Горад

Першы псеўдагістарычны муляж. Хто і калі збудаваў «дом Ажэшкі»

Цяпер ужо мала хто і задумваецца, што будынак па адрасу вул. Ажэшкі, 17, у якім размешчаны музей Элізы Ажэшкі і філіял гродзенскай абласной бібліятэкі, насамрэч быў пабудаваны ў 1976 г. Арыгінальны драўляны дом, у якім жыла знакамітая гродзенка, разабралі дзеля пашырэння вуліцы (ён знаходзіўся ля самай праезджай часткі). На некалькі метраў далей ад дарогі з газасілікатных блокаў была пабудавана яго копія, піша ў блогу гродзенскі краязнаўца і гісторык Мечыслаў Супрон.

Дом Элізы Ажэшкі ў міжваенны час. Фота з архіву NAC

Разборка дома Э.Ажэшкі. На заднім плане віднеюцца абрысы дома-муляжа. 1970-я гады. Фота з facebook Андрэя Вашкевіча
Знос гістарычных будынкаў у Гродне і будаўніцтва на іх месцы псеўдагістарычных муляжоў - гэта тэндэнцыя, якая набыла папулярнасць у наш час. Аднак упершыню гэты метад, як мы бачым, быў выкарыстаны больш за чатыры дзясятка гадоў назад. Замест дома, у якім жыла культавая польская пісьменніца, мы маем будынак, які толькі знешне нагадвае арыгінал, бо ўнутраная планіроўка ў новабудзе стала зусім іншай. Адзіная аўтэнтычная дэталь экстэр’ера — чугунны балкон.

Хто пабудаваў дом?

Прынята лічыць, што арыгінальны будынак, у якім жыла пісьменніца, быў пабудаваны ў 1860−1870-я яе будучым мужам Станіславам Нагорскім. Апроч таго, дзе-нідзе можна сустрэць інфармацыю, што дом мог з’явіцца нашмат раней, у другой палове 18 стагоддзя. Відавочна, што тут ідзе блытаніна з драўляным будынкам кафенгаўза на Гарадніцы часоў Тызенгаўза, які знаходзіўся побач і да пачатку 19 стагоддзя апынуўся ў аварыйным стане і быў разабраны ў 1821 г.

Насамрэч дом Ажэшкі быў пабудаваны да 1866 г. камер-юнкерам імператарскага двара, ганаровым міравым суддзёй, статскім саветнікам Аляксандрам Мікалаевічам Жалтухіным.

Дом А. Жалтухіна на вуліцы Садовай. Абмерны рысунак 1874 г.
Тут, у самым цэнтры ажыўленай вуліцы, якая ў той час мела назву Садовая, драўляны дом з мансардным паверхам знаходзіўся ў атачэнні дрэваў, а ў дворыку, які цягнуўся да самай Гараднічанкі, быў пасаджаны прыгожы сад з дэкаратыўнымі дрэвамі, траўнікам і ходнікамі. У самым вуглу ўчастка знаходзіліся драўляныя гаспадарчыя пабудовы і лазня. Паводле архіўных дакументаў, Жалтухін валодаў домам яшчэ ў 1874 г., аднак у 1878 г. ён быў назначаны віцэ-губернатарам харкаўскай вобласці і вымушаны быў з’ехаць.
План участка. 1874 г.

Дом Нагорскага

Наступным гаспадаром нерухомасці стаў адвакат Станіслаў Нагорскі, будучы муж пісьменніцы. На вуліцу Садовую Эліза Ажэшка пераехала ў 1894 г., хоць пэўны час жыла тут яшчэ ў 1885 г., пасля таго, як пажар знішчыў яе дом непадалёк Сеннага Рынку.

Дом Ажэшкі. Фота пачатку 20 стагоддзя
Тут, у гэтым доме, пісьменніцай былі напісаны кніга апавяданняў «Меланхолікі», аповесці «Аўстраліец» і «Ad astra», раман «Арганаўты» і зборнік навел «Gloria victis». На мансардным паверсе дома пісьменніцы працавала нелегальная бібліятэка, дзе праходзілі прыватныя заняткі.
Адзін з пакояў дома, дзе жыла пісьменніца. Фота пачатку 20 стагоддзя

Адзін з пакояў дома-муляжа з экспазіцыяй, прысвечанай пісьменніцы
Пасля смерці Ажэшкі ў 1910 г. яе дом атрымалі ў спадчыну спадкаемцы Максіміліян і Марыя Абрэмбскія, аднак, згодна з наказам пісьменніцы, у 1911 г. быў перададзены гродзенскаму таварыству апекі над дзецьмі.
Ганак дома Элізы Ажэшкі ў міжваенны час. Фота з архіву NAC

Дом-музей Э. Ажэшкі. Фота аўтара

Што варта зрабіць ля дома-музея Э.Ажэшкі?

Сёння дом-музей пісьменніцы з’яўляецца адным з найпапулярнейшых турыстычных атракцый у горадзе. Штогод яго наведваюць тысячы турыстаў, у асноўным з Польшчы. Відавочна, кожны наведвальнік хоча дакрануцца да жывой гісторыі, адчуць дух і атмасферу Гродна другой паловы 19 — пачатку 20 стагоддзяў, калі пісьменніца жыла ў горадзе і пісала тут свае апавяданні. І большасць з іх чакае расчараванне: экспазіцыя музея, прысвечаная пісьменніцы, вельмі небагатая, а інтэр'еры дома нагадваюць сучасную кватэру з еўрарамонтам. Відавочна, дзеля прыцягнення турыстаў трэба выпраўляць сітуацыю.


«Няма куды грошы падзець?» Экскурсаводы абурыліся ідэяй перанесці помнік Ажэшкі


Па-першае, варта было б аднавіць інтэр'еры пакояў. Захавалася шмат фотаздымкаў пачатку 20 стагоддзя, па якім гэта можна зрабіць.

Адзін з пакояў дома пісьменніцы. Фота пачатку 20 стагоддзя
Па-другое, аднавіць ландшафтную планіроўку ўнутранага дворыка, высадзіць дрэвы і кусты так, як гэта зафіксавана на абмерным рысунку 1874 г. Па-трэцяе, паставіць помнік пісьменніцы. Нядаўна ў СМІ з’явілася інфармацыя аб магчымым пераносе цяперашняга помніка Ажэшцы бліжэй пад дом-музей пісьменніцы. Мы лічым гэтую ініцыятыву апраўданай толькі ў тым выпадку, калі будзе адноўлены будынак, на месцы якога цяпер знаходзіцца гэты помнік.


«Калі перанясем, тады зможам аднавіць дамы на Басняцкай». Гісторык Ян Лялевіч пра перанос помніка Ажэшкі


Сучасная вуліца Э.Ажэшкі. З левага боку бачны незахаваны да нашага часу дом, на месцы якога стаіць помнік пісьменніцы

У іншым выпадку, як прапаноўвае гісторык А.Вашкевіч, варта было б выліць у бронзе новы помнік Ажэшцы ў выглядзе лавы, на якой сядзіць пісьменніца. І паставіць гэты помнік за домам-музеем, каб кожны ахвотны змог сфатаграфавацца з самай знакамітай жанчынай нашага горада!

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Я і цяпер не згублюся ў Гродне». Пагутарылі з рэпатрыянтам, які пераехаў у Польшчу ў 1946 годзе, але дагэтуль памятае родны горад

Генрык Усціла нарадзіўся ў 1929 годзе ў Гродне на вуліцы Брыгіцкай. У 1935 годзе яго…

21 лютага 2025

«Нам з вамі нельга мець ніякіх сувязей». З’ездзілі ў Белавежскую пушчу, падзеленую агароджай, і даведаліся, што адбываецца па абодва бакі

Агароджа на мяжы Польшчы і Беларусі дзеліць Белавежскую пушчу на дзве часткі. Па абодва бакі…

19 лютага 2025

«Пасведчанне аб шлюбе парвалі пры сварцы». Як беларусы (не) разводзяцца ў эміграцыі

Ягор з партнёркай перажылі тры пераезды і вайну, і калі вонкавага лайна стала менш -…

18 лютага 2025

Забойства інжынера Кёніга. Як у Гродне 100 гадоў таму расследавалі гучную справу

Сто гадоў таму ў Гродне адбылося самае гучнае забойства 1925-га: у цэнтры гораду забілі вядомага…

17 лютага 2025

Дзень Сябровак замест Валянцінава дня. А вы ведалі, што адзначаюць 13 лютага?

Напярэдадні Дня святога Валянціна ўсё больш жанчын у свеце адзначаюць Дзень Галентайна - жаночага сяброўства.…

13 лютага 2025

Казюкі ў парку, блін-тусоўка і па пудзілу на кожны дзень. Дзе ў Гродне адсвяткаваць Масленіцу-2025

Масленіца ў гэтым годзе прыпадае на 2 сакавіка, а масленічны тыдзень пачынаецца з 24 лютага.…

12 лютага 2025