Упершыню за сем год існавання гурта ўлады дазволілі Dzieciuk’ам даць сольны канцэрт у Гродне. 21 снежня гурт выступіў у BIG BAR, дзе сабраў больш за 200 наведвальнікаў. Да гэтага ў гурта былі гаражныя выступы і ўдзел у зборных канцэртах кшталту байк-рок-фестываля “Хавайся ў бульбу”.
– Слухайце, ну што за пытанне: як гэта – выступаць у родным горадзе? Гэта ж родны горад! Гэтым усё сказана! – эмацыйна адказвае лідар гурта Алесь Дзянісаў. – Мы гралі пару-тройку падпольных канцаў, нас запрашалі тройчы на свае імпрэзы за горадам гродзенскія байкеры з клуба “Насарогі”, за што ім вялікі рэспект, бо не спужаліся; але гэты канц будзе першым афіцыйна дазволеным сольнікам. Мы чакалі яго сем доўгіх гадоў…

Заходзім на пляцоўку каля бара, дзе ўключаюць музыку гурта. Амаль усе людзі – знаёмыя. На ўваходзе сустракаем невялікую чаргу. “Мы ніколі нічога не разлічваем. Прыйдзе 20 чалавек – будзем спяваць для 20. Але, паверце, будзе поўная зала”, – кажа Дзянісаў. І праўда, як скажуць пазней арганізатары, у гродзенскі BIG BAR набілася 230 чалавек.
Праз некалькі хвілін на канцэрце майку можна выціскаць – горача. Музыканты праводзяць невялікую пераклічку. Прыехалі наведвальнікі з Мінска, Брэста, Слоніма, Беластока. “Гэта неверагодна – я іду праз натоўп людзей і з кожным вітаюся”, – кажа Алесь. І пачуваліся музыканты, здаецца, яшчэ больш разняволена.

На канцэрце панавала амаль сямейная атмасфера. Напрыклад, людзей, у якіх у дзень выступу быў дзень нараджэння, запрасілі на сцэну і павіншавалі.
Алесь Дзянісаў кажа, што адмысловай праграмы для выступа яны не рыхтавалі.
– Нічога новага не рыхтуем. Гасцей планавалі, але потым вырашылі, што ў Гародні нічога не будзем такога муціць. Мы і ў іншых гарадах ніякіх гасцей не запрашаем, звычайна. Бываюць выключэнні. У Віцебск звычайна прыязжае вялікая полацка-наваполацкая тусоўка нашых сяброў. Гэта нашыя, напэўна, самыя гарачыя сябры, негледзячы на тое, што з поўначы, – усміхаецца Алесь. – З Полацака – Кастусь “Кастэла” Путронак – які спяваў “Косю” на альбоме, і цяпер традыцыйна ў Віцебску спявае гэтую песню разам з намі.

Традыцыйна на лірычных песнях наведвальнікі прысядалі на падлогу і ўключалі запальнічкі. На песні “Надпіс на камені пад крыніцай” некаторыя мужчыны знялі шапкі. А пасля “Сумнага рэгі” наведвальнікі ўшанавалі хвілінай маўчання ўсіх загінулых за Беларусь. Выступ цягнуўся больш за дзве з паловай гадзіны.
Сутыкнуліся з цэнзурай
Раней паведамлялася, што Dzieciuki не змогуць выканаць некаторыя песні – прагучаць толькі тыя, якія ўказаныя ў “гастрольцы”. На канцэрт меліся прыйсці прадстаўнікі ўлады і прасачыць за гэтым. Алесь Дзянісаў кажа, што з такім яны сутыкаюцца ўпершыню – у іншых гарадах ці проста адмаўлялі, ці давалі дазвол без усялякіх умоваў. Гурт пагадзіўся з гэтым, каб не падводзіць арганізатараў і публіку.
Па чутках, у музыкантаў хутка выйдзе новы кліп. Але лідар пакуль трымае гэта ў сакрэце.
– У нас шмат планаў і ідэяў. Зараз не хочацца раскрываць усе планы. Галоўнае, што гурт працягвае жыць!






































