Цяпер ужо мала хто і задумваецца, што будынак па адрасу вул. Ажэшкі, 17, у якім размешчаны музей Элізы Ажэшкі і філіял гродзенскай абласной бібліятэкі, насамрэч быў пабудаваны ў 1976 г. Арыгінальны драўляны дом, у якім жыла знакамітая гродзенка, разабралі дзеля пашырэння вуліцы (ён знаходзіўся ля самай праезджай часткі). На некалькі метраў далей ад дарогі з газасілікатных блокаў была пабудавана яго копія, піша ў блогу гродзенскі краязнаўца і гісторык Мечыслаў Супрон.
Хто пабудаваў дом?
Прынята лічыць, што арыгінальны будынак, у якім жыла пісьменніца, быў пабудаваны ў 1860−1870-я яе будучым мужам Станіславам Нагорскім. Апроч таго, дзе-нідзе можна сустрэць інфармацыю, што дом мог з’явіцца нашмат раней, у другой палове 18 стагоддзя. Відавочна, што тут ідзе блытаніна з драўляным будынкам кафенгаўза на Гарадніцы часоў Тызенгаўза, які знаходзіўся побач і да пачатку 19 стагоддзя апынуўся ў аварыйным стане і быў разабраны ў 1821 г.
Насамрэч дом Ажэшкі быў пабудаваны да 1866 г. камер-юнкерам імператарскага двара, ганаровым міравым суддзёй, статскім саветнікам Аляксандрам Мікалаевічам Жалтухіным.
Дом Нагорскага
Наступным гаспадаром нерухомасці стаў адвакат Станіслаў Нагорскі, будучы муж пісьменніцы. На вуліцу Садовую Эліза Ажэшка пераехала ў 1894 г., хоць пэўны час жыла тут яшчэ ў 1885 г., пасля таго, як пажар знішчыў яе дом непадалёк Сеннага Рынку.
Што варта зрабіць ля дома-музея Э.Ажэшкі?
Сёння дом-музей пісьменніцы з’яўляецца адным з найпапулярнейшых турыстычных атракцый у горадзе. Штогод яго наведваюць тысячы турыстаў, у асноўным з Польшчы. Відавочна, кожны наведвальнік хоча дакрануцца да жывой гісторыі, адчуць дух і атмасферу Гродна другой паловы 19 — пачатку 20 стагоддзяў, калі пісьменніца жыла ў горадзе і пісала тут свае апавяданні. І большасць з іх чакае расчараванне: экспазіцыя музея, прысвечаная пісьменніцы, вельмі небагатая, а інтэр'еры дома нагадваюць сучасную кватэру з еўрарамонтам. Відавочна, дзеля прыцягнення турыстаў трэба выпраўляць сітуацыю.
«Няма куды грошы падзець?» Экскурсаводы абурыліся ідэяй перанесці помнік Ажэшкі
Па-першае, варта было б аднавіць інтэр'еры пакояў. Захавалася шмат фотаздымкаў пачатку 20 стагоддзя, па якім гэта можна зрабіць.
«Калі перанясем, тады зможам аднавіць дамы на Басняцкай». Гісторык Ян Лялевіч пра перанос помніка Ажэшкі
У іншым выпадку, як прапаноўвае гісторык А.Вашкевіч, варта было б выліць у бронзе новы помнік Ажэшцы ў выглядзе лавы, на якой сядзіць пісьменніца. І паставіць гэты помнік за домам-музеем, каб кожны ахвотны змог сфатаграфавацца з самай знакамітай жанчынай нашага горада!