У лютым 1932 у доме № 4 па вуліцы Панятоўскага ў Гродне пасяліўся прывід. Пра гэта пісала «Гродзенская Газета». Праз пару нумароў газета напісала, што прывід жыў у іншым доме і наогул невядома ці ён існуе. Але дом і яго жыхары засталіся ў гісторыі горада назаўжды.
Той прывід, як пісалі, перасоўваў рэчы, абліваўся гарачай вадой з чайніка і выдаваў нейкія гукі. Найбольш ён любіў маладога сына гаспадароў па прозвішчы Герута. Той яшчэ навучаўся ў гімназіі і амаль што пасябраваў з прывідам. Прынамсі калі Вітэка Геруты ў кватэры не было, то прывід не паказваўся. Пра прывіда неўзабаве забылі, а Герута стаў спартсменам сусветнага маштабу.
Але што ж гэта за дом, які абраў сабе палтэргейст?
Кааператыў, якому не пашанцавала
У 1923 годзе афіцэры гродзенскага гарнізона стварылі прыватны будаўнічы кааператыў, які выкупіў кавалак зямлі ў трохкутніку сучасных вуліц Горкага, Славацкага і Астроўскага (тады Панятоўскага). Вайскоўцы імпэтна ўзяліся за будову, аднак кааператыў хутка збанкрутаваў, а пабудаваць паспелі толькі тры дамы, адзін з якіх выходзіў на вуліцу Горкага (Грандзіцкую), другі на Астоўскага, а трэці стаяў у глыбіні. На рэшце ўчасткаў засталіся толькі падмуркі, якія забудоўваліся гродзенцамі ўжо пасля Другой Сусветнай вайны.
Гродзенскі чэмпіён з Манчжурыі
У некалькікватэрным доме па Панятоўскага № 4 (цяпер дом мае № 4-а, бо нумар 4 аддалі збудаванаму пазней на пустым месцы дзіцячаму садку) і пасялілася сям’я паштовага служачага Геруты, які хаця і быў гродзенцам, але яшчэ перад Першай Сусветнай вайной паехаў працаваць у Манчжурыю. Яшчэ ў 1912 г. у яго ў Харбіне нарадзіўся сын Вітальд, разам з якім сям’я пераехала ў Гродна.
Вітальд вырас магуным хлопцам. Ужо заканчваючы гімназію (у час сваіх сустрэч з прывідам) Вітальд меў рост каля 195 сантыметраў і паказваў выдатныя поспехі ў спорце. Быў ён і баскетбалістам, і валейбалістам, і бегуном, і дзесяціборцам. Трэніроўкі малады Герута праводзіў на пустой тады вуліцы Астроўскага. Тут ён кідаў дыск і кап’ё, якое мясцовыя хлопчыкі прыносілі яму назад.