Часы ВКЛ і Паўночная вайна, Каліноўскі і Панятоўскі, Міцкевіч, Багдановіч, Булак-Балаховіч… 14 верасня пад музыку Алеся Дзянісава на вершы Алеся Чобата героі мінулых часоў паўставалі перад слухачамі. Дворык у цэнтры Гродна сабраў іх узгадаць гісторыю і павіншаваць абодвух аўтараў з выхадам новай кружэлкі. Многія з гледачоў падпявалі выканаўцу – анлайн песні з’явіліся раней і ўжо запомніліся. Адзінай перашкодай для выступа была гучная праца будаўнікоў у суседнім доме.

“Давайце не будзем дзяліць людзей на добрых і кепскіх, а свет – на чорны і белы. У ім значна больш колераў, – казаў Алесь Дзянісаў прадстаўляючы адну з песень. – Пра іх складана і доўга можна гаварыць. Але кожны з іх быў з’яваю. Калі пра Балаховіча казаць, то ў свой час апроч яго амаль ніхто не “падпісаўся за Беларусь”, як сёння моладзь кажа. Быў Балаховіч са сваімі палескімі палкамі і Слуцкае паўстанне. І ўсё. Большасці было напляваць. А мне б хацелася, каб людзям было не ўсё роўна. Бо мне тут жыць, маёй дачцэ тут жыць. У гэтым горадзе, у гэтай краіне, з гэтымі людзьмі”.
https://youtu.be/r5Uk21kWDcg
Што да музыкі, то нарадзілася яна, са словаў аўтара, з “адчування вершаў”.

Жартуючы, што ўсе яго вершы Дзянісаў ужо праспяваў, Алесь Чобат пачытаў Чэслава Мілаша.
https://youtu.be/xuG7w6bSZ48
“Амаль усе песні я чуў пару гадоў назад, – казаў Алесь Чобат. – Алесь падышоў [да стварэння песень], як да работы. У мяне няма ні слыху, ні голасу, то як я магу ацэньваць музыку. Людзі слухалі, кожны раз апладзіравалі. Можа быць, у яго і атрымалася, чаму ж не. А тое, што яго некуды там не дапусцілі… Ну – не дапусцілі, ну і што. Гэта не важна. Пройдзе нейкі час, будзе відаць, што у нас вышла”.

Сам Дзянісаў таксама па-філасофску ставіцца да сітуацыі, што склалася вакол новага альбома.
“Я скажу так – мне цікава, як усё адбываецца. Адзін сябар патэліў, кажа – глядзі, гэта прызнанне. У мяне такой эйфарыі няма. З іншага боку – няма і адчування канца свету. Жыццё працягваецца, як будзе далей, я не ведаю. Паглядзім. Пакуль што цікава. Няхай пішуць”.

Наконт новай хвалі натхнення з нагоды цяжкасцяў, музыка кажа, што трэба пакуль “усё пераварыць”. “Я не магу, як Лявон Вольскі, пісаць адразу на злобу дня. Перавару – можа нешта і з’явіцца”.
Паслухаць песні з новага альбома без суправаджэння будаўнічых інструментаў можна тут.
https://soundcloud.com/tuzinhitou/sets/premera-ales-dzyansa-karotkaya-gstoryya-belarus-2017
Дапамагалі Алесю з запісам альбама гродзенскія музыкі – Дзмітрый Брытанаў, Дар’я Багаслова, Васіль Валошчык.




