Калі ў пошуку на AliExpress напісаць слова «Беларусь», то можна знайсці шмат футболак, аксесуараў і сцягоў. Пры тым — самых розных дызайнаў. Ёсць спалучэнні і белага з чырвоным, і чырвонага з зялёным, надпісы «Чык-чырык» і «Я люблю Беларусию», падвескі ў форме контура Беларусі і безліч цішотак ды худзі. Часам варыянты вельмі абсурдныя. Паглядзіце самі - Hrodna.life выбраў самыя цікавыя прапановы з маркетплэйса. Наўрад ці вы захочаце іх набыць, але падзівіцца фантазіі некаторых «дызайнераў» варта.
Майка з рукой, якая паказвае ці то «вікторыю» — сімвал перамогі, ці то вульгарны жэст у выглядзе сярэдняга пальца. У любым выпадку рука афарбаваная ў чырвоны і зялёны колеры, а на кончыках пальцаў ёсць нават фрагмент арнаменту з беларускага дзяржаўнага сцяга. На выбар майкі рознага колеру — могуць быць нават ружовыя.
Цана: $ 13,79
Майка з патэрнам у стылі «вырвівока»: чырвоны, зялёны, арнамент, а ўсё гэта — на фоне даволі дробных валошак. Нагадвае тую дзіўную прадукцыю беллегпрама, якая гадамі ляжыць на паліцах крамаў і ніхто яе чамусьці не купляе.
Цана: $ 7,97
Калі вам раптам трэба мімікраваць пад Службу бяспекі прэзідэнта, то на AliExpress можна купіць сцяг з яе сімволікай. Праўда, кітайцы не зусім удала падабралі колер — сцяг выйшаў цемнаваты. А яшчэ крыху пераблыталі афіцыйны слоган службы: замест «Доўг, Гонар, Айчына» напісалі «Абавязак, Гонар, Айчына».
Цана: ад $ 9,59 за сцяг памерам 90 на 150 см да $ 43,04 за палотнішча 180 на 300 см
Дзякуючы AliExpress можна нават, у тэорыі, адкрыць у сябе дома амбасаду Беларусі - сцягі з лагатыпам Міністэрства замежных справаў таксама прадаюцца. Ёсць невялікія — фарматам А3, а ёсць вялізныя палотнішчы 180 на 300 см.
Цана: $ 8,12−43,04
Відаць для таго, каб скончыць спрэчкі ў рускамоўным інтэрнэце паміж варыянтамі «Беларусь» і «Белоруссия», і быў створаны гэты дызайн майкі.
Цана: $ 9,04
Чырвона-зялёны сцяг-накідка з капюшонам, магчыма, дазволіць адчуць сябе супергероем. А што дакладна, дык дапаможа не сгубіцца ў натоўпе. Бачныя будзеце здалёк.
Цана: $ 12,16
Ёсць на AliExpress і даволі вялікі набор маек з лагатыпамі беларускіх сілавікоў. Напрыклад, можна заказаць сабе маечку спецпадраздзялення па барацьбе з тэрарызмам «Алмаз». Або вельмі дзіўную майку з надпісамі «Узброеныя сілы Рэспублікі Беларусь» і «Slovenska Republika». Гэта намёк на альтэрнатыўны варыянт Саюзнай дзяржавы?
Наступную майку ў Беларусі насіць можа быць небяспечна, бо раптам яшчэ Той-каго-нельга-называць пакрыўдзіцца. Але калі вы прыхільнік творчасці «Сашы і Сірожы», «Чая з малінавым варэннем» і Славы Камісаранкі, то можаце рызыкнуць. Даступныя розныя колеры.
Цана: $ 10,92 — мужчынская, $ 9,69 — жаночая
У чарговай краме можна набыць і бел-чырвона-белую і чырвона-зялёную атрыбутыку, але нашу ўвагу прыцягнулі гэтыя два сцягі. На адным Беларусь можна зблытаць з нейкай рэспублікай Цэнтральнай Азіі, а на другім наша краіна выяўленая як сапраўдная касмічная дзяржава!
Цана: ад $ 5,36 за сцяжок памерам 30 на 45 см да $ 19,25 за сцяг 180 на 240 см.
Калі вы шукаеце нешта сапраўды незвычайнае — выбірайце чырвона-зялёна-чырвоны сцяг! Цяжка дакладна вызначыць, што меў на ўвазе яго стваральнік, але выглядае на тое, што проста ўзяў сцяг непрызнанага Прыднястроўя, прыляпіў збоку арнамент з беларускага сцяга і назваў «Belarus Flag Flags Double Sided». Красамоўна, улічваючы тое, што нашая краіна і сапраўды ідзе ўпэўненым крокам да таго, каб стаць новым Прыднястроўем.
Цана: $ 6,56
Чырвона-зялёны браслецік будзе яскравым дадаткам да любога вашага строю. Такі аксэсуар заўважаць на вашай руцэ здалёк гарантавана.
Цана: $ 1,29
Шмотка ў стылі «і нашым, і вашым»: на майцы выяўлена Пагоня, але з зялёным надпісам Belarus. Дадаць нам няма чаго.
Цана: $ 11,65
Бралок з вельмі дзіўнай выявай. Гэта проста турбамікс па гісторыі Беларусі: Полацкае княства плюс БНР плюс БССР плюс Рэспубліка Беларусь — усё змяшалася ў гэтай бездзялушцы.
Цана: $ 1,36
На маркетплэйсе можна знайсці і іншыя трашовыя бралкі. Часта гэта сапраўды постмадэрністычны мікс самых розных палітычных беларускіх сімвалаў, якія ў звычайным жыцці паміж сабой абсалютна не спалучаюцца.
Цана: $ 0,69
Маек з Лукашэнкам, яго цытатамі («А я вам сейчас покажу откуда…») або проста прозвішчам на AliExpress хапае. Гэтая — акурат для тых, хто лічыць гэтага грамадзяніна прэзідэнтам Беларусі. Можна нават набыць набор для ўсёй сям'і - памеры і фасоны ёсць розныя. Цікава, але нам падалося, што чым болей крынжовая майка — тым яна даражэй.
Цана: $ 10,41−13,30, $ 16,13, $ 17,85
Чаго мы дакладна не чакалі пабачыць у продажы на маркетплэйсе, дык гэта сцягоў беларускіх палітычных партый, у тым ліку ўжо ліквідаваных. Рэспубліканская партыя, Аграрная партыя, Ліберальна-дэмакратычная партыя — якіх там толькі няма. Калі захочацца пагуляць у беларускі парламент або спатрэбіцца рэквізіт для здымак трэш-кіно, то цяпер вы ведаеце, куды звяртацца.
Цана: $ 8,12−43.04
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…