся ў Гродна, пайшоў прасіцца на працу ў „Ландыш“. Спачатку здымаў на дакументы. Потым пабачылі, што добра атрымліваецца, перавялі рабіць партрэты, а пазней і загадчыкам атэлье прызначылі», — распавёў Канстанцін Іванавіч.Зараз фатографу 88 гадоў. Пачаў працу ў «Ландышы» ён на пачатку 50-х мінулага стагоддзя. На пенсію сыўшоў у 70 гадоў, у 1999 годзе. Увесь свой працоўны век ён не змяняў месца працы.
«Здымалі мы ўсіх. І сем’ямі людзі прыходзілі, і паасобку. Рабілі фота „на памяць“, каб даслаць сваякам ці наклеіць у альбом. А як навучальны год сканчаўся, то рабілі выпускныя альбомы для школ і для інстытутаў. Рабілі партрэты, аздаблялі віньеткамі. Толькі ў медінстытуце ў выпуску было больш за 300 чалавек, а яшчэ педагагічны і сельгас — бывала, па 50 чалавек за дзень фатаграфавалі».Друкавалі фотаздымкі таксама ў атэлье. Быў «цёмны пакой», фоталабараторыя. Праяўку і апрацоўку фотаздымкаў фатографы рабілі самі. Былі ў атэлье і паслугі для насельніцтва. Можна было прынесці на праяўку адзнятыя плёнкі і замовіць з іх друк фотаздымкаў. Калі з’явілася каляровая фатаграфія, то рабіць такія здымкі стала больш прэстыжна. Хаця большай папулярнасцю усё роўна карысталіся чорна-белыя здымкі - яны былі таннейшымі.Калектыў фотаатэлье складаўся з 6 чалавек — разам з фатографамі працавалі яшчэ два рэтушоры і касірка.
Здымаў Канстанцін Іванавіч не толькі па службовым абавязку. Яго аматарскія фотаздымкі зафіксавалі штодзённае жыццё горада, святы, побыт сям'і.
Сваіх дзяцей таксама вадзіў здымаць у атэлье: «Там лепшыя здымкі рабілі, тэхніка лепшая і больш магчымасцяў». Дома таксама былі ўсе прыстасаванні - фотапавелічальнікі, чырвоны ліхтар, ванначкі для рэактываў. «Зараз такой тэхнікай ужо не карыстаюцца — стаіць без патрэбы».
Праца фатографа не абмяжоўвалася здымкай у атэлье. «Калі б зараз працаваў, то, напэўна, і Альшанку, і Паўднёвы, што зараз забудоўваюцца, здымаў бы. Бо на прадпрыемствы часта запрашалі паздымаць. А прафесары з медінстытута нават на аперацыі часам прасілі. Патрэбны былі ім такія здымкі».
Але самай незабыўнай стала для фатографа аэрафотаздымка для стварэння мапы Гродна і раёна. «Далі мне такое даручэнне. Лятаў на кукурузніку некалькі гадзін, каб усё зняць. Праляцім паласу ў адзін канец, лётчык разварочвае самалёт — і назад. Я ўжо казаў яму лявей ці правей узяць, наколькі фотаапарат захапіў тэрыторыю. Потым з гэтых здымкаў мастакі малявалі мапу».
За гэту працу Канстанцін Іванавіч атрымаў незвычайную падзяку — права набыць аўтамабіль без чаргі. «У той час трэба было запісвацца і доўга чакаць, каб машыну купіць. А тут выклікаў мяне старшыня аблвыканкама, вельмі яму здымка спадабалася. Стаў пытацца, чым аддзячыць. Я і сказаў, што ў чарзе на машыну даўно чакаю». «Як маеш грошы, можаш ісці афармляць» — сказаў той.
Як узгадаў Канстанцін Іванавіч, тагачасныя фотаатэлье ў Гродне можна было пералічыць па пальцах: «Быў „Ландыш“, на Горкага фатаграфія, у Доме быту і яшчэ — за Нёманам». Фатографаў многія гараджане ведалі асабіста. Да гэтай пары ў розных гарадах былога Саюза яго пазнаюць адзнятыя «фотамадэлі».
«Неяк паехалі з сям’ёй і Кіеў. Ідзём па вуліцы, я з фотаапаратам. Бачу, адна жанчына ўважліва прыглядаецца. Потым падышла, перапытала ці я не з Гродна. Кажа, вы наш выпуск фатаграфавалі. І ў Вільні так здаралася, у Рызе, у Маскве, у Адэсе. Людзі пазнаюць, «Прывет, Гродна!» — вітаюць.
Пра тое, што 19 жніўня адзначаецца Сусветны дзень фатаграфіі, Канстанцін Іванавіч нават не ведаў. У яго час адзначалі святы «савецкія» — 1 мая, 7 кастрычніка ці Новы год. А прафесію фатографаў на той час адносілі да галіны бытавога абслугоўвання насельніцтва.
Адзначаць Сусветны дзень фатаграфіі пачалі ад 2009 года. Ён быў заснаваны па ініцыятыве аўстралійскага фатографа Корске Ара.
Нагодай для выбара даты стала тое, што 19 жніўня 1839 года упершыню быў прадстаўлены шырокай публіцы метад атрымання замацаванай выявы — дагератыпу. Гэта вынаходніцтва належыць Луі Жаку Мандэ Дагеру. Патэнт на выраб дагератыпаў выкупіў урад Францыі і абвясціў яго «падарункам свету». Каляровыя фотавыявы ўпершыню змог атрымаць Джэймс Максвэл у 1861 годзе. Вынаходніцтва лічбавага фота належыць кампаніі «Sony». Першыя лічбавыя камеры і здымкі з’явіліся ў 1981 годзе.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…