Антон Калодкін і Наталля Зяцева з Гродзенскага палітэхнічнага каледжа прыдумалі Музей этнічнага і сучаснага мастацтва. Там можна будзе не толькі ўбачыць лічбавыя карціны, створаныя архітэктарамі і дызайнерамі, але і змяняць экспанаты, прапаноўваючы свае варыянты рэстаўрацыі і рэканструкцыі будынкаў і вуліц Гродна.

Пакуль гэта толькі ідэя — ёй аўтары падзеляцца на абласным этапе конкурсу «100 ідэй для Беларусі».

Пачыналася з дыпломнай працы

Праект ствараўся як дыпломная праца выпускніцы палітэхнічнага каледжа Маргарыты Касцецкай. Антон і Наталля яго дапрацоўвалі. Сёння яны прапануюць рэалізаваць дапрацаваны праект: пабудаваць музей этнічнага мастацтва з інтэрактыўнай інсталяцыяй, укараніць мультымедыйныя і інтэрактыўныя тэхналогіі, каб наведвальнікі не толькі знаёміліся з этнасамі Беларусі і Гродзеншчыны, але і ўзаемадзейнічалі з экспазіцыяй.

«У Гродне не хапае музеяў этнічнага мастацтва. Да таго ж Гродна — турыстычны горад, бязвізавая зона, а гэта спрыяе праектаванню такога музея», — распавядае Наталля Зяцева.

Моладзь прапануе стварыць у Гродне інтэрактыўны музей: паглядзіце на візуалізацыі

Наведнік будзе сааўтарам

Аўтары праекту адзначаюць, што ў іх музеі наведвальнік разглядаецца як сааўтар. У праекце ёсць назіральныя залы гістарычнай спадчыны Гродна і Гродзеншчыны з экспанатамі сучаснага мастацтва.

«У сам будынак ўкаранёны інтэрактыўныя і мультымедыйныя тэхналогіі. Ёсць мульцітач-стол з макетамі мікрараёнаў Гродна, якія дазваляюць наведвальніку знутры, без дапамогі экскурсавода, прапаноўваць свае варыянты рэканструкцыі і рэстаўрацыі будынкаў і вуліц».

Дзе пабудаваць музей

Аўтары прапануюць пабудаваць музей на правым беразе Нёмана, уздоўж вуліцы Падольнай.

«Мы б хацелі бачыць музей менавіта ў цэнтры горада. Аб’ект арганічна ўпішацца ў архітэктурны ансамбль набярэжнай за кошт архітэктурна-прасторавага рашэння будынка».

Моладзь прапануе стварыць у Гродне інтэрактыўны музей: паглядзіце на візуалізацыі

А што вы думаеце пра такі музей? Пішыце ў каментарыях!

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life