Людзі і справы

«Светофор», «Вожык» і «Мутный глаз». Алесь Дзянісаў - пра мянушкі ў Гродне

Як «Соколиный глаз» ператварыўся ў «Мутный» і за што настаўніка называлі «Светофором». Музыкант і відэааператар з Гродна Алесь Дзянісаў узгадаў, як давалі мянушкі ў Гродне, і якія няёмкія сітуацыі праз гэта паўставалі. Ён напісаў пост, які мы перадрукоўваем.

Усе свае мянушкі мы атрымоўвалі ў дзяцінстве. Камусьці пашчасціла атрымаць на ўсё жыццё, а камусці (кшталту мяне) — не. Не прыжываліся неяк… У школе, калі працаваў настаўнікам, ў мяне была мянушка «Міхалыч». Ну, як і імя па бацьку. Аднаго з маіх сяброў (па сумяшчальніцтве настаўніка інфарматыкі) празвалі «Светофором». Таму што ў яго былі вочы рознага колеру. Але гэта былі добрыя мянушкі. Без пагарды. Такія яшчэ трэба было заслужыць у дзетак. Бо было шмат і не зусім, мякка кажучы, прыстойных. Не буду пералічваць.

А вось сваю самую першую мянушку я атрымаў ва двары. Гэта была мянушка «Вожык». «Ежей» у Гродна хапала. А вось «Вожык», па-беларуску, быў, падаецца, амаль адзін. Гэта быў я. «Старшыя» ва двары мелі пачуццё гумару. Прынамсі, Андрэй «Карла» Карначоў. Зямля пухам! Быў добрым чалавекам! Ён выдумаў гэтую мянушку.

А вось гісторыя мянушкі цікавая. Нейкім чароўным шляхам я патрапіў ў 1988 годзе на канц «Lady Pank» у Гродна!!! На наступны дзень я ўзяў матулін лак для валасоў «Прелесть» і заваліў на галаве панковы «выбух». У такім выглядзе я выйшаў ва двор і атрымаў сваю дваровую мянушку.

Але гісторыя мянушкі аднаго майго блізкага сябра яшчэ больш цікавая. Сябра, як і ўсе мы, дзеці «брэжнеўскай» эпохі, якія балдзелі ад югаслаўскіх вестэрнаў на чале з Гойка Міцічам, хацеў быць сапраўдным індзейцам. Начапіўшы пару галубіных пер’яў у валасы, ды іншыя «індзейскія» прыбамбасы, ён вырашыў адпомсціць «бледнатварым» за сваіх братоў-магікан. Адна праблема. У сябра быў вельмі дрэнны зрок. Акуляры! Праклятыя акуляры перашкаджалі стварыць аўтэнтычны вобраз! «Старшыя» з ягонага двара таксама мелі пачуццё гумару:

— Малой! Ты кто такой?

— Я — Соколиный глаз!

— Какой ты, бл.ь, «Соколиный глаз»! Ты, б.я, «Мутный глаз»!

Але з гэтымі мянушкамі не так усё вясёлкава, як падаецца. Часам яны перашкаджалі нармалёвым чалавечым камунікацыям. Аднойчы я патэлефанаваў гітарысту Deviation. Хто памятае «Філю», той узгадае яго.

Слухаўку падняла мама.

— Аллё!

— Аллё! Добрый день! А можно позвать к телефону…

У паветры павісла доўгая паўза… На другім баку тэлефоннай сувязі маці «Філі» пачала напружана сапець у слухаўку. Падавалася, што яна незадаволена званком. У яе было па горла справаў, а тут гэты недарэчны званок! Але той, хто павінен быў нешта казаць, упарта маўчаў. Бо ён не мог узгадаць імя «Філі»! Мянушкі настолькі прыжываліся на нейкіх людзях, што мы забывалі іх сапраўдныя імёны! Сёння я магу сказаць: Андрэй.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Тры Белавежскія пушчы. Як агароджы на мяжы змяняюць лес і жывёльны свет у Беларусі, Польшчы і паміж платамі

Белавежская пушча сёння раздзеленая не на дзве, а насамрэч на тры часткі: беларускую, польскую і…

31 сакавіка 2025

«Трэнд — мацоўня, здароўе». Задалі адны і тыя ж пытанні металістам з Беларусі і Польшчы

Ужо некалькі дзесяцігоддзяў метал-музыка аб'ядноўвае людзей не толькі адных музычных прыхільнасцяў, але і падобнага светапогляду.…

26 сакавіка 2025

У гродзенскім ГЦ развяліся прусакі. Куды звяртацца, калі заўважылі насякомых у кафэ ці ў сябе дома

У ГЗК Triniti гродзенцы заўважылі прусака — насякомае бегала па канапе ў зоне фуд-корту. Hrodna.life…

26 сакавіка 2025

«Магчыма, будзе і новы матэрыял». Вакаліст гурта Ulis Слава Корань расказаў, як эміграцыя не дае яму пісаць

Беларускі гурт Ulis праіснаваў больш за 20 гадоў. Яго спадчына жыве - музыканты робяць каверы,…

20 сакавіка 2025

«Мама выпісвала фальшывыя дакументы і дапамагала трапіць у Польшчу». Рэпатрыянтка — пра дзяцінства ў Гродне і эміграцыю ў 1946-м

Крысціна Мішчук (Пянткоўская) нарадзілася ў 1933 годзе ў Гродне ў сям'і мясцовай інтэлігенцыі. Каталічка. Тата…

18 сакавіка 2025

«Мая зямля — што хачу, тое і раблю». З’ездзілі ў польскую вёску ля мяжы з Беларуссю, куды стараста запрашае жыць усіх ахвотных

У 500 метрах ад плота, узведзенага на польскім баку мяжы з Беларуссю, стаіць вёска Азяраны…

17 сакавіка 2025