Уладзімір Раманчук называе свой трохколавы электрасамокат ласкавым імем “Бэйбік”. Трайк ён купіў у сакавіку па цане, супастаўнай з ужываным аўтамабілем. Задаволены гродзенец кажа, што за такімі апаратамі будучыня.
На дадзены момант паводле правілаў дарожнага руху ў Беларусі рух на такім транспарце дазволены на ходніках і веласіпедных дарожках. Правы на кіраванне ім не патрабуюцца. Аднак, рыхтуюцца змены ў ПДР: электрасамакаты могуць прыраўняць да іншых відах транспартных сродкаў. Магчыма, ужо ў 2019 годзе ўладальнікам элеткрасамакатаў спатрэбіцца і дзяржаўная рэгістрацыя, і тэхагляд, і наяўнасць у правах катэгорыі “АМ”.

Уладзімір адзначае, што пакуль гарадская інфраструктура не гатовая да такога транспарту. Сёння ў Гродне толькі адзін трайк і некалькі двухколавых электрасамакатаў.
“Не дадуць зманіць веласіпедысты, ды і пешаходы, што ў Гродне ёсць праблемы для развіцця экалагічна чыстага транспарту – гэта жаласны стан тратуараў. Цэнтр горада – выдатна, едзеш і атрымліваеш задавальненне. Ад’язджаем далей – жудасць”.
Уладзімір прыводзіць у прыклад пакрыццё моста над чыгункай па вуліцы Перамогі, каля завода “Белкард”. Да моста і пасля – роўная плітка, але на самым мосце асфальтавае пакрыццё быццам не мянялася з моманту будаўніцтва. “Там і пешшу каб прайсці,
трэба пад ногі глядзець уважліва. Такіх месцаў у нас нямерана”, – кажа Уладзімір.
Калі ў пачатку 2019 года Уладзімір убачыў у мінскай краме трайк, то адразу зразумеў, што хоча яго купіць. Да куплі рыхтаваўся тры месяцы.
«Прачытаў кучу літаратуры, вывучыў шмат інфармацыі з інтэрнэту, законы нашай краіны і іншых. І толькі тады купіў. Я адразу зразумеў, што гэта маё – каханне з першага погляду”.
Ва Уладзіміра ёсць мара – трапіць на Кубу, але ён вырашыў пачакаць і купіў трайк. Па Гродна ездзіць на электрасамакатах – аптымальны варыянт, лічыць ён. Таму думае аб адкрыцці сэрвіснага цэнтра для такой тэхнікі. “Мяркуючы па цэнах на бензін, хутка ўсе будуць на такіх ездзіць”, – дадае Уладзімір.
“З году ў год колькасць такога транспарту будзе павялічвацца. За такім транспартам будучыня – гэта зручна і экалагічна. Такія электрасамакаты гэта першыя ластаўкі. Ніякіх выкідаў. Ездзяць на электрычнасці, паставіў на вечар зарадку і раніцай спакойна можна ехаць. Аднаго акумулятара хапае на 30 км, у дзень я праязджаю мінімум 20 км. Шмат залежыць ад вагі кіроўцы і ад хуткасці. Максімальна я разганяўся да 41 км/г».
Даведка
Важыць такі трайк 90 кг. На адным акумулятары можна праехаць каля 30-35 км па роўнай дарозе. Адлегласць залежыць ад стану дарожнага пакрыцця і рэльефу мясцовасці, абранага хуткаснага рэжыму, вагі пасажыра, грузу і г.д. Ад вул. Кабяка да вул. Астроўскага – 10 км – можна праехаць па ходніках за 25-30 хвілін на адным зарадзе акумулятара. Акумулятар здымны, знаходзіцца пад сядзеннем. Па памерах і вазе зарадная прылада – як ад вялікага наўтбука. Зараджаць можна ад бытавой разеткі на 220 V. На поўную зарадку патрабуецца 4-6 гадзін.









