У доме на Акадэмічнай, 15 у 70-х гадах мінулага стагоддзя быў суд. У дні пасяджэнняў побач з домам часта плакалі людзі. У двары на Леніна, 23 трымалі коней. У доме на Васілька, 16 былі балконы, як у Вільні, і печы, як у Эрмітажы. Пра гісторыю гэтых дамоў, якая тоіцца за зачыненымі дзвярыма, іх былыя і сённяшнія жыхары распавялі Hrodna.life.

Дом Налкоўскай і «сябра майго брата»

«Дзверы, якія вядуць на другі паверх дома, я ведаю з дзіцячых гадоў. Яны былі з хвоі. У спякоту на сонцы дошкі вылучалі смалу, якую мы, дзеці, адкалупвалі і каштавалі на смак», — распавяла Наталля Дораш, былая жыхарка дома № 15 па вуліцы Акадэмічнай.

Гродзенка расказала, што ў савецкі час, у 60−70-я гады, на другім паверсе знаходзіўся раённы суд. «Каля гэтых дзвярэй у гадзіны пасяджэнняў суда тоўпіўся народ. Людзі чакалі рашэння суда, пасля абвяшчэння якога некаторыя моцна плакалі».

Па словах жанчыны, на першым паверсе жыла сям’я Віцькі Мазоля. «Сябра майго брата, — патлумачыла Наталля. — Пасля іх кватэру засяліла сям’я Захарэвічаў».

Наталля Дораш памятае, што за домам быў сад з яблынямі і іншымі фруктовымі дрэвамі, а з паўночнага яго боку размяшчалася бібліятэка.

Дом на Акадэмічнай, 15 пабудавалі ў 1909 годзе. Стыль будынка — эклектыка. Гэта значыць, што ён аб’яднаў мноства розных стыляў. Дом двухпавярховы, цагляны, сіметрычны. Дэкаратыўнае ўпрыгожванне сканцэнтравана на парадным фасадзе. Пасля апошняй рэканструкцыі ў сярэдзіне 2010-х да дома дабудавалі трэці паверх.

У пасляваенны час у будынку размяшчаліся інспекцыі па справах непаўналетніх, аддзел унутраных спраў Гродзенскага раённага Савета народных дэпутатаў, Гродзенская міжрайінспекцыя камітэта рыбааховы, бібліятэка і нават ламбард.

З 1924 па 1926 год тут жыла пісьменніца Зофья Налкоўская з мужам Янам Гажэхоўскім, камандзірам 3-га дывізіёна ваеннай жандармерыі. Сярод гасцей сям'і бываў Юзаф Пілсудскі.

академическая 15 Гродно дом Налковской

Чытайце таксама: Тайны без замков. 7 историй, скрытых за дверями исторических зданий Гродно

«З балкона адкрываўся від на сад»

«У другой частцы дома, верагодна, размяшчалася карэтная або ўтрымліваліся коні, — распавёў Hrodna.life гродзенец, дзяцінства якога прайшло ў доме на Леніна, 23.

"Дзверы, якія памятаю з дзіцячых гадоў". Гродзенцы расказалі пра дамы свайго дзяцінства
Леніна, 23. Цяпер тут размяшчаецца інтэрнат

Над паменшанымі праёмамі дома можна і зараз убачыць арачныя перамычкі пад шырокую браму. У двары, па словах старажыла, яшчэ да 80-х гадоў мінулага стагоддзя быў басейн.

Па ўспамінах гродзенца, у міжваенны перыяд тут пасадзілі сад і стогадовыя яблыні пладаносяць да гэтага часу.

«На галоўным фасадзе дзверы і балкон з аўтэнтычным агароджай, — распавёў былы жыхар дома. — А з боку двара „родныя“ дзверы і балкон, які праходзіў па трэцім паверсе, прыбралі. Уздоўж дома ішла брукаванка, цяпер там асфальт».

Леніна, 23 пабудавалі ў 1910−1912 гг. У савецкі час будынак займалі абласное ўпраўленне Міністэрства сувязі, абласны аддзел «Саюздрук», транспартная кантора Міністэрства сувязі. Пасля пераводу ўстаноў сувязі на вуліцу Ажэшкі ў доме адкрылася сельскагаспадарчая школа. Затым сюды перавялі тэхнічнае вучылішча № 7, а ў пачатку 70-х — прафтэхвучылішча № 41.

Гэты дом вядомы і тым, што тут жыў Аляксандр Мазалеўскі - паслядоўнік вучэння Талстога і прыхільнік пацыфісцкага руху. У траўні 1930 яго асудзілі на год турмы за ўхіленне ад вайсковай службы. Пасля турмы, калі ў войска Аляксандра ўсё ж такі адправілі, ён трапіў пад суд у другі раз, таму што адмовіўся выконваць загад па рэлігійных перакананнях. Суд прыгаварыў яго да 3,5 гадоў зняволення. У турме ён вёў дзённік, у якім была падборка лістоў, вершаў і іншых запісаў. Мазалеўскі памёр неўзабаве пасля выхаду на волю.

Чытайце таксама: Балконы, двери, окна: гродненка 10 лет фотографировала Гродно в деталях

«Тут жыў нейкі генерал»

«У маім доме жыў нейкі генерал і дом належаў цалкам яму. Магчыма, тут нават прыслуга жыла, — распавяла Алена Самойлік пра свой дом на Васілька, 16. — У склепе скляпеністыя столі, а ў адным з падвалаў было аздабленне нават».

"Дзверы, якія памятаю з дзіцячых гадоў". Гродзенцы расказалі пра дамы свайго дзяцінства
Дом па адрасе Васілька, 16, у якім жыве Алена

Алена распавяла, што раней у доме было пячное ацяпленне, але ў 50−60-х правялі капрамонт і шмат што змянілася, у тым ліку і планіроўка кватэр. «Да капрамонту наша кватэра была на метраў 15 больш, потым ад гасцінай адрэзалі кавалак і аддалі іншай кватэры, тады яны былі не прыватызаваныя».

"Дзверы, якія памятаю з дзіцячых гадоў". Гродзенцы расказалі пра дамы свайго дзяцінства
Арачны праход паміж дамамі 16 і 18 на вуліцы Васілька

Мама Алены памятае кватэру да рамонту. Яна распавяла, што там стаяла шыкоўная кафляная печ. «Не проста кафляная, а як з музея Эрмітажа — уся размаляваная. Гасцёўня ў доме была на чатыры вакны — тры вакны ад левага краю дома і адно ў тарцы. Тут стаяла і піяніна — мама займалася ў музычнай школе».

Дом на вуліцы Васілька, 15 у Гродне называюць «домам Фалендорфаў». Яго пабудавалі ў 1900 годзе. Гэта двух- і трохпавярховы будынак з жоўтай цэглы. Фасад аздоблены трыма адліванымі чыгуннымі балконамі. Паміж дамамі 16 і 18 — высокі арачны праезд. У пачатку ХХ стагоддзя ў гэтым доме жылі інспектар артылерыі генерал-лейтэнант А. Сяргееў, камандзір 2-й брыгады 43-й пяхоты дывізіі генерал-маёр Карл Форселес і прысяжны павераны фон Дытман. У пачатку 30-х гадоў домам валодала Кацярына Фалендорф, а ў доме № 18 некаторы час пражывала Эліза Ажэшка.

Гадоў 15 таму на балконах дома драўляныя дошкі прагнілі і праваліліся. «Добра, што на той момант нікога не было на балконе». Пасля гэтага перасцялілі дошкі і замянілі бляху. Падфарбоўваць адліваныя балконныя агароджы жыхарам прыходзіцца самастойна.

"Дзверы, якія памятаю з дзіцячых гадоў". Гродзенцы расказалі пра дамы свайго дзяцінства
Балконы і арачны ўезд у двор дома на Васілька, 16

Па словах Алены, уваход у пад’езд быў у арцы дома і прайшоў праз іх кватэру. Цэпер на гэтым месцы ў іх ванная.

Раней уваход у арку упрыгожвалі каваная брама. Такі самы малюнак дэкору Алена бачыла на агароджах і балконах у Вільні.

У Гродне браму з дома даўно знялі. «Мы яшчэ спадзяемся, што калі-небудзь і яе адновяць».