«Была поўная свабода. Хто хацеў, той мог выносіць усё што заўгодна з яўрэйскіх крамаў», — так апісвае падзеі 85-гадовай даўніны 93-гадовы Стэфан Хоцей. Вечарам 7 чэрвеня 1935 года ў Гродне пачаліся беспарадкі, пераўтвораныя ў трохдзённы яўрэйскі пагром. У марадзёрстве ўдзельнічалі нават дзеці, а паліцыянты нічога не рабілі, каб спыніць беспарадкі і забойствы. Вынікам вар’яцтва натоўпу сталі выбітыя вокны больш за сотні дамоў і амаль сотні магазінаў, два загінулых, дзясяткі параненых. Рэдакцыя Hrodna.life запісала гісторыю разгрому горада.
Прычынай трохдзённага пагрому стала забойства Уладзіслава Кушча вядомага ў міжваенным Гродне пад мянушкай «марак». Ён служыў на флоце ў Гдыні. Вечарам 4 чэрвеня Кушч пайшоў на папулярныя танцы ў залу Рэйзнера па вуліцы Брыгіцкай, 10 (суч. Карла Маркса). Там ён пабіўся і атрымаў нажавое раненне. Па шляху ў бальніцу ён памёр.
Забойства адбылося напярэдадні яўрэйскага свята Шавуот.
З-за чаго забілі «марака»?
На наступны дзень пасля забойства ў газеце «Codzienny Kurjer Grodzieński» («Штодзённы Курьер Гродзенскі») з’явілася нататка з паведамленнем пра злачынства ў ноч з 4 на 5 чэрвеня:
«Мінулай ноччу ў 1 гадзіну на вуліцы Брыгіцкай разыгралася крывавая авантура. 22-гадовы Уладзіслаў Кушч і два невядомых чалавекі іўдзейскага веравызнання пачалі паміж сабой сварку на глебе асабістых адносін. У пэўны момант адзін з іх ударыў Кушча нажом у плячо, пасля чаго абодва ўцяклі. Кушча ў вельмі цяжкім стане даставілі ў бальніцу, дзе той праз некалькі гадзін памёр. Пошук меркаваных злачынцаў вядзе паліцыя».
Гісторык Андрэй Вашкевіч расказвае, што інфармацыя пра бойкі з выкарыстаннем нажоў, у якіх удзельнічала па некалькі чалавек, у міжваенным Гродне трапляла ў прэсу рэгулярна. Напрыклад, у дзень забойства Уладзіслава Кушча на Леванабярэжнай вуліцы адбылася падобная сітуацыя. Праўда, пацярпелым апынуўся яўрэй, якому пашчасціла выжыць.
Пахаванне ператварылася ў пагром
Пахаванне Уладзіслава Кушча было прызначана на 7 чэрвеня, 17:00. Яшчэ да таго, як працэсія рушыла на могілкі, на вуліцы сабраліся каля тысячы чалавек. Было шмат маракоў, былых таварышаў па службе Кушча. Жалобная працэсія рушыла ад яго дома на Брыгіцкай у бок Фарных могілак. Падчас шэсця яна павялічылася ў два разы.
Суправаджалі працэсію ўсяго 13 паліцэйскіх. Ніхто з іх не здагадваўся, што пасля пахавання пачнуцца беспарадкі.
На могілках на пахаванні Кушча было забаронена выступаць з прамовамі з-за напружанай сітуацыі паміж яўрэямі і хрысціянамі ў Гродне. Адзін з прысутных Станіслаў Казлоўскі паспрабаваў выступіць з прамовай, але яго словы заглушылі малітвай. Пасля пахавання натоўп павінен быў разысціся.
30 чалавек адразу адлучыліся ад агульнай масы і стаялі каля праваслаўных могілак, якія знаходзяцца побач. Да іх пасля пахавання Кушча падышла частка натоўпу і разам яны рушылі ў цэнтр горада. Каля 1000 чалавек прайшліся па вуліцы Іерусалімскай (суч. Антонава), Брыгіцкай, Дамініканскай (суч. Савецкая) і іншых вуліцах, а затым рассыпаліся па ўсім цэнтры. Дробныя групы па 5−10 чалавек разбівалі вокны магазінаў і збівалі яўрэяў, якія трапляліся ім на шляху.
У асноўным у пагромах удзельнічалі маладыя хлопцы 18−20 гадоў, падлеткі і нават дзеці. 8-гадовы гродзенец Стэфан Хоцей назіраў за пагромам і сам хадзіў па крамах. Ён заходзіў у яўрэйскія крамы і выкідваў тавар на вуліцу, а нешта браў сабе.
«Крычалі тады: „Бі жыда“, а на кожным куце пісалі „не купляй у жыда“. У цэнтры стаяла паліцыя і салдаты, але ніхто не спрабаваў спыніць пагром. Была поўная свабода. Хто хацеў, той мог выносіць усё што заўгодна з яўрэйскіх крамаў. Адзінае, што я ўзяў сабе, дык гэта цукеркі ў шкляным слоіку. Дадому не забраў, схаваў каля дрэва. Баяўся, што мама даведаецца, а так мяне ніхто не пускаў на гэтыя пагромы, даводзілася збягаць».
Успамінае гродзенец Анатоль Песняк. У 1935 году яму было 9 гадоў.
«У сярэдзіне 1930-х у Гродна на адпачынак прыехаў польскі марак і на танцах у школе Рэйзнера яго забілі. Было гэта з-за дзяўчыны. Мясцовыя яўрэі гэтага марака моцна пабілі і парэзалі. Пасля гэтага выпадку палякі ў горадзе наладзілі пераварот. Білі ўсе, што было жыдоўскае, а нават забівалі людзей. Мы жылі ў цэнтры на Віленскай і ўсё было добра відаць з акна. Але на вуліцу з нашых ніхто не выходзіў, таму што было страшна. Паліцыя нават не спрабавала спыніць пагромы. Яны працягваліся некалькі сутак. Пасля ўсё сціхла і горад зноў жыў звычайным жыццём».
А так коратка апісаў пагром яўрэйскі доктар Шымон Чарток у артыкуле «Беспарадкі ў Гродне» (газета «HaYarden»)
«Ніхто не думаў, што ў ціхім горадзе Гродна можа адбыцца нешта падобнае. Гродна з 45% яўрэйскага насельніцтва, горад вядомай польскай пісьменніцы Элізы Ажэшкі, чыё сэрца было поўна любові да ўсяго чалавечага».
Ахвяры пагрому
На вуліцах Гродна былі выбітыя шыбы ў 183 дамах і 85 крамах. Былі цяжка паранены два яўрэі. Адзін з іх — Ізраіль Беразоўскі, сын Шрага-Фейбеля Беразоўскага-кампазітара і дырыжора Вялікай сінагогі. Ён памёр ад цяжкай траўмы галавы, яму было 21 год. Другой была Гэдалія Бахар, кравец, якой было 52 гады. Яе забілі камянямі да смерці на рагу вуліц Дамініканскай і Віленскай. Таксама было моцна збіта больш за сорак чалавек (чатырох паранілі цяжка: Ахун, Клейнбарта, Атласа і Лейпунскага). Сярод пацярпелых былі дачка яўрэйскага літаратара Эстэр Амброз і ўладальніца гатэля Шэйна Хазэ.
Яўрэі планавалі адпомсціць
Пасля пачатку пагрому, яўрэйскае насельніцтва пачало рыхтаваць атрады самаабароны. Элімэлэх Горавіц распавядае пра гэта ў кнізе «Йізкор» (Yizkor):
«Пасля беспарадкаў у першы дзень Шавуота (7 чэрвеня 1935 года) адбылася сустрэча з прадстаўнікамі ўсіх яўрэйскіх арганізацый і моладзевых рухаў. Мы арганізавалі сетку тэлефонных злучэнняў і груп абаронцаў у розных раёнах горада. Гэтыя групы былі падлучаныя да тэлефонаў у прыватных дамах у розных раёнах горада. Тэлефонная штаб-кватэра размяшчалася ў кватэры Аарона Язерскага. Я праседзела ў яго кватэры ўсю ноч і прымала званкі з суседніх раёнаў».
А так пра арганізаваную самаабарону піша Мошэ Альперштэйн у сваім дзённіку («Parperaot»):
«Калі ў 1935 годзе на свяце Шавуот успыхнулі пагромы, мне было 15 гадоў. Я памятаю, што ў час гэтых беспарадкаў былі забітыя два яўрэі, і на працягу некалькіх гадзін яўрэі арганізаваліся. Нам, сябрам моладзевых рухаў, адразу ж далі заданне сядзець ля тэлефонаў у яўрэйскіх прыватных дамах і аб’яўляць аб сходах польскіх бунтаўнікоў. Паколькі мой бацька Шымон Альперштэйн быў адным з лідараў яўрэйскай абшчыны, у нашым доме была скліканая тэрміновая сустрэча, на якой было вырашана стварыць яўрэйскія групы, якія будуць аказваць супраціў і нападаць на бунтаўнікоў».
Яўрэйскія групы самаабароны былі створаны з «моцных» людзей: мяснікоў, насільшчыкаў, возчыкаў, большая частка якая была былымі салдатамі, а астатнія — удзельнікамі моладзевых рухаў. Некаторыя з іх былі ўзброеныя нажамі, нешматлікія мелі агнястрэльную зброю.
Пагромы скончыліся на трэці дзень. Тады і ўдалося пахаваць ахвяр.
Пасля пахавання яўрэі раскідвалі па горадзе ўлёткі з заклікамі помсты, але ўступіць у сур’ёзныя баі ім так і не ўдалося.
Газеты абмежаваліся публікацыяй камунікату
Прэса адрэагавала на пагром у Гродне даволі стрымана. Як аказалася пазней, улады забаранілі шырока распаўсюджваць інфармацыю аб тым, што адбылося. Быў нават канфіскаваны нумар газеты «Dziennik Kresowy» за тое, што ў ім быў надрукаваны спіс ахвяр падзеяў 7 чэрвеня.
Большасць гродзенскіх газет абмежавалася публікацыяй камунікату уладаў, падпісанага замест Гродзенскага старасты М. Крашэўскім — рэферэнтам аддзела грамадскай бяспекі. Камунікат коратка прадаставіў наступную інфармацыю: Кушч быў паранены ўначы 4 чэрвеня ў браме дома № 13 па Брыгіцкай, а памёр 5 чэрвеня (па іроніі лёсу, у яўрэйскім шпіталі). Меркаваныя злачынцы Мэйлах Кантароўскі і Шмуль Штэйнер былі хутка затрыманыя паліцыяй. 7 чэрвеня Кушча хавалі пры ўдзеле многіх з гродзенцаў.
«Пасля пахавання некалькі груп накіраваліся ў яўрэйскі квартал, дзе камянямі павыбівалі вокны ў кватэрах і крамах. Таксама былі збітыя некалькі чалавек як яўрэяў, так і хрысціянаў. Паліцыя, якая прыбыла, спыніла інцыдэнт, арыштоўваючы вінаватых».
Пасля пагрому шкодуацанілі больш чым на 20 000 злотых. Падчас беспарадкаў у горадзе даставалася не толькі яўрэям, але і хрысціянам вонкава падобным да юдэяў. Аднаго такога нават скінулі з балкона.
Суд над забойцамі Кушча
19 і 20 верасня 1935 г. у Гродзенскім акруговым судзе адбыўся працэс над забойцамі Уладзіслава Кушча. Абвінавачаны Шмуль Штэйнер — 21 год (жыў па адрасе Пераца, 22, па прафесіі маляр) і Мэйлах Кантароўскі — 23 гады (вул. Подзамча, цырульнік). Абвінавачанага Штэйнера абараняў адвакат Фірстэнберг, у Кантароўскага абаронцы не было. У якасці пацярпелай выступала маці Уладзіслава Кушча — Ганна. Яе інтарэсы на судзе прадстаўлялі адвакаты Даніловіч і Сасноўскі. Суд праходзіў у запоўненай гледачамі судовай зале.
Сутнасць абвінавачвання заключалася ў наступным: Кантароўскі і Кушч уступілі ў канфлікт у танцавальнай зале Рэйзнера. Прычынай канфлікту была танцоўшчыца Ніна Маліноўская. Пасля выхаду з залы Кантароўскі, пакрыўджаны Кушчом (ён, магчыма, раней ударыў яго), напаў на апошняга. Падчас бойкі да Кушча ззаду падбег Штэйнер і ўдарыў яго нажом у плячо, што і прывяло да смерці пацярпелага. Абодва абвінавачаныя сваёй віны не прызналі.
20 верасня 1935 года суд прыгаварыў Штэйнера да 12 гадоў турмы, а Кантароўскага — да 2 гадоў. Суд не закранаў наступстваў забойства (падзеі 7 чэрвеня), аднак падкрэсліў, што ў горадзе і ваколіцах існуе праблема высвятлення адносін паміж маладымі людзьмі пры дапамозе халоднай зброі. Сведкі таксама пацвердзілі, што Штэйнер за два тыдні да забойства ўжо спрабаваў у той самай танцавальнай зале вырашыць спрэчку пры дапамозе нажа, але быў своечасова стрыманы. Вінаватыя ў забойстве павінны былі выплачваць Ганне Кушч па 30 злотых у месяц пажыццёва.
Суд над пагромшчыкамі
4 лістапада 1935 году перад судом па справе пагрому паўсталі 17 чалавек. Завадатары не прызнавалі сваёй віны. Казалі, што не арганізоўвалі пагрому, а толькі ўдзельнічалі ў ім на хвалі агульнага абурэння.
Суд заслухаў 54 сведак, сярод якіх было шмат таемных паліцэйскіх функцыянераў. Яны апісалі, як абвінавачаныя ачольвалі дэманстрацыю з могілак. Некаторых затрымлівалі непасрэдна падчас пагрому. Напрыклад, абвінавачанага Баліцкага злавілі, калі той выбіў шкло ў сінагозе. У кішэні ў яго быў нож.
Следства выявіла трагічныя абставіны: Гедалія Бахар была да смерці закіданая камянямі на вачах у 12-гадовага сына, які на судзе нават апазнаў абвінавачанага Раманчука. А цяжка паранены сведка Лейба Бучынскі паведаміў, што, уцякаючы ад натоўпу, хацеў схавацца ў будынку староства (раённага самакіравання), аднак чыноўнік Гурскі ўдарыў яго па твары і выштурхнуў на вуліцу.
Абаронцы падсудных намякалі на існаванне яўрэйскай самаабароны, якая збіралася абараняцца. Аднак суд не прыняў намёкі пад увагу, паколькі яўрэйская самаабарона ніяк сябе не праявіла.
13 лістапада 1935 году суд агучыў прысуд. Галоўны абвінавачаны Альфонс Панасюк атрымаў год турмы, трое абвінавачаных атрымалі па 9 месяцаў, яшчэ тры — па 6 месяцаў. Астатніх прызналі невінаватымі. З асуджаных у турму ніхто не патрапіў: Панасюка выпусцілі за штраф у памеры 100 злотых, у канцы адтэрмінавалі прысуд на 5 гадоў. Калі згадаць, што забойцаў Кушча суд прыгаварыў да 12 і 2 гадоў турмы, то прысуды пагромшчыкам выглядалі мякка. Прысуды былі прызнаныя «нізкімі» нават ваяводскай адміністрацыяй у Беластоку.
Вядома, што праз некалькі месяцаў суд перагледзеў справу і арганізатарам пагрому ўсё-ткі далі рэальныя тэрміны.
Крыніцы:
- «Гродзенскі яўрэйскі пагром у чэрвені 1935 г. па матэрыялах тагачасных газет і ўспамінах сведкаў» — Андрэй Вашкевіч
- «Горад адзін, успаміны розныя» — Руслан Кулевіч
- «Гісторыі з гродзенскіх вуліц» — Руслан Кулевіч
- «The riots in Grodno» by Dr. Shimon Czertok (Source: Hebrew newspaper «HaYarden», November 15, 1935)
- «Grodno Yizkor book» — Elimelech Horowitz
- «Parperaot», meaning anecdotes — Diary by Moshe Alperstein