Дадаць навіну
Панядзелак, 15 кастрычніка 2018, 21:32

Дурдом. Як я правяла два дні ў гродзенскай псіхлякарні

Дзівоснае супадзенне – аўтарка Hrodna.life патрапіла пад гродзенскія “зялёныя дахі” неўзабаве пасля таго, як там пабывала іншая журналістка Марына Весялуха, якая красамоўна апісала свой побыт у дзённіку. Наша карэспандэнтка, на шчасце, правяла там не тыдзень, а ўсяго два дні, але ўражанняў хапіла надоўга. Дакладней – на ўсё жыццё.


26 снежня я трапіла ў жаночае аддзяленне Гродзенскага абласны клінічнога цэнтру “Псіхіятрыя-наркалогія”. У прастанароддзі “дом з зялёным дахам” – для тых, у каго гэты самы дах з’ехаў. Я трапіла сюды з запісам у картцы “суіцыдальныя схільнасці”. У тым, што я не прадстаўляю небяспекі для сябе і грамадства, даволі хутка разабраліся і выпісалі мяне 28 снежня.

Палата №6

Забіраючы на хуткай, мне абяцалі проста кансультацыю псіхатэрапеўта, але завезлі ў прыёмны пакой. Там забіраюць вопратку, каштоўныя рэчы, сродкі сувязі. Дазваляюць пакінуць кнігі, сродкі гігіены і цыгарэты. Усё, што я адчувала ў першыя гадзіны шпіталізацыі – прыніжэнне. Пачынаючы ад зашытага савецкага халаціка ў кветачкі, які мне выдалі, і заканчваючы прыбіральнямі без дзвярэй. Там спраўлюць патрэбу людзі з палаты №6, у якой ляжаць толькі паступіўшыя і “буйныя”. Туды, як паступіўшая, трапіла і я.

– Пацыента прымусова шпіталізуюць у трох выпадках: калі ён уяўляе небяспеку для сябе, для грамадства ці калі неаказанне дапамогі прывядзе да рэзкага пагаршэння здароўя. Напрыклад, цяжкія формы дэпрэсіі з адмовай ад ежы ці ідэямі самаабвінавачання, – расказвае Валянціна Мурына, загадчыца аддзялення рэабілітацыі залежнасцей. – Суіцыдальныя выказванні ацэніваюцца і калі бываюць сітуацыі ў стылі “ды я проста жонку папалохаць хацеў”, пацыента адпускаюць і ён едзе дамоў.

У цэнтры “Псіхіятрыя-наркологія” ёсць паліклінічны і стацыянарны рэжымы лячэння. На стацыянары ёсць наркалагічныя і псіхіятрычныя аддзяленні. У псіхіятрычным ёсць мужчынскае, жаночае, дзіцячае, агульнапсіхіятрычнае аддзяленне і аддзяленне памежных станаў. На сайце ўстановы напісана, што ў жаночым аддзяленні спецыялісты штодня праводзяць індывідуальную і групавую псіхатэрапію, групы па працы з асацыятыўнымі метафарычнымі картамі, нервова-мышачную рэлаксацыю, арт-тэрапію, ароматэрапію, псіхаадукацыйныя групы і групы трэнінгу сацыяльных навыкаў. На справе адбываецца па-іншаму.

Пра метады лячэння

Пацыенты атрымліваюць медыкаментознае лячэнне і кароткі сеанс псіхатэрапіі на аглядзе. А далей практычна ўвесь дзень прадастаўленыя самі сабе. Занятак тут знайсці цяжка. Пацыенты ходзяць на калідоры як зомбі. Ад канца аднаго калідору да іншага – чатыры хвіліны. Са звычайнай палаты, куды мяне перавялі на наступны дзень, можна хадзіць у нармальную прыбіральню з дзвярыма, а ўвечары паглядзець чорна-белы тэлевізар, дзе круцяць серыялы пра ментоў. Няма тут нават буфету. У палату гадзін у 9 вечара заглядвае жанчына. “Дзевачкі, ёсць што смачненькае? Так есці хочацца”. Яе чымсьці частуюць.

– Буфета ў самім аддзяленні быць не можа, – тлумачыць Валянціна Мурына. – Ён ёсць на першым паверсе, і пацыенты іншых аддзяленняў у суправаджэнні псіхолага ці сацыяльнага работніка наведваюць яго. З “вострых” аддзяленняў пацыента вывесці немагчыма, бо ён можа быць небяспечным для сябе ці атачаючых. Але заўсёды ёсць выхад з сітуацыі: кагосьці можна папрасіць набыць неабходныя рэчы.

Час ідзе адначасова і хутка, і доўга. Ляжыш, заплюшчыш вочы – прайшло 40 хвілін. Але калі разумееш, як шмат у сутках гэтах 40 хвілін, становіцца страшна. Некаторыя пацыенты ляжаць тут другі, трэці, адзінаццаты раз. Некаторыя нават не памятаюць які.

– Справа ў тым, што многія псіхічныя растройствы – гэта хранічныя захворванні, якія патрабуюць падтрымліваючай тэрапіі, – тлумачыць урач. – Чалавек выходзіць з вострага стану, доктар дае яму рэкамендацыі па лячэнні. На жаль, пацыенты псіхіятрычнага профілю маюць нізкую крытыку да свайго захворвання і нізкую ўстаноўку на прыём падтрымліваючых лекаў. Часта чалавеку і яго родным цяжка асэнсаваць, што ў яго сур’ёзнае псіхічнае растройства. І наступае хуткае абвастрэнне. Таму людзі і вяртаюцца ў псіхлякарню.

Права на жыццё

– Вены рэзала? – асцярожна пытаюся ў Лены з забінтаваным запясцем. – Гэта ж балюча.

– Не, нажом не балюча. Асабліва калі падап’еш, – расказвае яна. – У мяне дзяцей забралі, пазбавілі бацькоўскіх правоў. Вось я і паласнула. А тут аказалася, што пазбавілі мяне толькі на год. Цяпер канешне жыць хачу. Дзеля дзяцей.

Пазней цікаўлюся ў псіхатэрапеўта, чаму чалавеку не дазволіць зрабіць самагубства? Гэта ж яго жыццё і ён мае права ім распараджацца. Атрымліваю цікавы адказ. Аказваецца, наша жыццё належыць Богу, бацькам, прыродзе. Не мы самі яго ўзялі, гэтае жыццё, таму і не нам ад яго пазбаўляцца.

Пра тэрапію “асяроддзем”

На хворых пастаянна крычаць, пацыенты здзекваюцца з іншых. Дзіўна бадзёрая для такога месца жанчына ходзіць на палаце, прыгожа спявае рамансы і жартуе: “Гасцініца пяць зорак! Усё прынясуць, усё прыбяруць”. Маладая дзяўчына ўвесь час адмаўляецца ад ежы, бо пасля харчавання яе апаноўвае страх. Ёй кажуць, што хутка будуць ежу праз нос заліваць. Дзяўчыне ставяць кропельніцы, якія яе падтрымліваюць, але за ўвесь час, які я там знаходзілася, яе ані разу не паела. Іншая жанчына ўвесь час ляжыць на падлозе на жываце. Раз-пораз да яе падыходзяць, штурхаюць, яна не рэагуе. “Ну і ляжы”, – кажуць ёй.

Час ад часу я спрабую казаць: “Што вы робіце, ім жа дрэнна”. Пацыенты на мае словы рэагуюць здзіўленнем, а ўрачы словам “заткніся”. Калі грубяць мне, я, напаўжартуючы-напаўагрызаючыся, кажу: “Не крычыце на мяне, у мяне дэпрэсія”. “У мяне можа быць таксама дэпрэсія. А хто працаваць тады будзе?” – гучыць у адказ.

Нават працаўнікі псіхлякарні абясцэньваюць гэтую хваробу! Што тады казаць пра грамадства, якое ведае пра дэпрэсію хіба што з мемчыкаў Укантакце і песень Аксімірона пра “біпалярачку”?

Расказваю пра свае разважанні псіхатэрапеўту. “Тэрапія асяроддзем”, – усміхаючыся кажа мне ўрач. Думаю, што такая тэрапія можа мяне навучыць толькі баяцца звярнуцца па псіхалагічную дапамогу, каб больш не трапіць сюды.

– Жаночае аддзяленне – гэта вострае псіхіятрычнае аддзяленне, дзе часта лечацца хворыя ў вельмі цяжкіх псіхітычных станах. Пацыентаў шмат, урачоў вельмі мала: тры на 60 коек. Закладнікамі сістэмы становяцца і пацыенты, і ўрачы. У назіральнай палаце ляжаць пацыенты, якім трэба адсачыць усё: ці елі яны, ці хадзілі ў прыбіральню. Я разумею, што нашыя пацыенты хочуць да сябе максімальнай увагі і камфорту. Думаю, дактары таксама адчуваюць незадаволенасць, бо часта хацелі б і маглі б зрабіць больш, але пры такой нагрузцы гэта зрабіць складана, – кажа Валянціна Мурына.

“А ў цябе ёсць аловак для броваў?”

“Паглядзіце, які прыгожы ўсход”, – кажу сваёй суседцы, бабулі Андрэеўне. Ідзе трэці дзень майго знаходжання тут: мне ўжо паведамілі, што мяне выпісваюць. Можа, таму ён мне здаецца такім прыгожым. “Мяне нічога не радуе”, – кажа яна.

Бабулі вельмі хочацца паразмаўляць. У яе ёсць дзве дачкі, унукі. Дзяўчына з іншай палаты зайшла да яе і доўга размаўляла, супакойвала, разбірала яе праблемы, папраўляла подушку і накрывала коўдрай. “Пасядзі яшчэ трошкі”, – просіць яе Андрэеўна. Чаму каля бабулі сядзяць не яе дзеці? Чаму незнаёмая дзяўчына аказалася бліжэйшай за дзяцей?

Жанчыны нават у псіхлякарні застаюцца жанчынамі. “Ты бровы фарбаваць умееш?” – “Неа” – Ды ты хоць штосьці ўмееш?” – вось такая размова са сталай жанчынай са зморшчкамі на твары і кароткай фрызурай.

“А ў цябе ёсць аловак для броваў?” – пытаецца іншая мая суседка і глядзіць на мяне з-пад густа і няўмела нафарбаваных веяў. Яе завуць Юля, яна з інтэрнату. Ёй 20, але выглядае яна гадоў на 15. Дару ёй бальзам для валасоў, якім не карысталася. Яна радуецца і адразу хавае ў тумбачку. Юля пытае мяне, ці буду я яе наведваць. Я хаваю вочы і не ведаю, як сказаць “не”.

Ачышчэнне і вылекаванне

Як ні дзіўна, у гэтай прыгодзе быў і карысны вопыт. Я зразумела, што гэта мая крытычная кропка. Гэта дно, ад якога можна толькі адштурхнуцца і выплыць. Я стаю каля вакна і ўглядаюся ў Жыццё. Быццам дзеля здзекаў, з усіх бакоў псіхлякарні адкрываецца цудоўны від на горад. За акном ездзяць машыны, у вокнах дамоў жывуць людзі сваім звычайным жыццём. І хутка я зноў стану часткай гэтага Жыцця.

“Выйду адсюль, займуся сабой, зраблю прычоску. Прыбяру дом, пасціраю ўсё, – кажа жанчына каля мяне сваёй суразмоўцы. – От і правільна”, – адказвае яна.

Мяне клічуць на выпіску. Я збіраю рэчы і раптам да горла падступае ташната. Я паспяваю забегчы ў прыбіральню і з мяне выходзіць уся медыцынская ежа. Мыюся, усміхаюся сабе ў люстэрка і ўспрымаю гэта як своеасаблівы акт ачышчэння. Усё будзе добра.

Раім пачытаць

Каментары

comments powered by HyperComments

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: