У Гродне вырасла цэлае пакаленне жыхароў, для якіх так званы дом купца Мураўёва на Савецкай плошчы — не больш чым дэкарацыя для цэнтра Гродна. Асабліва з улікам таго, што цэлых шэсць гадоў фасад будынка быў наогул завешаны прасцінай з надпісам «Муравьёфф Отэль».
Між тым на працягу 40 гадоў дом гэты выконваў грамадскую функцыю — быў абласной бібліятэкай імя Яўхіма Карскага. Шыкоўныя кафляныя печы, ляпніна на столі, фрэскі на сценах — чым не храм ведаў. Сёння ад усёй гэтай прыгажосці застаўся толькі фасад.
Ужо неаднаразова пісалі пра тое, як у сярэдзіне 1990-х будынак стаў ахвярай хітрай карупцыйнай схемы, за якую, аднак, ніхто так і не трапіў у турму. Мы ж раскажам пра гісторыю будынка.
Шчыльная забудова паўночнай часткі гродзенскага Рынку існавала ўжо ў 16 стагоддзі. Пачынаючы з 16 стагоддзя і да сярэдзіны 17 стагоддзя пляцамі, на якіх пасля з’явіўся дом Мураўёва, валодалі мяшчане Цвіклічы.
[irp posts="74 167″ name="Смотрите, как выглядят старые подвалы дома купца Муравьева в Гродно"]
У 1783 годзе пляцам валодаў маршалак Гродзенскага павета Казімір Вольмер, які пабудаваў тут невялікую камяніцу і адчыніў краму каланіяльных тавараў. Адзіная выява гэтага будынка — бакавы яго фасад на малюнку Напалеона Орды 1860-х гг. Ён таксама бачны на карце Гродна 1866 — 1867 гг.
Можна меркаваць, што дом Мураўёвых быў пабудаваны на месцы гэтага дома пасля пажару 1885 года або перабудаваны з раней існаваўшага дома.Гэтаму ёсць пацверджанні:
— з высокаякаснай жоўтай цэглы зроблена толькі знешняя, дэкарацыйная, частка фасада будынка, а таксама трэці і часткова другі паверх будынка. Рэшта будынка (першы і часткова другі паверх) вымураваны з жоўта-чырвонай цэглы, зробленай як мінімум у першай палове 19 стагоддзя.
— існуюць аконныя і дзвярныя праёмы-аркі, закладзеныя ва ўнутранай сценцы фасада і ўнутраных сценках, якія не супадаюць з цяпершнімі вокнамі і дзвярнымі праёмамі, прабітымі пад час перабудовы дома ў 1880-х — 1890-х гг.
— падмуркі і падвалы дома не зусім супадаюць з нясучымі канструкцыямі сучаснага будынка.
Такім чынам існуе вялікая верагоднасць таго, што будынак не толькі стаіць на больш ранніх падмурках і мае падвалы, ацалелыя ад ранейшай забудовы, але і сам з’яўляецца моцна перабудаваным у канцы 1880-х — пачатку 1890-х гг. домам, узведзеным найпазней у першай палове 19 ст. або нават у другой палове 18 ст.
У сучасным выглядзе дом купца Мураўёва ўпершыню зафіксаваны на паштоўцы Мілакоўскага, зробленай паміж 1892 і 1897 гг.
Даціроўка ўзвядзення фасада дома 1890-мі гадамі дазваляе з вялікай верагоднасцю сцвярджаць, што будынак праектаваўся тым самым архітэктарам, які аднаўляў пасля пажара вялікую харальную сінагогу на Вялікай Траецкай.
Будынак быў багата аздоблены як звонку, так і знутры. На вежачках знаходзіліся гербавыя шчыты (па ўсёй бачнасці, гіпсавыя). Адзін з гербавых шчытоў перажыў Другую сусветную вайну і быў знішчаны недзе на мяжы 1950-х і 1960-х гг. Па даху будынка ішоў разны, магчыма драўляны, карніз, які можна ўбачыць яшчэ на здымках сярэдзіны 1960-х гг.
Будынак, пачынаючы ад таго моманту, як набыў сучасны выгляд, фарбаваўся ў чырвоны колер. Можна дапусціць, што ўласнікі хацелі надаць будынку больш традыцыйны для іх мясцін чырвоны колер, што было сімвалам заможнасці (мураваны будынак) і адпавядала традыцыйнаму чырвонаму колеру гліны ў большасці мясцовасцей Расійскай Імперыі. У любым выпадку будынак цягам 100 гадоў фарбаваўся як мінімум чатыры разы.
Домам і пляцам, на якім ён размяшчаўся, на канец 19 ст. валодалі купцы Мураўёвы (у 1886 г. — купец Іван Іванавіч Мураўёў, 1910 г. — купец Васіль Іванавіч і купец, калежскі асэсар Мікалай Іванавіч Мураўёвы). Купецкі род Мураўёвых быў звязаны з Брэстам-Літоўскім і яго прадстаўнікі займалі ў тагачасным Гродне досыць важныя пасады, напрыклад уваходзілі ў праўленне Гродзенскага сафійскага праваслаўнага брацтва.
Паводле адшуканых дакументаў, яшчэ ў 1875 годзе купец Іван Іванавіч Мураўёў застрахаваў на 18 000 рублёў медны, каланіяльны, пушны і іншы тавар і віна, якія захоўваліся ў каменным крытым дахоўкай доме Кацэнэленбогена на Саборнай плошчы. Хутчэй за ўсё пасля пажара 1885 г. або да яго дом перайшоў ва ўласнасць Івана Мураўёва.
Па апісанні 1886 г., нерухомая маёмасць Івана Мураўёва ацэньвалася ў 1400 руб. і складалася з мураванага трохпавярховага дома, унізе якога быў свіран, наверсе — жылое памяшканне і крама. У 1910 г. нерухомасць братоў Мураўёвых складалі мураваны трохпавярховы дом, тры флігелі (адзін трохпавярховы і два двухпавярховыя), якія каштавалі 24 000 руб. і прыносілі даход 3300 руб. У доме Мураўёвых мясціліся Гродзенскае аддзяленне Беластоцкага камерцыйнага банка і магазін змешаных мануфактурных тавараў (пад фірмай «Франк Ш. А., удава і сын»). Самі ж браты Мураўёвы ў суседнім доме Левінсона і Тарлоўскай здымалі памяшканні для магазіна («Ренсковый погреб» з продажам бакалеі і каланіяльных тавараў), тры склады і два хлявы.
Паводле звестак 1923 года дом працягваў належаць Мураўёвым — дакладней, Мікалаю Мураўёву, які толькі тады вярнуўся з Расіі з бежанства (у гады Першай Сусветнай вайны ў доме жылі нямецкія салдаты). Гэта быў самы высокі дом на плошчы Баторыя: 3-павярховы, крыты бляхай. Акрамя сям'і ўладальніка ў будынку пражывала 13 чалавек, сярод іх было сем католікаў і пяць яўрэяў.
На 1928 г. у доме працавала пякарня Залуцкага. Дарэчы сказаць, будынак не выклікаў захаплення ў гродзенскіх краязнаўцаў міжваеннага часу, напрыклад, Юзафа Ядкоўскага. Ён лічыў дом купца Мураўёва прыкладам «варварскай архітэктуры», вычварным прыкладам расійскага імперскага глабалізму.
У 1940 годзе ў нацыяналізаваным будынку была створана гродзенская фабрыка індпашыву «Атэлье мод». У красавіку 1945 г. у доме працягвала працаваць гэтая самая фабрыка. У студзені 1951 г. памяшканні, якія займала фабрыка, былі перададзены ў веданне гарадской (пазней — абласная імя Карскага) бібліятэкі, якая працавала тут аж да пачатку 1990-х гг.
Сумны лёс будынка ў 90-х апісаў у газеце «Пагоня» гродзенскі журналіст Зміцер Кісель. У 1994 г. рашэннем аблвыканкама было арганізавана «прыцягненне грашовых сродкаў на рэканструкцыю будынка абласной бібліятэкі». На гэты час фонды бібліятэкі ўжо былі перавезены ў памяшканне былога абкама КПБ.
Адначасова горад прадаў два будынкі - дзіцячы садок (вул. Замкавая № 21) і былы філіял музея Славы (пр. Касманаўтаў № 83), каб накіраваць атрыманыя грошы на рэканструкцыю бібліятэкі. У конкурсе прымалі ўдзел дзве фірмы: ААА «Пульс» і «Канцэпт-93». Выйграла фірма «Пульс», пералічыўшы ў сакавіку 1995 г. у бюджэт 300 млн руб., якія былі прадугледжаны для мэтавага выкарыстання на рэканструкцыю бібліятэкі.
Рамонтна-будаўнічыя працы ў бібліятэцы пачаліся ў маі 1995 г., пры гэтым субпадрадчыкам выступіла прадпрыемства «Канцэпт-93». Да кастрычніка рамонт адбываўся выключна за кошт грошай субпадрадчыка. Пазней фірма «Пульс» атрымала крэдыт у памеры 200 млн руб. у філіяле «Беларусбанка», з якіх на рамонт было асвоена крыху больш за палову — 138,4 млн.
Нягледзячы на гэта, тагачаснае кіраўніцтва ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама працягвае дзейнасць дамовы з «Пульсам» да 1 красавіка 1996 г. Усяго на 1997 г. было накіравана 300 млн руб., з якіх фактычна было выканана падрадных работ на сумму 102,7 млн руб. Рамонт будынка фармальна быў завершаны, аднак бібліятэка ў яго не вярнулася. Паколькі ў дома не было належнай аховы, большая частка інтэр'ераў - печы, фрэскі і іншае — была страчана.З 2006 года будынкам валодаў «Беларускі народны страхавы пенсійны фонд». У лістападзе 2012 года скончана рэстаўрацыя фасадаў. Неўзабаве «Беларускі народны страхавы пенсійны фонд» перастаў існаваць і цяпер домамі валодаюць спадкаемцы гэтай арганізацыі.
Паводле існуючай інфармацыі гарадскія і абласныя ўлады ініцыююць працэс вяртання будынка ў дзяржаўную ўласнасць.
Дасюль не адноўлены важны элемент знешняга дэкора будынка — арыгінальная сталярка вокнаў і дзверы. Яны павінны вярнуцца! Гэтым, відаць, будзе займацца новы ўласнік. Таксама трэба будзе прасачыць, каб не зніклі ўнікальныя каваныя краты з увахода ў будынак, знятыя яшчэ ў 2006 годзе.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…