Новую серыю рамана ў фотаздымках ад Наталлі Дораш добра чытаць на дачы. Усё квітнее, клубніцы спеюць, побач сусед гудзе газонакасілкай, іншы з шланга градкі палівае. Раней усё было інакш. Наталля Дораш для Hrodna.life працягвае аповед пра тое, што было і прайшло.
Свае 6 сотак пад дачны ўчастак бацькі атрымалі ў канцы 60-х гадоў мінулага стагоддзя. Два гады пайшло на будаўніцтва маленечкай хаткі з дошак і апрацоўку зямлі. Нашаму садаводчаму таварыству «Сувязіст» ужо за 50 гадоў. Тут сучасны дачны пасёлак з катэджамі, басейнамі, роўнымі пляцоўкамі газонаў, сучаснымі цяпліцамі і гаражамі.
Змянілася некалькі пакаленняў дачнікаў. Спадчыннікі прадавалі старыя домікі. Новыя гаспадары будавалі на ўчастках новыя дамы. І агароджвалі іх капітальнымі бетоннымі платамі. Хто твой новы сусед — невядома. Людзі сталі жыць утойліва. Раней было не так.

У той час, пра які ўспамінаю, агароджвацца ад суседа плотам было непрыстойна, усё дачнае жыццё праходзіла на вачах у іншых.
Электрычнасці не было, вечарамі запальвалі свечкі або газавыя лямпы, гатавалі ежу на прымусе або на вогнішчы. Густы суп-харчо з пакета, звараны ў кацялку з дымком — смаката для галоднага дачніка.
Ваду для палівання гароду бралі на Нёмане. Для гэтага трэба было спускацца ў яр і потым несці два поўных вядра ў гару да свайго ўчастку. Пітной вадой запасіліся ў суседнім бярозавым ляску з крыніцы. Салодкая крынічная вада біла з-пад зямлі ключом і раўчуком сцякала ў Нёман.

Недалёка ад крыніцы стаяў самотны хутар самотнага дзеда Лешака. У яго быў стары сад і козы. Дзед прадаваў дачнікам ураджай яблыкаў на корані. Мы ў яго куплялі каштэлі. Гэтыя яблыні дзед Лешак пасадзіў яшчэ ў даваенны час, «за польскім часам».
Кожны раз мы прывозілі дзеду Лешаку свежы гарадскі батон. Дзед крышыў батон у казінае малако і еў.

Козы ў яго былі шкоднымі, у двор чужых людзей не пускалі. Стары казёл спрабаваў бадацца. Адкупіцца ад яго можна было тытунём, які ён лізаў языком з далоні.

Сад дзеда Лешака заўсёды зарастаў крапівой. Мяккая зямля ў некаторых месцах пад абцасам правальвалася. З норак выляталі сярдзітыя чмялі. Увосень галінкі яблынь ламіліся ад цяжару пладоў. Козы падбіралі паданкі, яблыкі з дрэў скуплялі дачнікі.

Аднойчы вясной хутар апусцеў. Сказалі, што хворага дзеда Лешака ўнукі забралі ў горад. Яго коз прадалі ў суседнюю вёску. Праз нейкі час на месцы саду з’явіліся новыя дачныя ўчасткі. Крыніцу закідалі смеццем — яна ператварылася ў зарослую цінай сажалку. Лужок пасярод бярозавага гаю, дзе стаяла хатка дзеда Лешака, да сённяшняга дня нікім не занятая. Тут растуць незабудкі і стаяць дзіцячыя арэлі.

Пра тое, што тут было і прайшло, нагадваюць толькі старыя фатаграфіі.