Пачаць сваю справу і змяніць свет: у Гродне прайшоў форум жаночага бізнесу

Больш за 70 прадстаўнічак бізнесу сабраў 12 кастрычніка ў Гродне бізнес-форум “Жанчыны, што змяняюць свет”. На ім прадставілі праграмы падтрымкі для жанчын і досвед паспяховых жаночых праектаў у бізнесе.

форум жаночага бізнесу / жаночы бізнес

Калі страшна – гэта добра. Чаму варта сустракацца з калегамі

Зараз тыповы беларускі прадпрымальнік – мужчына. Іх большасць у малым і сярэднім бізнесе краіны. А вось сярод тых, хто збіраецца адкрыць свой бізнес, ужо пераважаюць жанчыны. Іх сярод ахвотных 63%. Каб падтрымаць іх бізнес на старце, банкі і вялікія кампаніі прапануюць фінансавую падтрымку, а трэнеры і коўчы – навучанне.

“Страхі на пачатку ўласнай справы маюць усе, – казала псіхолаг і коўч Алена Лугаўцова. – Проста ў нашай культуры мужчын вучаць не паказваць страхі, не абмяркоўваць іх публічна. А сярод жанчын больш прынята абмяркоўваць складанасці. Таму большасць гісторый пра страхі – менавіта жаночыя”.

Пачаць сваю справу і змяніць свет: у Гродне прайшоў форум жаночага бізнесу
Алёна Лугаўцова распавяла пра страхі, якія ўзнікаюць на пачатку ўласнай справы, і як з імі змагацца

Паводле Алёны, магчымасць распавесці пра свае апасенні на пачатку бізнеса – моцны бок жанчын. “Калі ты гаворыш, то ёсць магчымасць быць пачутай і атрымаць падтрымку. Напэўна, знойдзецца чалавек, што скажа: “Ведаеш, у мяне было таксама. Я гэта прайшла і магу табе дапамагчы”.

“У такіх праектах людзі знаходзяць сябе”

Пра некалькі такіх магчымасцяў расказала намесніца генеральнага дырэктара кампаніі Cocа-Cola Марына Бароўка.

“Нашы праграмы падтрымкі жанчын найперш для тых, хто працуе ў галіне вытворчасці арганічных прадуктаў ці рамесніцтве. Як правіла, гэта жанчыны з рэгіёнаў, прадпрымальніцы з аграрнай сферы. Ёсць таксама праграма для падтрымкі маладых жанчын. Яе зараз пратэставалі ў Мінску і таксама будзем пераносіць на рэгіёны”.

Пачаць сваю справу і змяніць свет: у Гродне прайшоў форум жаночага бізнесу
Марына Бароўка пазнаёміла з праграмамі падтрымкі кампаніі Coca-Cola

Праграмы падтрымкі жаночага бізнесу ад кампаніі Cocа-Cola існуюць ужо каля 10 гадоў. “У такіх праектах людзі не губляюцца, а знаходзяць сябе, – кажа Марына Бароўка. – Зараз многія з тых, што раней атрымалі дапамогу ці праходзілі навучанне ў нашых праектах, хочуць і самі дапамагаюць грамадству. За час працы склалася надзейная суполка жаночага бізнесу. Можа, яна пакуль не вельмі вялікая, але вельмі эфектыўная”.

форум жаночага бізнесу / жаночы бізнес
Удзельніцы форуму на пасяджэнні

Як выйсці з зоны камфорту і зрабіць крок наперад

На пачатку бізнеса кожны апасаецца паразы. Бо пайсці ў бізнес – гэта адмовіцца ад сталай працы з хоць невялікай, але стабільнай зарплатай і упэўненасцю ў заўтрашнім дні. “Тыя, хто вырашаюць ісці ў бізнес, не проста выходзяць з зоны камфорту, – зазначае Алена Лугаўцова. – Яны ідуць у невядомасць. А страх невядомасці заўжды ідзе поруч са страхам паразы. Там мноства “а што, калі?” і гэтыя сумневы маюць уласціваць памнажацца. Калі на пачатку бізнесу жанчына застаецца адна, ці ў атачэнні, якое не дае падтрымкі, яна, хутчэй за ўсё, не зробіць ніводнага кроку наперад. Таму для развіцця жаночага бізнесу вельмі важна стварыць супольнасць, праводзіць такія сустрэчы. На іх жанчыны могуць убачыць – мой страх не ўнікальны, так бывае з кожнай і ёсць жанчыны, што змаглі яго пераадолець”.

Пачаць сваю справу і змяніць свет: у Гродне прайшоў форум жаночага бізнесу
Наталля Пракапук, спікерка форуму, распавядае пра сваю аграсядзібу “Валерыя”, дзе яна распачала сваю справу

Паводле Алёны, першы крок у пераадоленні страхаў – рацыяналізацыя.

“Нашы страхі іррацыянальныя. Іх трэба рацыяналізаваць. Папросту – прапісаць на паперы усе магчымыя варыянты разіцця падзей. “Што я страчу, калі пачну” і “што я страчу, калі не пачну”, што я атрымаю ці не атрымаю, калі нічога не буду змяняць. “Самае важнае, вызначыць кошт дзеяння і бяздзеяння. Тады можна больш ясна ацаніць увесь расклад”.

Пра падтрымку ад Белаграпрамбанка расказала кіраўнічка карпаратыўнага дэпартамента банка Святлана Кончыц. “Зараз мы надаём вялікую ўвагу падтрымцы малога і сярэдняга бізнесу. І маю адзначыць, што прадпрымальніцтва з жаночым тварам выглядае вельмі канкурэнтаздольным. Жанчыны пачынаюць бізнес прадумана, узважана і без завышаных рызыкаў. Гэта бізнес, які зразумелы для інвестыцый і перспектыўны для падтрымкі”.


“Клуб моцных жанчын?”. У Гродне прайшоў круглы стол пра гендарныя стэрэатыпы і выклікі

Святлана Кончыц з "Белаграпрамбанк" расказала аб "жаночым твары" бізнесу і магчымасцях падтрымкі на старце бізнесу
Святлана Кончыц з “Белаграпрамбанк” расказала аб “жаночым твары” бізнесу і магчымасцях падтрымкі на старце бізнесу

Па статыстыцы, зараз сярод прадпрымальнікаў Беларусі большасць складаюць мужчыны. Іх больш у 2,5 разы. Тыповы беларускі прадпрымальнік мае 41 год і зарабляе 5,6 тысяч у месяц. Сфера яго занятасці – гандаль, нерухомасць, аўтамабілі і транспартныя паслугі. Тыповая жанчына-прадпрымальніца мае 44 гады, заразбляе 4,9 тысяч штомесяц і займаецца гандлем, нерухомасцю ці бухгалтарскімі паслугамі. Але супрацоўнікі банка заўважаюць, што цікавасць жанчын да бізнесу зараз расце.

“Зараз жанчын у бізнесе менш, таму гэта перспектыўная ніша. Як правіла, раней жанчыны працавалі на вялікіх прадпрыемствах, каторыя зараз скарачаюцца. Актыўнасць сыходзіць у сферу малога бізнесу, а тут жанчынам ёсць у чым сябе паказаць”.

Зараз назіраецца змяншенне цікавасці да гандлю, як асноўнага віду бізнеса, і ў банку прагназуюць росквіт “крэатыўнага прадпрымальніцтва”.

“Жанчыны дакладна разумеюць, што могуць прапанаваць рынку нешта сваё, ствараюць унікальныя прадукты і бізнес-мадэлі. Напэўна, за такімі жанчынамі – будучыня”, – мяркуе Святлана Кончыц.

Аксана Якуцэвіч, пераможца конкурса прыгажосці сярод жанчын на вазку
Аксана Якуцэвіч, пераможца конкурса прыгажосці сярод жанчын на вазку. Форум натхніў яе задумацца пра ўласную справу – арганізацыю інклюзіўных конкурсаў прыгажосці ў Беларусі

Для Гродзенскай установы фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў адна з перспектыўных задач – падтрымка і развіццё ініцыятывы, дапамога ў прасоўванні праектаў, – казала кіраўнічка стартап-школы ў Гродне Таццяна Камендант. – Мы ўвесь час самі праводзім майстар-класы і сустрэчы з экспертамі, бізнес-анёламі, інвестарамі і прадпрымальнікамі. Удзел у жаночым бізнес-форумме стаў для мяне асабіста яшчэ адной магчымасцю сустрэцца з цікавымі і амбітнымі асобамі. Такія сустрэчы дапамагаюць у рэалізацыі сябе”.

Пачаць сваю справу і змяніць свет: у Гродне прайшоў форум жаночага бізнесу
Таццяна Чысцякова, арганізатарка форума, заснавальніца праекта “Акадэмія жаночага бізнесу”

Арганізатарка форума “Жанчыны, што змяняюць свет”, Таццяна Чысцякова, зазначае, што форум атрымаўся карысным і цікавым. Галоўная каштоўнасць сустрэчы, што ўдалося сабраць шмат зацікаўленых у развіцці бізнеса жанчын і шмат экспертаў, чыя падтрымка будзе патрэбна начынаючым прадпрымальніцам. У планах Таццяны Чысцяковай стварыць у Гродне “Акадэмію жаночага бізнесу”.

“Форум паказаў, што такая установа патрэбна, што жанчынам цікава гэтая сфера дзейнасці. Тыя, што сёння расказвалі пра свой досвед, пра свае поспехі і паразы, змогуць стаць экспертамі і кансультантамі для жанчын, што хочуць стартаваць у бізнесе зараз. Для жаночай акадэміі гэта будзе рэсурс дапамогі і падтрымкі”.


Таццяна Чысцякова: “Мяняць жыццё я пачала ўжо за 50”

Пачаць сваю справу і змяніць свет: у Гродне прайшоў форум жаночага бізнесу

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Звяртайцеся info@hrodna.life

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: