На фестывалі гістарычнай рэканструкцыі ў Музеі гісторыі рэлігіі 5 верасня гродзенцы даведаліся пра эксклюзіўныя знаходкі з Пышкоў, хаджэнні “за тры моры” і чаканенне мясцовай валюты. Смяльцы пазмагаліся на мячах, а інтэлектуалы пагулялі ў квіз. Журналісты Hrodna.life даведаліся, як гэта было.
Уявіць сябе рыцарам
Кожны, хто прыйшоў на фестываль, мог прымерыць пальчаткі і шлемы эпохі сярэднявечча. Іх прадаставіў клуб гістарычнай рэканструкцыі «Кром». Таксама жадаючыя маглі патрымаць у руках зброю – меч ці моргенштэрн.
Каля стэнду са зброяй майстры прадставілі калекцыю знаходак з раскопак Гродна і наваколля 2020-21 гадоў. Гледачы маглі назіраць практычную археалогію і вывучыць некаторыя тэхналогіі каменнага стагоддзя. Напрыклад, як з косці і крэменю рабілі наканечнік для дзіды.
Заплаціць чаканнай манетай
Каваль Павел Каскенкаў паказаў, як ударам молата і прэсам чаканілі манеты ў XVI стагоддзі. Адчаканеная на фестывалі манета – сувенір. Такія ж плануюць прадаваць у музеі для турыстаў і гасцей.
Бой на мячах і дзідах
У паядынку ўдзельнічалі двое рэканструктараў, якія перыядычна змянялі экіпіроўку і зброю. Бой быў паказальным, але рыцары біліся так азартна, што ў адным з паядынкаў зламалі дзіду. Пазней гледачы таксама маглі выпрабаваць сябе ў баі з рэканструктарамі ці адзін з адным. Праўда, на мяккіх дубінках і шчытах.
Танцы, гульні і стральба з арбалета
Удзельнікі фестывалю змаглі павучыцца і станцаваць сярэднявечны танец бранль або згуляць у імправізаваны ручаёк. Іншыя замест танцаў пайшлі ў музей праходзіць квэст-гульню “У пошуках музейных скарбаў”.

Самыя смелыя выбралі магчымасць пастраляць з арбалета па мішэнях і праверыць сваю трапнасць. Для бяспекі замест стрэл выкарыстоўваліся коркі. Хтосьці мог паспрабаваць сабраць карціну Гаўрыіла Вашчанкі “Грунвальдская бітва” з драўляных пазлаў або праверыць памяць у гульні “Memory”.
Для прасунутых гульцоў прадставілі кампутарныя гульні пра сярэднявечча, распрацаваныя ў музеі.
Лекцыя з раскопкамі: эксклюзіў ад Алеся Гаршкова
Археолаг Алесь Гаршкоў распавёў пра тое, якім быў палеаліт – найбольш працяглы этап каменнага стагоддзя. Раскопкі дапамаглі яму высветліць, чым адрознівалася паляванне ў неандэртальцаў і краманьёнцаў і як палявалі на маманта, выкарыстоўваючы наканечнік з біўня самога маманта.

Слухачы фестывалю першымі даведаліся, што на раскопках у Пышках знайшлі выкладзены колам ачаг з камянёў, якому як мінімум 10 000 гадоў. Там жа знайшлі шмат крэменю і “працоўнае месца” старажытнага майстра. Аказалася, што гэтыя месцы былі спецыялізаванымі – на адным здзяйснялася толькі першасная апрацоўка, на іншым – далейшая. Хутчэй за ўсё, знойдзенае месца – гэта стаянка-майстэрня, куды людзі прыходзілі здабываць і апрацоўваць крэмень і потым выносілі вырабы з сабой.
Таксама ўпершыню ў Беларусі пад Гродна знайшлі два выпроствальнікі (прасы). Гэта спецыяльна апрацаваныя камяні з выемкай, якія награвалі і выкарыстоўвалі для шліфавання. Усяго Еўропе знойдзена каля 5 такіх артэфактаў.
Выпрабаванні на караблях
Археолаг з Мінска, кандыдат гістарычных навук Сяргей Тарасаў распавёў пра гістарычнае мадэліраванне і рэканструкцыю працэсаў. Прыкладам рэканструкцыі гісторык абраў праходжання водных шляхоў на караблях, якія адпавядаюць пэўнай эпосе. Адна з яго экспедыцый прайшла па водным шляху “з варагаў у грэкі” – праз усю Еўропу па Нёмане, Дзвіне і іншых рэках.
“Кожны дзень на працягу 9-10 гадзін – гадзіну грабеш, гадзіну адпачываеш. І так мінімум цэлы месяц на працягу плавання”, – распавёў Тарасаў.

У іншым паходзе рэканструктары паўтарылі “Шаўковы шлях” – перажылі шторм з шасціметровымі хвалямі, парваныя ветразі і страчаны якар. І санстанцыю на беразе – з патрабаваннем абсталяваць туалет на караблі з дзясятага стагоддзя.
На канец – музейны квіз
Закрываў фестываль музейны квіз. Удзельнічалі ў ім больш за 10 каманд. Перамагла каманда “Сведкі Горнага”.
Музейны фестываль правялі ў рамках праекта ENI-LLB-1-244 “Прасоўванне гістарычнай і культурнай спадчыны на мяжы з дапамогай ўкаранення інавацый у музеях” Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва Латвія-Літва-Беларусь Еўрапейскага інструмента суседства на 2014-2020 гады.


















