У Гродне адкрылася новая прастора – дзіцячая крама “Шустры вожык”. Увесь асартымент у ёй – на беларускай мове. Там можна купіць цацкі і адзенне ад беларускіх вытворцаў, кнігі і гульні. Фактычна гэта першая ў Беларусі беларускамоўная дзіцячая кнігарня. Яна размясцілася на Замкавай, 18. Таксама гэта прастора для сустрэч і тэматычных імпрэзаў. Са стваральніцай пагутарыў блог “Суполка”.

Абноўлена: з канца снежня 2023 года крама закрыта. Прычыны не паведамляюцца.

“Мая мэта – стварыць прастору, дзе беларускую мову можна чуць, бачыць, слухаць у песнях, набыць у выглядзе рэчаў. Гэта і будзе ствараць атмасферу”, – патлумачыла канцэпцыю стваральніца крамы Кацярына Шуст.

Кацярыне 36. Яна нарадзілася ў Магілёве, у 18 гадоў з’ехала вучыцца ў Мінск. Там заставацца не збіралася, але ўвесь час штосьці ўтрымлівала. Аднойчы, прыехаўшы ў Гродна пагуляць з сяброўкай, Каця зразумела, што ёй тут нашмат спакайней і прыемней, чым у Мінску. На стала ў Гродна яна пераехала ў чэрвені 2021 года.

Асартымент крамы "Шустры вожык"
Кнігі ў краме “Шустры вожык”. Фота: “Суполка”

Зараз дзеці мала дзе сустракаюць беларускую мову, а ў школах яе выкладаюць кепска і нецікава, мяркуе Каця. “Малыя маюць праблемы з яе вывучэннем і разуменнем”. Крама-прастора з’явілася, каб выправіць гэту сітуацыю.

Назва “Шустры вожык” перагукаецца з прозвішчам гаспадыні крамы – Шуст. “Вожыкі – мілыя і забаўныя, здаецца, падабаюцца ўсім дзецям і самі выглядаюць быццам жывыя цацкі. Але яшчэ гэта вельмі беларуская жывёлка, вожыкаў шмат і ў нашых лясах, і нават на вуліцах Гродна мне пастаянна яны трапляюцца. Не хацелася эксплуатаваць іншыя распаўсюджаныя сімвалы кшталту зубра ці бусла, таму вожык”, –  тлумачыць Каця выбар сімвала.

Крама і прастора для адпачынку ў адным

“Шустры Вожык” месціцца на Замкавай, 18. З 7 красавіка крама працуе ў тэставым рэжыме.

Памяшканне падзелена на дзве асноўныя часткі – краму і вольную прастору для імпрэзаў. З цягам Каця спадзяецца арганізаваць міні-кавярню і дадаць гарачыя напоі. Першы час крама будзе працаваць з 10 да 20 штодзень.

Крама "Шустры вожык"
Інтэр’ер новай крамы. Фота: “Суполка”

Усе тавары – па-беларуску

У “Шустрым вожыку” можна знайсці кнігі, якіх ужо амаль няма ў іншых месцах: “Кусь-Кусяндра” Надзеі Ясмінскай, “Кошык вожыка” Лізы Шмідт, “Снежная сястра” Маі Лундэ. З настольных гульняў – “Таямніцы даўняга скрыпторыя”, “Калядны трус”, “На злом галавы” і іншыя гульні для вывучэння беларускай мовы.

Там будуць прадавацца дзіцячыя цацкі, адзенне, канструктары, тавары для школы, сямейныя гульні, фотаальбомы. Гэта мусяць быць годныя рэчы, якія нясуць у сабе беларускую мову, перакананая Каця. 

Настольныя гульні ў "Шустрым вожыку"
Асартымент крамы “Шустры вожык”. Фота: “Суполка”
Цаці для дзяцей у краме "Шустры вожык"
Асартымент крамы. Фота: “Суполка”

Нейкія тавары самі па сабе ўтрымліваюць шмат тэксту – кнігі, настольныя гульні. Новая прастора стала, фактычна, першай у краіне дзіцячай кнігарняй з кнігамі выключна на беларускай мове. Некаторыя рэчы ў краме могуць мець па-беларуску некалькі словаў – адзенне з прынтом ці вышыўкай, магніцік ці значок. А недзе беларуская мова толькі на пакунку, але і гэта ўжо вялікае дасягненне для нашай краіны, бо мала вытворцаў на такое згодныя, звяртае ўвагу Каця. З часам яна хоча самастойна распрацоўваць і ствараць па-беларуску тое, чаго не хапае. 

Інтэр’ер з адсылкамі ў прыроду

Інтэр’ер крамы перагукаецца з назвай. Там ёсць адсылкі да жывой прыроды, лесу. Замест столі – неба з самаробнымі аблокамі. 

Прастора будзе не толькі прапаноўваць беларускую мову на таварах, але і размаўляць на ёй. У інтэр’еры Каця плануе выкарыстаць вядомыя вершы, выслоўі, цытаты па-беларуску.

Інтэр'ер крамы "Шустры вожык"
Інтэр’ер крамы. Фота: “Суполка”

Мінімум забарон, каб адчуваць сябе годна

Бацькі маленькіх дзяцей змогуць зайсці, каб пакарміць і пераапрануць дзіця ў час шпацыру ў горадзе. З досведу сяброў Каця ведае, што такіх месцаў вельмі не стае. Для дарослых і маленькіх у новай прасторы будзе мінімум забарон. “Нам не хапае месцаў, дзе можна адчуваць сябе годна і свабодна”, – лічыць уласніца.

Якія імпрэзы чакаюць у новай прасторы

У “Шустры вожык” можна прыйсці і проста пабавіць час. У планах гаспадыні – выставы, кніжныя клубы, дыскусійныя сустрэчы, публічныя лекцыі, майстар-класы, гульнятэкі, кінапрагляды. 

“Людзі вельмі любяць збірацца і праводзіць разам час за цікавымі заняткамі. Можа, мы нарэшце аправіліся ад каранавіруса і зноў захацелі шмат афлайну. Гэта ўсё ладзіцца, але пра канкурэнцыю тут і не вядзецца – добрых пляцовак сёння ў Гродне нават не хапае”, – мяркуе гаспадыня прасторы. 

Гульня "Батлейка"
Асартымент крамы. Фота: “Суполка”

У прыярытэце – мерапрыемствы на беларускай мове, дзіцячыя і сямейныя імпрэзы, але жорсткіх абмежаванняў няма. Вітаецца ўсё, што будзе цікавым, натхняльным і стваральным, кажа Каця. 

Без каманды, але з сябрамі

Пры стараннай працы і спрыяльных умовах Кацярына мяркуе акупіць укладанні ў краму за некалькіх месяцаў. У сённяшніх умовах пралічваць нешта больш дакладна яна лічыць бессэнсоўным: “Шмат добрых бізнес-планаў, напрыклад, зруйнаваліся ў адзін момант – у дзень з’яўлення пастановы 713 аб рэгулёўцы коштаў на шматлікія тавары. А колькі зруйнаваў у свой час кавід…”. Дзяўчына гатовая і да бізнес-паразаў: “Нічога страшнага ў гэтым не бачу, гэта проста жыццё, заўжды можа што-небудзь не атрымацца”.

Каб адкрыць краму, Каця скарысталася дзяржаўнай субсідыяй для ІП. Зараз такая субсідыя складае 3756,28 рублёў ($1272). Сярод умоваў – заяўнік мусіць быць зарэгістраваны як беспрацоўны. Пакуль яна праходзіла адмысловыя курсы ў Цэнтры занятасці, пісала бізнес-план пасля іх і чакала рашэння, удвая большую суму для праекта перадалі сябры: нешта ў пазыку, нешта як ахвяраванні.

Сябры дапамагалі і рукамі, і транспартам, і карыснымі парадамі, кантактамі, а галоўнае – маральна. Сталай каманды ў Каці няма, усе асноўныя пытанні яна вырашае самастойна.

Трэба рабіць нешта, пакуль гэта магчыма 

За апошнія пяць гадоў Каці давялося некалькі разоў мяняць працу: то праз закрыццё арганізацыі, то праз пераезд, недзе не вельмі падабалася, недзе разышліся ў поглядах з кіраўніком. 

“Калі я чарговы раз сутыкнулася з пошукам новай працы, зразумела, што ідэальнага для сябе месца проста не знайду, што вельмі стомленая ад шматлікіх расчараванняў”. 

"Шустры вожык"
Уваход у краму. Фота: “Суполка”

Яна вырашыла паспрабаваць стварыць штосьці паводле ўласных уяўленняў пра тое, “як мусіць быць, каб было добра”. Сілы надало разуменне, што ў падобнай беларускамоўнай прасторы для дзетак сапраўды ёсць патрэба. Неабходны досвед накапіўся за час працы ў розных крамах, прыватных установах. Каця вырашыла, што прыйшоў час яго выкарыстаць.

“Умовы [для бізнесу] могуць штодня стаць яшчэ больш неспрыяльнымі, так што акурат мае сэнс рабіць, пакуль гэта цалкам магчыма”.

У сакавіку Кацярына Шуст адбыла 10 сутак адміністрацыйнага арышту за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў».