Людзі і справы

«Няёмка, калі нас называюць героямі». Рэпарцёр Hrodna.life аб тым, адкуль яна бярэ сілы

Мяне завуць Алена Кавальчук, я працую ў Hrodna.life рэдактарам стужкі навінаў і журналістам. За апошнія два месяцы я напісала каля 60 тэкстаў пра Гродна пасля выбараў, з іх траціна — пра мірныя акцыі пратэсту.

Я дапісвала чарговы тэкст пра збіццё АМАПам, ішла працаваць на мірную акцыю і думала: калі мяне затрымаюць, зойдуць у мой тэлефон і прачытаюць тэксты, то я адчую на сваім целе ўсе, аб чым пісала. Я ішла ў душ пасля акцыі і ў шуме вады чула аўтамабілі, якія сігналілі ў знак салідарнасці. Я клалася спаць, а ў вушах стаяў крык людзей, якіх пры мне АМАП кідаў на зямлю.

Палова рэдакцыі настойліва адпраўляе мяне ў адпачынак, палова — да псіхатэрапеўта. Я ж спадзяюся, што маладосць даруе мне два месяцы працы без выхадных.

«Калегі» з камерамі

Трэці тыдзень на мірных акцыях я чую ад сілавікоў фразы накшталт «Здымайце, пакуль не затрымалі!». Супрацоўнікі, якія здымаюць пратэстоўцаў на камеру, называлі нас, рэпарцёраў, сваімі калегамі. Яны так жа ўпарта кажуць нам пісаць «праўду», як упарта іх калегі з прэс-службы адмаўляюцца ад каментароў.

Калі я пачула, як АМАПавец звяртаецца да рэпарцёраў, то першай думкай было: «Яны размаўляюць!». Мая псіхіка адмаўлялася прымаць, што тыя, хто з такой жорсткасцю 9−12 жніўня біў пратэстуючых, — не біяробаты, а людзі, якія размаўляюць і жартуюць (праўда, не вельмі ўдала).

Участковы і мае міражы

На апошняй акцыі прэс-служба УУС папярэдзіла мяне, што наступным разам я буду прыраўнаная да ўдзельніка несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Гэта значыць, мяне могуць схапіць, душыць, цягнуць па асфальце, кінуць тварам уніз у аўтазак. Усё пералічанае сілавікі рабілі з прысутнымі падчас апошніх акцый.

Участковаму міліцыянту з маёй Радзімы даручылі апытаць мяне ў сувязі з нібыта маім удзелам у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. 28 верасня ён праз Viber абяцаў аб’явіць мяне ў вышук, калі я не паведамлю яму свой адрас у Гродне. Ён прыязджаў да маіх блізкіх, заехаў да 80-гадовай стрыечнай бабулі, аказваючы такім чынам на мяне маральны ціск.

Калі я перасоўваюся па горадзе, я міжволі адзначаю: «тут людзей затрымлівалі», «і тут». Такіх месцаў у маім Гродне становіцца ўсё больш. У мікрааўтобусах і транспарце хлебакамбіната мне бачацца АМАП і аўтазакі, і я не ведаю, калі гэта скончыцца.

Ужо двойчы я не паспела ўзяць інтэрв'ю ў героя, таму што яго затрымліваюць перш, чым мы сустрэнемся.

Здымаць ці сыходзіць?

Я, быццам у раскадроўцы, памятаю дні з 9 па 12 жніўня, калі збівалі пратэстоўцаў. Побач са мной кідалі на зямлю людзей і крычалі на іх матам. Я выходзіла з замесу на ватных нагах, паліла і зноў вярталася ў натоўп. Калі на акцыю прыязджае АМАП, я заўсёды стаю перад выбарам: ці здымаць ці сыходзіць? Але калі не дакументаваць, то ці ёсць сэнс у маёй працы?

За час пратэстаў мінімум восем маіх калег у Гродне затрымалі, асудзілі або збілі. Некаторых — у маёй прысутнасці. Нам крычалі: «Гэта вы ўсе каардынуеце!», пакуль затрымлівалі Руслана Кулевіча ў краме аўтазапчастак. Інтанацыю яго крыкаў жонцы «Таня, Таня!» я памятаю дагэтуль.

Нягледзячы на жах вакол, калегі (не толькі з нашай рэдакцыі, але і шырэй усе журналісты) надаюць сіл працягваць. Хочацца падзякаваць ім, таму што без каманды нічога б не было.

На што патрэбныя сілы і як я іх аднаўляю

Здаецца, у гэтай маёй калонцы пра працу журналіста амаль няма нічога акурат аб працы падчас пратэстаў. Усё таму, што на тэкст і фота сыходзіць значна менш сіл і энергіі, чым на задачы накшталт: 1) вярнуцца ў рэдакцыю нябітай, 2) вярнуцца.

Калі я стамляюся, я пераглядаю відэа са збіццём мірных людзей АМАПам. Сілы з’яўляюцца зноў.

Мне заўсёды вельмі няёмка, калі журналістаў называюць героямі. Мы робім тое, што рабілі заўсёды: фіксуем падзеі і спрабуем іх растлумачыць. Проста цяпер тым, што адбываецца, цікавіцца значна больш людзей, чым звычайна. Таму што цяпер, як ніколі раней, тое, што адбываецца, тычыцца кожнага.


У сваёй працы Hrodna.life арыентуецца перадусім на супольнасць чытачоў. У цяжкую хвіліну мы спадзяемся на іх падтрымку.

Каб утрымаць штат журналістаў і офіс, мы просім вас пералічыць нам невялікую суму грошай. Але рабіце гэта толькі, калі вы ў бяспецы, напрыклад, за мяжой. І ні ў якім разе не з беларускай банкаўскай карткі!

З вашай дапамогай мы працягнем працаваць і расказваць тое, пра што маўчаць іншыя.

Чытайце таксама:

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Можна бункер на выпадак апакаліпсісу ўладкаваць». Якім будзе новы «касмічны» гатэль у Пышках

На тэрыторыі былога водазабору ў Пышках будуюць гасцінічны комплекс. Гатэль будзе вытрыманы ў касмічнай стылістыцы,…

24 снежня 2024

Не паскардзішся — не паедзеш. Як у Гродне можна вырашыць транспартныя праблемы

У Гродне 87 маршрутаў грамадскага транспарту, а людзям даводзіцца ездзіць на таксі. Транспартныя болі гродзенцаў,…

23 снежня 2024

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024