Неабыякавыя падпісчыкі Instagram гродзенскага фельчара «хуткай» Фёдара Сумкіна (Астаповіча) пачалі печ пернікі для яго і яго калег, каб падтрымаць іх у нялёгкі час барацьбы з каранавірусам. Медык ужо некалькі гадоў актыўна распавядае пра сваю працу, дапамогу людзям і асабістае жыццё. Падчас эпідэміі каранавіруса падпісчыкі падтрымліваюць яго яшчэ больш актыўна.

«Сёння ў нашым горадзе, як і ва ўсім свеце, сітуацыя сур’ёзная. Ніхто не быў гатовы з гэтым сутыкнуцца, нават перадавыя бальніцы. Гэта не проста сезонная прастуда, гэта нешта новае для ўсіх. Каранавірус ударыў магутна, але мы не зламаліся. Змагаемся», — кажа медык.

Гродна і каранавірус

З пачатку пандэміі фельчар перавозіць у бальніцы Гродна людзей з падазрэннем на каранавірус. Да хваробы ён ставіцца сур’ёзна і не пагарджае ахоўнымі мерамі.

Фёдар кажа, што за Гродна ён сёння рады і ганарыцца, што яго калегі робяць усё магчымае, каб аператыўна дапамагаць людзям у барацьбе з каранавірусам. Хоць спачатку было ўсім вельмі цяжка — многія не ўсведамлялі сур’ёзнасць сітуацыі.

«Так, з кожным днём усё больш людзей з пацверджаным дыягназам. Хварэюць і медыкі. Нашы людзі спачатку не вельмі надалі значэнне гэтаму вірусу. Не хацелі насіць маскі і працягвалі хадзіць у людныя месцы. Яшчэ месяцы два таму мы глядзелі, што адбывалася ў Італіі і думалі, што да нас гэта не дойдзе, а потым прыходзяць весткі з Польшчы, тады пачынаеш задумвацца. І вось і ў нас гэты вірус бушуе».

Гараджане падтрымліваюць фельчара. Фёдар кажа, бяда згуртавала людзей. Адна з яго падпішчыц напекла пернікаў і прывезла. Іншыя дзякуюць за працу: пішуць словы падтрымкі, а кавярынькі запрашаюць на перакус.

З манастыра ў «хуткую»

Фёдар працуе ў хуткай дапамозе амаль 8 гадоў. Да гэтага ён вучыўся на кухара, два гады быў у манастыры. Сёння Сумкін — адзін з самых нефармальных медыкаў у горадзе. У яго ёсць татуіроўка ў выглядзе машыны хуткай дапамогі на руцэ: настолькі ён любіць сваю працу.

«Я з дзяцінства хацеў дапамагаць людзям і толькі пасля манастыра зразумеў, што хачу гэта рабіць не духоўна, а фізічна, — распавядае Фёдар. — Паступіў у медыцынскі каледж і адначасова з вучобай пайшоў санітарам у хуткую дапамогу. Набраўся практыкі, так і застаўся там. Пачынаў як санітар і вось ужо больш за пяць гадоў працую фельчарам — 3 гады ў час вучобы і 5 гадоў асноўнай працы».

Першы час Фёдар працаваў у профільнай траўматалагічнай брыгадзе,
так званай — «моцнай», дзе патрабуюцца мужчыны. Зараз ён ездзіць на ўсе выезды — аказвае дапамогу на шпітальным этапе, як фельчар.

«Хуткая дапамога заўсёды на перадавой, што б не здарылася ў свеце. З мінімальным наборам інструментаў і сваімі ведамі ты павінен дапамагчы чалавеку, у якога праблемы са здароўем. Ты прыязджаеш, ацэньваеш сітуацыю і дапамагаеш».

Некалькі месяцаў таму Фёдар быў з дрэдамі, а яшчэ ў яго тунелі ў вушах і шмат татуіровак. Першы час начальства абуралася такому вонкаваму выгляду.

«Казалі пагаліцца і схаваць татуіроўкі, баяліся, што будуць скаргі. Але я не парушаў ніякіх санітарных правілаў, мой знешні выгляд заўсёды адпавядае стандартам: чысценькая форма, кароткія пазногці, валасы калі былі доўгія, то заўсёды сабраныя. Цяпер у мяне кароткая стрыжка і барада. Ніхто ніколі не скардзіцца на гэта, галоўнае ў маёй працы — своечасова дапамагчы чалавеку. Я нават татуіроўку хуткай дапамогі зрабіў на руцэ».

«Самае дзіўнае, што людзі старэйшага ўзросту на выкліках звяртаюць увагу на мяне і хваляць. Адна бабуля доўга разглядала і потым як сказала: „Божа, сынок! Які ты прыгожы і модны. Такая сучасная моладзь і павінна быць“».

Фельчар у Instagram

Профіль у Instagram у Фёдара не толькі забаўляльны, але і павучальны. Першы час актыўнасць фельчара ў інтэрнэце не падабалася яго начальству.

«Я распавядаю пра сваё жыццё, пра ўсё, што адбываецца са мной нават падчас барацьбы з каранавирусам. Вядома, першы час мая актыўнасць не падабалася начальству. Але на фотаздымках і відэа не было пацыентаў, мундзір медыка я не ганьбіў, таямніцу не раскрываю і не пішу, што напрыклад, „Лёша Пятроў з БЛК, 5 плюсануў, будзьце асцярожныя“. Не, гэта будзе парушэнне этыкі. Але, як правіла, я распавядаю пра смешныя выпадкі з жыцця і працы. Гэта і падабаецца падпісчыкам».

Фёдар стараецца данесці да свайго начальства, што Instagram — гэта ні што іншае, як папулярызацыя прафесіі фельчара. Па статыстыцы яго чытаюць падпісчыкі 24−40 гадоў. І гэта людзі розных прафесій, сярод іх ёсць і медыкі.

«Вось маладыя хлопцы перад выбарам прафесіі паглядзяць мае сторыс у Instagram або прачытаюць які-небудзь пост, і падумаюць, ці трэба ім ісці працаваць у хуткую дапамогу. Весці Instagram і распавядаць людзям пра сябе гэта цікава. Гэта заўсёды знаходзіць водгук. Усё, што адбываецца на маёй старонцы, гэта ўсё для задавальнення. Ніякіх плюшек і грошай я з гэтага не атрымліваю».

Паводле афіцыйных звестак Міністэрства аховы здароўя, па стане на 18 лістапада ў Беларусі пацверджана 118 008 выпадкаў каранавіруса (1309 за апошнія суткі), ачунялі і выпісаны 98 318 пацыентаў, памёрлі 1067 чалавек (7 за апошнія суткі).

Хроніка каранавіруса ў Гродне


Рэпарцёр, фатограф, краязнаўца. Самы хуткі журналіст Гродна на ровары. Руслана і яго ровар ведаюць многія гараджане: ад чыноўнікаў да бамжоў. Падчас службы ў войску быў разведчыкам, а цяпер даказвае, што выведнік былым не бывае. Працуе ў Hrodna.life з 2013 года, калі сайт яшчэ працаваў пад брэндам «Твой стыль». У канцы 2018 выдаў кнігу «Горад адзін, успаміны розныя», дзе сабраў успаміны гродзенцаў пра 1930−40-я гады.