«Гатовы пайсці хоць дворнікам, хоць вартаўніком», — казаў у нашу першую сустрэчу Дзмітрый, чалавек з вышэйшай эканамічнай адукацыяй. Але ўсюды яму паведамлялі, што вакансія ўжо закрытая. А часам, паводле яго слоў, прама казалі, што не могуць узяць на працу інваліда.
У жніўні Дзмітрый знайшоў працу. І не рабочым, а па спецыяльнасці: цяпер ён бухгалтар у адной са службаў таксі горада.
Дзмітрыю Грэкаву 35 гадоў. Ён нарадзіўся ў Гродне. У тры гады ў яго знайшлі ДЦП і далі інваліднасць трэцяй групы. «Ёсць праблемы з мовай, з рухамі», — шчыра распавядае Дзмітрый. Пры гэтым ён займаецца спортам: гуляе ў настольны тэніс, раней займаўся футболам.
Да чацвёртага класа ён вучыўся ў агульнаадукацыйнай школе. У гэты час дзеці знаходзяцца ў адным кабінеце і да іх прыходзяць настаўнікі. З пятага класа дзеці самі ходзяць па кабінетах. Тады Дзмітрый перайшоў на хатняе навучанне, каб было прасцей.
— Дзеці з самага пачатку вельмі добра ставіліся. Настаўніца на сходзе абвясціла ўсім, што будзе такі хлопчык, і бацькі яе падтрымалі. Было больш-менш нармальна, лёгка. Дзеці з іншых класаў жартавалі з мяне, абражалі. А «мае» заступаліся, казалі, маўляў, ён разумнейшы за вас, — распавядае Дзмітрый пра вучобу ў школе.
Выкладчыкі на хатнім навучанні рыхтавалі яго да паступлення. Вучыўся Дзмітрый добра: толькі адна 4-ка па пяцібальнай сістэме, усе астатнія 5-кі. Праблема была толькі з каліграфіяй з-за хваробы. У які універсітэт паступаць, падказалі бацькі. «Мама сказала: ідзі вучыся, а там разбяромся. На каго пайсці, яны самі сказалі. Я толькі згаджаўся, — збянтэжана ўсміхаецца Дзмітрый. — Маё меркаванне не ўлічвалася». Але цяпер, кажа, цалкам задаволены іх выбарам.
Пасля ўніверсітэта пачаліся пошукі працы. Дзмітрый папрацаваў бухгалтарам на прадпрыемстве, якое займалася продажам аўтазапчастак і вытворчасцю мэблі ад «Беларускага таварыства інвалідаў» паўгода на практыцы і год па праграме адаптацыі. Пасля Дзмітрыю не працягнулі кантракт.
Прайсці праграму адаптацыі чалавек з інваліднасцю можа адзін раз. Яна патрэбна для ўдасканалення прафесійных ведаў і ўменняў. Наймальніку абсталяванне, матэрыялы, спецвопратку і выдаткі па аплаце працы кампенсуе Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.
Дзмітрый стаяў на чарзе ў цэнтры занятасці тры гады. «Мне давалі вакансіі бухгалтарам на якім-небудзь прадпрыемстве. Я прыходзіў, а там ні камп’ютара, ні друкаркі. А часам проста адмаўлялі», — кажа Дзмітрый. З чаргі то сыходзіў, то вяртаўся. Нарэшце ўладкаваўся на адно будаўнічае прадпрыемства. Прапрацаваў там чатыры месяцы, за якія яму… не заплацілі. «Як бы я там ні працаваў, усё адно трэба было разлічыцца. Але дырэктар сказаў: „Выбачай, у мяне грошай няма цяпер, іншым разам“. Гэта было даўным-даўно», — успамінае Дзмітрый.
Зноў стаў на чаргу ў цэнтр занятасці. Прайшоў год. Бацькі Дзмітрыя звярнуліся ў аблвыканкам, потым у Дзяржнагляд. Там цэнтру занятасці загадалі ў любым выпадку знайсці Дзмітрыю працу. Апошнія дзве спробы ўладкавацца на працу былі гэтым летам. Першая — у адну з гімназій горада.
— Я прыйшоў да іх у школу. Падыходзіць да мяне нейкая жанчына і кажа: а вы нам не пасуеце. Я кажу: добра, я вам не падыходжу, растлумачце чаму. У мяне была паперка, яны мне напісалі, што вакансій няма. Хоць я правяраў на сайце, што была вакансія. Потым яна: ой-ой-ой, вы прабачце, я зараз да завуча падыду. Ну, пайшла да завуча. Прыносіць бланк, што я па здароўю не падыходжу, — распавядае Зміцер. — Я кажу ўжо згарача: я на вас у суд падам.Туды Дзмітрый уладкоўваўся вартаўніком. У яго ёсць дакумент па інваліднасці, дзе пазначаны ўсе пасады, на якіх ён можа працаваць. У пераліку ёсць прафесіі ад звычайнага рабочага да бухгалтара, у тым ліку вартаўнік. Выключэнне — прафесіі, пры якіх трэба працаваць «на нагах».
У аддзеле кадраў гімназіі сказалі Hrodna.life, што Дзмітрыя не ведаюць, таму што працоўны персанал першапачаткова падбірае загадчык гаспадаркі. Толькі потым працоўныя ідуць у аддзел кадраў. Таксама нам сказалі, што праблема ўзнікла з-за таго, што цяпер уладкавацца вартаўніком складана ў прынцыпе. Гэта звязана з новымі нормамі бяспекі ў школах. Вартаўнік павінен прапускаць дзяцей — іх у гімназіі 850 чалавек, у тым ліку на індывідуальныя заняткі і гурткі. Трэба рэагаваць на трывожныя кнопкі, паведамленні пра пажар. Кажуць, праца вельмі хуткая і складаная. А так у гімназіі працавалі людзі з інваліднасцю: рабочы пасля ранення і прыбіральшчыца пасля інсульту. Гэта значыць, інваліднасць — не крытэрый, па якім адмаўляюць, запэўніваюць у школе.
Загадчык гаспадаркі сказала, што ўсё прасцей. Дзмітрый быў другім, хто прыйшоў уладкоўвацца на працу. Першы чалавек ужо праходзіў медкамісію. Працаўладкаванне можа заняць тры тыдні. Таму вакансія і не была закрытая на сайце гарвыканкама, хоць чалавека ўжо знайшлі.
Падобны выпадак адбыўся ў адной спартыўнай школе.
— Прыходжу туды, дзеці нават нічога не сказалі мне. Прыходжу ў аддзел кадраў. Там дзяўчына і мужчына. Ён пытаецца: а ў вас інваліднасць ёсць? Я кажу: ёсць. Дзяўчына кажа: а вы ведаеце, што ў нас дырэктар не прымае на працу з інваліднасцю? Я быў у шоку.
Як можна адразу так казаць? — кажа Дзмітрый.
www.instagram.com/p/B3qzGC4Hm7X/
У аддзеле кадраў гэтай спартыўнай школы на наш афіцыйны запыт адказалі, што набіраюць ахоўнікаў у адпаведнасці з законам «Аб ахоўнай дзейнасці». У артыкуле 14 закона падаецца пералік асоб, якіх не могуць узяць на працу ахоўнікам. Гэта людзі з захворваннямі або фізічнымі недахопамі, якія перашкаджаюць выкананню абавязкаў работнікаў аховы па заключэнні ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі.
«Набор ахоўнікаў у нашай арганізацыі адбываецца на конкурснай аснове, што само па сабе прадугледжвае выбар найбольш прыстасаванага чалавека для паўнавартаснай аховы даручаных аб’ектаў.
Што тычыцца асабістых высноваў спадара Д. Грэкава пра нібыта дапушчаную ў дачыненні да яго дыскрымінацыю, можам паведаміць, што ў нас працавалі і працуюць людзі з трэцяй групай інваліднасці па тых прафесіях, у якіх характар захворвання, які стаў прычынай прызначэння інваліднасці, не перашкаджае паўнавартасна выконваць свае прафесійныя абавязкі", — адказалі нам у спартыўнай школе.
Дзмітрый — актыўны чалавек. Ходзіць гуляць у настольны тэніс, у валейбол. Адвучыўся на курсах «інклюзіўнага барыста», ездзіў на праграму «Biz4all», удзельнічаў у інклюзіўным паказе адзення. Таварыскі. Словам, вядзе лад жыцця, быццам у яго няма інваліднасці.
— У нас менталітэт трошкі іншы. Мы яшчэ не дайшлі да Еўропы той жа самай, не дараслі да Польшчы. У Польшчы ўжо даўным-даўно ёсць паняцце, што інвалід абавязаны працаваць. А ў нас няма, — тлумачыць для сябе Дзмітрый адмовы.
У Дзмітрыя ёсць шмат сяброў з інваліднасцю. Яны таксама не могуць знайсці працу, як бы не шукалі.
— У мяне ёсць знаёмая, якая ўладкавалася, але атрымлівае 80 рублёў. Яна прыбіральшчыца ў кафэ ў Пышкі. Але яна працуе за дваіх, за траіх. У нас ёсць прадпрыемствы для інвалідаў. Але яны ўсё спэцыялізаваныя. Куды я ні прыходзіў - «выбачайце, але ў нас месцаў няма». Таму што сваіх шмат.
Сапраўды, інваліды па слыху могуць працаваць на прадпрыемстве «Цветліт». Па зроку — у «БелТІЗ» або «Фільтр». На практыцы атрымліваецца, што індывідуальнага падыходу, які павінен быць да людзей з інваліднасцю, усё адно няма.
Нягледзячы на сумны вопыт сяброў, у Дзмітрыя атрымалася знайсці працу па спецыяльнасці. Цяпер ён — бухгалтар у адной са службаў таксі ў Гродне.
— Я вельмі-вельмі ўдзячны дырэктару, што мяне туды запрасілі. Наогул, мяне хацелі браць дыспетчарам. Але потым паклікалі бухгалтарам, — распавядае Дзмітрый. — Абавязак — лічыць зарплаты і рабіць дарожныя лісты, загадваць касай. Я адказны за ўсё. Дзверы не зачыняюцца: прыйшоў - аддаў паперкі, бярэш новыя.
Цяпер, у параўнанні з пенсіяй у 200 рублёў, фінансавае становішча Дзмітрыя палепшылася. Кажа, можна жыць як чалавек. Раней было цяжка. Асабліва ён перажываў, што не можа ўтрымліваць сям’ю. «Якая дзяўчына пагадзіцца на адносіны з чалавекам без працы, без грошай. Вядома ж, хочацца стварыць сям’ю. А каму не хочацца?» — кажа Дзмітрый. Ён кажа, што ў яго дзяўчаты былі, але да сур’ёзных адносін не даходзіла з-за фінансавых праблем. Пра новыя адносіны ён не распавядае — але кажа, што ў яго ўсё добра.
Цікаўлюся, што першае ён купіць з зарплаты.
— Пакуль яе яшчэ не было (на момант інтэрв'ю — аўт.). Будзе 25-га. Я вельмі хачу пайсці з сябрамі ўсімі куды-небудзь адзначыць гэтую справу, — усміхаючыся, кажа Дзмітрый.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…