Беларусы ў Польшчы ствараюць англамоўны партал па гісторыі Беларусі. Грошы на яго распрацоўку сабралі з падаткаў, якія яны заплацілі ў гэтай краіне. Гэта стала магчыма дзякуючы праекту па лічбавым самакіраванні платформы «Новая Беларусь». З аўтарам парталу будуць супрацоўнічаць прафесійныя беларускія гісторыкі.

Зараз вельмі складана знайсці англамоўны кантэнт па гісторыі Беларусі, калі, напрыклад, няма доступу да бібліятэк у еўрапейскіх краінах. Гэтую праблему і павінен вырашыць партал.

«Проста загугліць нешта, знайсці нармальныя тэксты, даведку — вельмі складана», — патлумачыў Hrodna.life кіраўнік па маркетынгу і камунікацыі праекта «Новая Беларусь» Глеб Германчук. Частка мэтавай аўдыторыі такога партала — замежныя навукоўцы, зацікаўленыя ў беларускай гісторыі. Але ён будзе працаваць і для звычайных людзей, якія нават не ведаюць, што такое Беларусь.

Беларусь у вачах замежнікаў - частка рускага свету

Збольшага нашая краіна ўспрымаецца іншаземцамі як частка рускага свету і мала іх цікавіць, патлумачыў Hrodna.life беларускі гісторык, які не першы год жыве і працуе за мяжой.

«Нашыя заходнія суседзі, палякі і літоўцы, актыўна прыватызуюць многія культурныя і гістарычныя набыткі нашай з імі агульнай гісторыі ў сваю карысць. Самы элементарны прыклад — гісторыя ВКЛ, дзе ў англамоўнай версіі трывала замацаваліся імёны вялікіх князёў - Vytautas, Mindaugas. І спрабуй дакажы цяпер, што іх звалі Вітаўт і Міндаўг! Крыўдна таксама назіраць, як англамоўная Вікіпедыя актыўна выдаляе артыкул пра наш герб „Пагоню“ на скаргі літоўскіх аўтараў гэтай інтэрнэт-энцыклапедыі, што гэта насамрэч Vytis».

У Польшчы ствараюць беларускі гістарычны партал для замежнікаў
Калаж Hrodna.life

На працу ў кірунку папулярызацыі беларускай гісторыі за мяжой змарнавана шмат часу, цэлае пакаленне, адзначыў спецыяліст.

«Глабальна гісторыя і культура пэўнай краіны даходзяць да адрасата ў асноўным праз англамоўную падачу інфармацыі: навуковыя артыкулы, матэрыялы з інтэрнэту. Чым больш будзе інфармацыі па-англійску пра Беларусь, напісанай праз прызму бачання беларусаў, тым нашая краіна і народ будуць мець большую культурную і гістарычную вартасць сярод іншых народаў».

Самі абралі, самі аплацілі

Паводле польскага заканадаўства людзі, што жывуць і плацяць падаткі ў Польшчы, могуць запоўніць падатковую дэкларацыю і штогод фундаваць 1,5% сваіх падаткаў на дабрачыннасць. Такая ж магчымасць існуе ў Літве. Гэты прынцып датычыць і беларусаў, што жывуць у гэтых краінах. Платформа «Новая Беларусь», якую на пачатку існавання параўноўвалі з «лічбавай краінай», у 2023 годзе распрацавала пілотны падатковы праект для беларусаў Польшчы і Літвы. Дзякуючы яму яны цалкам афіцыйна маглі скіраваць свае працэнты ад абавязковых падаткаў на дабрачынныя беларускія праекты. Пры тым акумуляваць грошы, самастойна абраць, якую праблему яны хочуць за іх вырашыць, і скіраваць на яе агульныя сродкі.

Бона Сфорца
Калаж Hrodna.life

Больш за € 25 000 для гісторыі Беларусі

На стварэнне англамоўнага партала па гісторыі Беларусі - распрацоўку сайта, працу над матэрыяламі, прасоўванне і іншае — беларусы ў Польшчы сабралі больш за € 25 тыс. Каманда «Новай Беларусі» разлічвала на ўдвая меншую суму. Працэнты ад падаткаў людзі пераводзілі вясной, і да нядаўняга часу не магчыма было дакладна адсачыць суму. «Хтосьці плаціў PIT [падаходны падатак у Польшчы — Hrodna.life] як прадпрымальнік, і яго 1,5% - можа быць € 1000, а ў звычайнага чалавека можа быць € 35».

«Пра гэты праект мы кажам, што праверылі такую гіпотэзу: людзі гатовыя падтрымаць нейкую актыўнасць, цікавыя ідэі грашыма, але не гатовыя ў іх удзельнічаць. Гатовыя проста падтрымліваць тых, хто гэта прапануе», — заўважае Глеб Германчук.

Падатковы праект стартаваў досыць позна, і былі людзі, якія не паспелі да яго далучыцца менавіта ў час сплаты падаткаў. Ёсць і тыя, хто не плоціць PIT. Каб далучыцца, яны рабілі ўнёскі па € 35. Такую суму вызначалі як 1% ад сярэдняга падатку, які сплачвае за год рэзідэнт Польшчы. Такім чынам праект стаў крыху шырэйшым за класічны падатковы.

Абіралі паміж данатам палку Каліноўскага, кааператыўнымі гульнямі і «клачком зямлі»

Адмыслова пад падатковы праект каманда «Новай Беларусі» стварыла механіку адбору ідэй. Людзей, якія скіравалі грошы на праект, запрасілі ў закрытыя суполкі. Цягам двух месяцаў яны самі абралі ідэі, якія хацелі б рэалізаваць. Рэйтынг вызначалі паводле колькасці «падабаек». Напачатку польская супольнасць беларусаў прапанавала восем ідэй:

  • данат палку Каліноўскага;
  • падтрымка сем’яў загінулых беларускіх ваяроў з палка Кастуся Каліноўскага;
  • беларуская гульня з гістарычным/адукацыйным ухілам;
  • беларуская платформа кааператыўных гульняў;
  • сэрвіс продажу квіткоў на платформе «Новая Беларусь»;
  • англамоўны партал пра сапраўдную гісторыю Беларусі;
  • агульны дапаможнік для беларусаў у эміграцыі;
  • зямля для новай Беларусі (адзін з удзельнікаў прапанаваў_ла купіць кавалачак зямлі для беларусаў).
Беларусы робяць партал па гісторыі Беларусі на англійскай мове
Калаж Hrodna.life

Ідэі праверылі на адпаведнасць польскаму заканадаўству. Некаторыя адпалі, напрыклад, данат палку Каліноўскага. А некаторыя дапрацавалі з дапамогай юрыста. Далей сабралі кворум з самых папулярных ідэй: з рэйтынгам мінімум 51% ад самага высокага рэйтынга. Удзельнікі і ўдзельніцы праекта ўдасканалілі ідэі разам з аўтарамі, і далей шляхам галасавання абралі тыя, якім было наканавана ўвасобіцца. У Польшчы перамагла ідэя стварэння англамоўнага партала па гісторыі Беларусі, сярод беларусаў Літвы — афлайнавая бібліятэка беларускіх кніг у Вільні. Абраныя ідэі аўтары мусяць рэалізаваць цягам года і адсправаздачыцца.

Кансультаваць будуць прафесійныя гісторыкі

Для партала па гісторыі Беларусі распрацоўваюць адмысловы сайт. Ён можа існаваць у розных фарматах — як часопіс, дзе будуць публікаваць гістарычныя матэрыялы, або як зборнік, накшталт «Вікіпедыі».

Аўтара праекта звязалі з адмыслоўцамі, беларускімі гісторыкамі, якія змогуць кансультаваць у працы партала. Апошні падрыхтоўчы этап перад запускам — кантэнт-план для сайта на паўгода.

Што будзе, калі скончацца грошы?

Аўтары ідэй-лідараў могуць не мець нейкай кампетэнцыі - тут іх падтрымлівае каманда «Новай Беларусі». Гэта дапамога з пошукам каманды, прасоўваннем, рэкамендацыі, як зрабіць праект устойлівым. Для гэтага трэба распланаваць бюджэт на год і падумаць пра манетызацыю.

«Але аўтар праекта мусіць разумець, што гэта яго адказнасць, і ён мусіць ім займацца. Далей, мы, канешне, будзем сачыць за праектамі, але паклапаціцца пра ўстойлівасць — па такім прынцыпе працуе любы праект, які людзі робяць самі».

Гісторыя Беларусі па-англійску
Калаж Hrodna.life

Такі праект, як партал па гісторыі, можа быць досыць складана камерцыялізаваць. «Могуць быць асобныя магчымасці манетызацыі, але партал павінен быць агульнадаступным. Такія культурныя, сацыяльныя праекты мусяць жыць на донарскай падтрымцы. Мяркую, не будзе вялікай праблемы ў пошуку фінансавання, бо гэта [праект] - вельмі важна ў далейшым для папулярызацыі беларускай культуры, гісторыі».

«Беларусы самі могуць вырашаць свае праблемы»

Агулам у пілотным падатковым праекце ўзялі ўдзел 250 чалавек і некалькі бізнесаў. Разам на два праекты — у Польшчы і ў Літве — сабралі каля € 42 тыс. Каманда лічыць яго вельмі паспяховым.

«Ён наўпрост карэлюе з нашай місіяй і паказвае, што беларусы і беларускі могуць вучыцца самі вырашаць свае праблемы», — падсумаваў сузаснавальнік платформы «Новая Беларусь» Павал Лібер. Таксама ён сузаснавальнік платформы «Голас», дзякуючы якой атрымалася ў 2020 годзе засведчыць фальсіфікацыю прэзідэнцкіх выбараў у лічбах з канкрэтных участкаў.

Каму патрэбна «Новая Беларусь»?

«Новая Беларусь» — гэта лічбавая экасістэма для беларусаў і беларусак у краіне і за мяжой, якая дае прастору для вырашэння імі сваіх праблем. Бо ніхто не будзе вырашаць нашыя праблемы за нас, падкрэсліваюць распрацоўнікі. Мабільная аплікацыя з’яўляецца толькі адным з кампанентаў гэтай сістэмы.

Платформа «Новая Беларусь» існуе год. За гэты час аплікацыю спампавалі 33 тысячы карыстальнікаў, уся экасістэма павялічылася з 21 тысяч карыстальнікаў да 58 тысяч. З іх 52% знаходзяцца ў Беларусі. У іх вялікім попытам карыстаюцца медыцынскія кансультацыі, юрыдычныя кансультацыі і культурныя праекты, расказаў Павал Лібер Hrodna.life.

Дадаткова можна налічыць яшчэ некалькі дзясяткаў тысяч цалкам ананімных карыстальнікаў экасістэмы. Штомесяц толькі аплікацыяй актыўна карыстаюцца блізу 19 тысяч чалавек.

Падатковы праект "Новай Беларусі" дазволіў стварыць англамоўны партал па гісторыі Беларусі
Калаж Hrodna.life

Зараз аплікацыя аб’ядноўвае платформу «еЗдароўе», дзе можна атрымаць кансультацыю лекара-адмыслоўцы; LegalHub — бяспечнае і бясплатнае кансультаванне юрыстаў; карысную інфармацыю па краінах, куды найчасцей эмігруюць беларусы; афішу беларускіх падзей у розных гарадах замежжа; карту з беларускімі мясцінамі за мяжой (інтэграцыя з праектам kultmapka.me); Digital Solidarity, дзе сабраныя фонды, зборы і ініцыятывы для пераменаў у Беларусі; праект «Усё будзе легальна» для беларусаў і беларусак у эміграцыі пра легалізацыю; адукацыйныя праекты, беларускія падкасты, гульні, музыку, відэа і багата іншага.

Самыя папулярныя раздзелы зараз — карта беларускіх бізнесаў і афіша.

Як гэта ўсё працуе

Аплікацыя — толькі частка экасістэмы, акрамя яго ёсць яшчэ чатыры вэб-прадукты і некалькі драбнейшых — Telegram-боты і падобнае. Цягам года каманда, што працуе над экасістэмай, мянялася ад 8 да 15 чалавек. У рэжыме фултайм працуе каля 10 чалавек, непасрэдна над платформай — тры кантэнт-крэатаркі.

Платформа вельмі складаная і дарагая ў падтрымцы, таму заўсёды востра стаяць пытанні рэсурсу і фінансавання. Зараз 65% выдаткаў пакрываюцца за ўласныя сродкі каманды, яшчэ 3% - за кошт данатаў.

Платформа ўвесь час змяняецца: за год выйшла 43 абнаўленні аплікацыі і больш за 1340 выпраўленняў ва ўсёй экасістэме.

Зараз дзеля бяспекі карыстальнікаў платформа ў прынцыпе не збірае персанальнай інфармацыі. Адзінае, што патрэбна — гэта email, і пры рэгістрацыі асобна нагадваюць, каб ён не быў персаналізаваным.

Чаго яшчэ чакаць ад «Новай Беларусі»

Адной з важных задач на цяперашні час праект бачыць скарачэнне разрыву паміж тым, што адбываецца ў палітычным полі і тым, як гэта ўплывае на людзей. Зараз такі разрыў надзвычай вялікі: людзі стаміліся ад палітыкі і маюць скепсіс да павесткі, звязанай з грамадзянскай супольнасцю. Да сакавіка на платформе плануюць стварыць віртуальны офіс для грамадзянскіх і палітычных арганізацый. У ім будзе зваротная сувязь, петыцыі, праектны дашборд [візуалізаваныя метрыкі на адзіным экране — Hrodna.life] і іншае. «Новая Беларусь» пры тым не з’яўляецца прадуктам нейкай палітычнай партыі і не залежыць ад кагосьці з палітыкаў. Існаванне аднайменнай канферэнцыі за мяжой — супадзенне, бо такая назва ляжала на паверхні для ўсіх.

«Мы радыя ўсім, хто супраць Лукашэнкі і за дэмакратычныя каштоўнасці. Тут нашыя погляды ніяк не змяніліся», — патлумачыў Павал.

Планаваныя палітычныя модулі - гэта па сутнасці набор інструментаў, які б дазволіў існуючым або новым лідарам больш зручна ўзаемадзейнічаць са сваёй аўдыторыяй. Распрацоўнікі кансультуюцца з рознымі арганізацыямі, уключна з міжнароднымі, каб модуль быў карысным і ўніверсальным для любых палітычных арганізацый.

У працы каманды таксама стварэнне медыяагрэгатара з навінамі беларускіх медыя, лакальнымі і сусветнымі навінамі і івэнтамі. У выніку мусіць атрымацца адна персаналізаваная стужка навін на выбранай мове. Хутка запрацуе секцыя гайдаў па пераездах з GPT-памагатым на імя «Барадзед». У хуткім часе вернецца абноўлены раздзел «Знаёмствы». Там будзе магчымасць абраць неананімны профіль, пра што раней прасілі яго карыстальнікі. Платформа ўжо мае партнёрства з сямю фестывалямі на беларускую тэматыку. Зараз каманда завяршае сістэму кіравання рэгістрацыямі і продажу білетаў праз платформу.