Ёсць два месцы на карце Гродзеншчыны, акрамя самога Гродна, якія штогод наведваюць дзясяткі аўтобусаў з турыстамі з Польшчы. Гэта Старыя Васілішкі на Шчучыншчыне, дзе нарадзіўся і жыў у маладыя гады Чэслаў Немэн, а таксама былая шляхецкая аколіца Багатырэвічы на Мастоўшчыне, дзе любіла адпачываць і пісала свае творы Эліза Ажэшка.
У Старых Васілішках працуе цудоўны музей, тут і раскажуць, і песні Чэсека ўключаць і нават салам пачастуюць.
У Багатырэвічах і Мінявічах турысты наведваюць два аб’екты — магілу паўстанцаў і магілу Яна і Цэцыліі. Аповесць Элізы Ажэшкі «Над Нёманам» ёсць у школьнай праграме і таму палякі, асабліва старэйшага пакалення, добра ведаюць Пані Элізу і гэтыя мясціны.
Пасля публікацыі на Белсаце мінулым летам да Багатырэвіч праклалі добрую асфальтаваную дарогу, а таксама аднавілі надмагілле Яна і Цэцыліі, якое мела сумны выгляд.
Самы сумны выгляд мае так званы Дом Стралкоўскіх у цэнтры Багатырэвічаў. Вялікі мураваны будынак з датай «1904» увесь патрэсканы, у пачатку года ў яго абваліўся ганак. Дом год таму выкупіла з аўкцыёна прыватная асоба, але мясцовыя жыхары кажуць, што, на няшчасце, новы гаспадар хутка памёр і цяпер домам валодае ягоны сын, які пакуль не мае яўных планаў на будучыню гэтага дома.
У 1939 г. Клеменса Стралкоўскага (унука Яна Каменскага) забілі, сям’я выехала ў Польшчу, а дом стаў сельсаветам, фельчарскім пунктам і выконваў іншыя функцыі. Сёння ён паступова разбураецца, хаця, здаецца, адноўлены шляхецкі дом, які памятае Элізу Ажэшку, турысты не абміналі б.