Уладзімір Раманчук называе свой трохколавы электрасамокат ласкавым імем «Бэйбік». Трайк ён купіў у сакавіку па цане, супастаўнай з ужываным аўтамабілем. Задаволены гродзенец кажа, што за такімі апаратамі будучыня.

На дадзены момант паводле правілаў дарожнага руху ў Беларусі рух на такім транспарце дазволены на ходніках і веласіпедных дарожках. Правы на кіраванне ім не патрабуюцца. Аднак, рыхтуюцца змены ў ПДР: электрасамакаты могуць прыраўняць да іншых відах транспартных сродкаў. Магчыма, ужо ў 2019 годзе ўладальнікам элеткрасамакатаў спатрэбіцца і дзяржаўная рэгістрацыя, і тэхагляд, і наяўнасць у правах катэгорыі «АМ».

«За такім транспартам будучыня». Гродзенец распавёў, чаму перасеў на электратрайк

Уладзімір адзначае, што пакуль гарадская інфраструктура не гатовая да такога транспарту. Сёння ў Гродне толькі адзін трайк і некалькі двухколавых электрасамакатаў.

«Не дадуць зманіць веласіпедысты, ды і пешаходы, што ў Гродне ёсць праблемы для развіцця экалагічна чыстага транспарту — гэта жаласны стан тратуараў. Цэнтр горада — выдатна, едзеш і атрымліваеш задавальненне. Ад’язджаем далей — жудасць».

Уладзімір прыводзіць у прыклад пакрыццё моста над чыгункай па вуліцы Перамогі, каля завода «Белкард». Да моста і пасля — роўная плітка, але на самым мосце асфальтавае пакрыццё быццам не мянялася з моманту будаўніцтва. «Там і пешшу каб прайсці,
трэба пад ногі глядзець уважліва. Такіх месцаў у нас нямерана», — кажа Уладзімір.

Калі ў пачатку 2019 года Уладзімір убачыў у мінскай краме трайк, то адразу зразумеў, што хоча яго купіць. Да куплі рыхтаваўся тры месяцы.

«Прачытаў кучу літаратуры, вывучыў шмат інфармацыі з інтэрнэту, законы нашай краіны і іншых. І толькі тады купіў. Я адразу зразумеў, што гэта маё — каханне з першага погляду».

Ва Уладзіміра ёсць мара — трапіць на Кубу, але ён вырашыў пачакаць і купіў трайк. Па Гродна ездзіць на электрасамакатах — аптымальны варыянт, лічыць ён. Таму думае аб адкрыцці сэрвіснага цэнтра для такой тэхнікі. «Мяркуючы па цэнах на бензін, хутка ўсе будуць на такіх ездзіць», — дадае Уладзімір.

«З году ў год колькасць такога транспарту будзе павялічвацца. За такім транспартам будучыня — гэта зручна і экалагічна. Такія электрасамакаты гэта першыя ластаўкі. Ніякіх выкідаў. Ездзяць на электрычнасці, паставіў на вечар зарадку і раніцай спакойна можна ехаць. Аднаго акумулятара хапае на 30 км, у дзень я праязджаю мінімум 20 км. Шмат залежыць ад вагі кіроўцы і ад хуткасці. Максімальна я разганяўся да 41 км/г».

Даведка

Важыць такі трайк 90 кг. На адным акумулятары можна праехаць каля 30−35 км па роўнай дарозе. Адлегласць залежыць ад стану дарожнага пакрыцця і рэльефу мясцовасці, абранага хуткаснага рэжыму, вагі пасажыра, грузу і г. д. Ад вул. Кабяка да вул. Астроўскага — 10 км — можна праехаць па ходніках за 25−30 хвілін на адным зарадзе акумулятара. Акумулятар здымны, знаходзіцца пад сядзеннем. Па памерах і вазе зарадная прылада — як ад вялікага наўтбука. Зараджаць можна ад бытавой разеткі на 220 V. На поўную зарадку патрабуецца 4−6 гадзін.

«За такім транспартам будучыня». Гродзенец распавёў, чаму перасеў на электратрайк
«За такім транспартам будучыня». Гродзенец распавёў, чаму перасеў на электратрайк
«За такім транспартам будучыня». Гродзенец распавёў, чаму перасеў на электратрайк

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life