Семярых пацярпелых амапаўцаў апыталі па справе аб падзеях 6 верасня 2020 года ў Гродне. Яны блытаюцца ў паказаннях, а “рудой дзяўчынай” называюць то адну абвінавачаную, то іншую. Дзяўчына настойвае: яна важыць 50 кілаграм і не магла “выштурхоўваць целам” амапаўца.

Пасяджэнне прайшло 9 ліпеня ў судзе Кастрычніцкага раёна. Судзяць трох гродзенак: Алу Гарацкевіч, яе дачку Галіну Гарацкевіч і Ганну Мароз. Іх судзяць па арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) і арт. 364 КК (Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). Дзве дзяўчыны пад вартай. Суддзя – Максім Галубовіч, дзяржабвінаваўца – Сяргей Петрашко.

Пацярпелыя – пра падзеі таго дня

Усе пацярпелыя праходзілі па справе пад засакрэчанымі імёнамі. Яны таксама ўдзельнічалі і ў іншых справах за падзеі таго дня. Паказанні адзінаццаці пацярпелых падобныя. Па іх словах, яны прыехалі ў абедзенны час на вул. Гарнавых да былога “Малочнага міру” весці ахову правапарадку. Там яны ўбачылі натоўп людзей. Па іх падліках – 100-150 або 200-300 чалавек. Людзі выкрыквалі лозунгі і былі са “сцягамі БЧБшнымі”.

Людзі “ішлі агрэсіўным натоўпам”, браліся за рукі і станавіліся ў счэпкі і ішлі ў бок амапаўцаў. Амапаўцы ж станавіліся ў “вайсковы ланцужок” і не давалі людзям прайсці ў бок цэнтра. Натоўп двойчы спрабаваў прайсці, пасля чаго пачаліся затрыманні.

“Розныя штуршкі, пінкі”

28-гадовы “Аляксандр Белы” распавёў, што іх “хапалі за форменнае абмундзіраванне, дзесьці штурхалі, яшчэ нешта. З боку людзей ўжывалася нейкая фізічная сіла. < … > Не магу сказаць, хто канкрэтна ўжываў сілу. З усіх бакоў — хтосьці дзесьці штурхне, хтосьці за форму возьме, хтосьці яшчэ што-небудзь. [Боль] трохі адчуваў».

«Да кожнага супрацоўніка была ўжытая фізічная сіла. Розныя штуршкі, пінкі, хапалі за форменнае абмундзіраванне. Мы ўсе працавалі. Калі да мяне ўжываўся [фізічны гвалт], то хутчэй за ўсё, да калег — тое ж самае. Таму што натоўп быў агрэсіўны, і яны ішлі на ўсіх», — лічыць амапавец.

Хто менавіта прычыніў яму фізічны боль, ён апісаць не можа. “І жанчыны, і мужчыны выштурхоўвалі. Апісаць не магу, таму што шмат часу прайшло. Я твары ўсіх на запамінаю». У хуткую дапамогу ён не звяртаўся, рапарт не пісаў. Цялесных пашкоджанняў і пабояў у яго не было.

Галіну Гарацкевіч ён не памятаў. Ганна Мароз, паводле яго слоў, не здзяйсняла фізічных дзеянняў, але “была ў складзе групы і тым самым парушала грамадскі парадак”. “Памятаю, што была жанчына з такой кароткай стрыжкай – карэ ці як яна называецца”, – апісаў ён дзяўчыну. Зала засмяялася, Ганна Мароз з усмешкай адкінула назад валасы да плячэй. “Дзяўчына была ў масцы, рудыя валасы, кароткая стрыжка”, – удакладніў ён пазней. Ганна – русая з лёгкім рудым адлівам.

Алла Горацкевич в суде Октябрьского района Гродно. Фото: Елена Ковальчук
Ала Гарацкевіч. Фота: Алена Кавальчук

“А мы не ангелы”

“Іван Іваноў” адчуў боль, пакуль натоўп штурхаўся “для процідзеяння”. Сябе, як і абвінавачаных, ён на відэа не бачыў. Падчас апытання ў яго зазваніў тэлефон – прагучала песня “А мы не ангелы”, што выклікала ўсмешкі ў зале. Пашкоджанняў ён атрымаў, рапарт не пісаў, у хуткую на звяртаўся. Прэтэнзій да абвінавачаных не мае.

– Наколькі мне вядома, там ёсць у адной абвінавачванай праблемы са здароўем, таму прашу змякчыць ёй пакаранне, — сказаў амапавец

— А астатнім, здаровым? – спытаў суддзя.

– І ім таксама.

Аб грамадзянскіх ісках ён не памятае. “Калі нешта і заяўляў, то думаю адклікаць”, – сказаў амапавец.

“З ногі трапілі ў нагу, піхалі рукамі”

“Павел Лабкоў” таксама адчуваў боль ад штуршкоў. Таксама ён атрымаў удар у сківіцу, але хто яго нанёс, ён не памятае. “Юрый Базылевіч” адчуў боль. «Білі там, з ногі трапілі ў нагу, піхалі рукамі, штуршкі былі». Ён запомніў рудую дзяўчыну з валасамі да плячэй. “Была дзяўчына такая заўзятая, жанчына. Запомніў, што ў яе былі рудыя валасы, вось яна хапалася там, плячом піхала. Яна ў першым шэрагу стаяла”. Што рабілі іншыя абвінавачаныя, ён не памятаў.

– Вы сцвярджаеце, што я нам наносіла траўмы рукамі і выштурхоўвала вас целам. Скажыце калі ласка, А колькі вы важыце? — спытала «рудая» Ганна Мароз.

– Не ведаю, 80 [кілаграм].

— А я — 50. Скажыце, ці можа быць такое?

— Вядома!

У матэрыялах справы ёсць паказанні “Лабкова” толькі пра падзеі каля ўніверсама “Брэст”, якія адбыліся ў той жа дзень, але пазней. Пра выпадак ля “Малочнага міру” амапавец раней паказанняў не даваў. Адвакат папрасіла выклікаць у суд следчага Сароку, які вёў справу, і спытаць, як так атрымалася. Суд адмовіў. Тое ж самае здарылася са сведчаннямі 26-гадовага “Андрэя Вавілонава”. Ён таксама ўспомніў рудую дзяўчыну з карэ, але хто яго штурхаў, не запомніў. “Васіль Петрусенка «паведаміў, што быў толькі ля “Брэста”, але таксама праходзіць пацярпелым па справе.

“Пальцам у вока патрапілі. Было непрыемна”

“Пайшлі на нас, пачалі скакаць на нас, хтосьці біць, хтосьці штурхаць – рукой, нагой штурхнуў. Пальцам у вока ледзь-ледзь патрапілі. Было непрыемна. Штурхалі ў грудзі ў бок», — распавёў аб падзеях 32-гадовы «Віктар Духоўскі». Ён адчуў боль, па меддапамогу не звяртаўся. Ён таксама памятаў дзяўчыну з рудымі валасамі.

Хто штурхаў яго, ён не ведае. “Чыя менавіта рука засунула мне палец у вока, я не ведаю”, – сказаў ён.

Суд працягнецца 22 ліпеня ў 10.45. Апытаюць пацярпелых Скрабатуна, Аскерка, Лісава і Мінько. Галіна Гарацкевіч таксама распавяла, што даўно не атрымлівала лістоў ад дачкі – цэнзар у турме № 1 Гродна ў адпачынку.

Чытайце таксама: