Людзі і справы

Дом 2.0 і новае жыццё. Гісторыі сабак і котак, якіх забралі з прытулку

Мары, Дэйзі, Шык, Кася і Коска — былыя гадаванцы прытулку для бяздомных жывёлаў суполкі «Адданае сэрца», якім пашчасціла знайсці новы дом і пачаць жыццё з чыстага аркуша. Мы распыталі іх гаспадароў, чаму яны вырашылі ўзяць жывёлаў з прытулку і як гэта паўплывала на іх уласнае жыццё.

Сабака падарыў мне цэлы свет

Да гэтага часу ў нас жылі два коцікі. Аднаго мы знайшлі на вуліцы, другога забралі з прытулку. Ката завуць Бегемот, а котку — Мары.

Мары мы забралі з прытулку, дзе яна правяла каля васьмі месяцаў. Зараз яна намнога больш сацыяльная, чым Бегемот. Асабліва Мары пасябравала з сабакам. Ледзь не паміж ног у яго ходзіць.

Алёна і Аляксей Патапенка маюць трох гадаванцаў. Ката Бегемота знайшлі малым у лужыне каля крамы, котка Мары і сабака Дэйзі - былыя жыхары прытулку

Коткі - мая другая натура. А вось досведу ўтрымання сабакі ўвогуле не мела.

Калі я першы раз пабачыла ў прытулку Дэйзі, то падумала, што яна дакладна тут надоўга не затрымаецца. Вялікая, амаль з аўчарку, прыгожая — такога сабаку, на маю думку, павінны былі хутка забраць. Але прайшло паўгода, а Дэйзі заставалася там. І вось настаў такі крытычны момант, што ў прытулку не хапала месца ўсім сабакам. Мы з мужам абмеркавалі сітуацыю і вырашылі забраць Дэйзі.

Алёна: «Калі я першы раз пабачыла ў прытулку Дэйзі, то падумала, што яна дакладна тут надоўга не затрымаецца. Але ішоў час, а яна па ранейшаму там заставалася…»

Для мяне Дэйзі стала сувяззю з рэальным светам. Я працую дыстанцыйна і раней магла выходзіць на вуліцу прыкладна раз на тыдзень. Зараз штодня хаджу з ёй на шпацыр і праводжу гадзіну-другую на свежым паветры. Гэта мой самы лепшы час за ўвесь дзень. Я стала бачыць прыгажосць навакольнага асяроддзя. Заўважаць, што кожны дзень — зусім іншы. Раней усё гэта заставалася па-за ўвагай.

У нас дома з’явіліся ўжо свае рытуалы, звязаныя з кожным з пітомцаў. Кот заўжды спіць з намі. У яго ёсць свая падушка. Котка спіць пры нагах. Калі ў сне нехта згінае калені, то яна любіць забірацца ў гэты «домік». Раніцай, калі выходжу з-пад душа, яна заўжды чакае на рукамыйніку. Трэба нахіліцца — яна палезе на шыю абдымацца, вітацца і паведамляць, што пара снедаць.

Вялікіх праблем з прывыканнем Дэйзі на новага дома не было. Дэйзі разумная і добрая. Толькі часта сумуе. Мы спрабуем навучыць яе гульням і забаўкам, каб развесяліць. Вучыцца яна лёгка. Простыя каманды ўжо ведае. Праўда, пару разоў было такое, што яна ўцякала са шпацыра ў лес. Там, мабыць, жыве заяц, і сабака не можа адмовіць сабе ў задавальненні пабегчы за ім. Потым Дэйзі вярталася, сама знаходзіла пад’езд і кватэру, хаця жыве з намі толькі тры месяцы.

Калі бралі жывёлаў, думалі, што харчаванне іх будзе для нас праблемай. Мы вегетарыанцы, а зараз халадзільнік забіты мясам - кормім сваіх гадаванцаў выключна натуралкай. Насамрэч, усё аказалася не так складана. Эканоміць ці адмаўляць сабе ў нечым неабходным не прыходзіцца.

Аляксей і Алёна — вегетарыянцы. Калі бралі жывёлаў, думалі, што харчаванне іх будзе праблемай. Насамрэч, усё аказалася не так складана. Удаецца і трымацца звыклага ладу жыцця, і карміць гадаванцаў выключна «натуралкай»

Напэўна, многія думаюць, што мы ненармальныя. Маўляў, у такім узросце трэба заводзіць дзяцей, а не жыць так, як мы. Але гэта наш выбар. Нашы блізкія яго прынялі, зараз радуюцца, калі мы прыходзім у госці з сабакам.

Дзяўчына з Шыкам

Перад тым, як забраць сабаку, я працавала ў прытулку як валанцёр. Там я пазнаёмілася з Шыкам. Потым даведалася, што ён прытулкавы «доўгажыхар». Шык з’явіўся ў «Адданым сэрцы» яшчэ да таго, як прутулак пераехаў на цяперашняе месца. Цалкам сабака правёў тут каля шасці гадоў.

Людміла Мацісовіч з сабакам Шыкам. «Цэлы год я хадзіла і казала яму, што хутка забяру. Мне падаецца, ён усё разумеў. З бацькамі таксама дамовілася, яны ведалі, што я вярнуся з сабакам. Канечне, на пачатку мяне адгаворвалі. Казалі, што гэта цяжкая ноша і каб „не маялася дур’ю“. Але я сказала, што без Шыка ўжо не змагу, і што вярнуся толькі разам з ім».

Шык прыгожы і статны. З выгляду нагадвае байцоўскага сабаку. А ў душы — рамантык, хлопчык-дзьмухавец. Фізічна ён здровы, але вельмі палахлівы. Справа зусім не ў тым, што ў прытулку да яго ставіліся кепска. Я ж сама там шмат часу праводзіла і ведаю, што валанцёры не робяць жывёлам шкоды. Проста — ёсць і такія натуры. Толькі праз гэту сваю палахлівасць Шык заставаўся ў прытулку такі доўгі час. Ён баяўся чужых, нават гуляць не хадзіў з незнаёмымі. Проста падаў на зямлю і не кранаўся з месца. Яго забіралі некалькі разоў, але потым вярталі.

Праз год працы я вырашыла, што як скончу вучобу і буду жыць дома, а не ў студэнтскім інтэрнаце, абавязкова забяру Шыка з сабой. Цэлы год я хадзіла і казала яму, што хутка забяру. Мне падаецца, ён усё разумеў. З бацькамі таксама дамовілася, яны ведалі, што я вярнуся з сабакам. Канечне, на пачатку мяне адгаворвалі. Казалі, што гэта цяжкая ноша і каб «не маялася дур’ю». Але я сказала, што без Шыка ўжо не змагу, і што вярнуся толькі разам з ім.

Бабуля ўвогуле не магла зразумець маіх расповедаў аб працы ў прытулку. Усё пыталася, колькі мне за гэта плацяць, чаго я туды езджу. А зараз Шыка ўсе палюбілі. І бабуля, як прыходзіць, то прыносіць яму гасцінцы — то костачкі, то катлеткі. І дзед яго шкадуе, і мама любіць паціскаць, і брат малодшы нармальна ставіцца.

Ад таго часу, як ён жыве са мною, прайшло ўжо паўгода. Спачатку ён баяўся проста ўсяго. У першы дзень я нават не здужала вывесці яго на вуліцу. Спрабавала восем разоў, але ён так і не асмеліўся пакінуць кватэру — кожны гук за дзвярыма яго напружваў. Страх цалкам не прайшоў і да гэтай пары. Са мной Шык яшчэ можа пагуляць даўжэй, а калі выводзіць мама — то толькі праз дарогу і назад. Падымае позірк на высокія дамы — і відаць, што вочы напоўнены страхам. Я разумею, што правёўшы жыцё ў прытулку, он такога не бачыў і зараз цяжка прывыкае. Але я люблю яго такім, як ёсць.

Шык прыгожы і статны. З выгляду нагадвае байцоўскага сабаку. А ў душы — рамантык, хлопчык-дзьмухавец. Фізічна ён здровы, але вельмі палахлівы. Фота з уласнага архіва Людмілы Мацісовіч

Мы жывём на першым паверсе, то калі іду на працу, бачу як ён тырчыць у вакне, праважае мяне, глядзіць услед. Увесь дзень ён сядзіць пад крэслам, ці хаваецца недзе па кутах. Але як толькі я вяртаюся — гэта проста трэба бачыць яго рэакцыю! Ён усміхаецца, скача, як завадны, адбымацца лезе — кранальна аж да слёз. А потым увесь час ходзіць за мной хвосцікам.

Раней яго голасу ніхто не чуў. Цяпер, калі я дома і нехта прыходзіць, то Шык пачынае брахаць. Мабыць, адчувае сябе ахоўнікам. У хаце не шкодзіць, рэчы не грызе. У стасунках з другімі сабакамі мой Шык таксама проста ідэальны. Калі выходзім гуляць, то на іншых ён проста не звяртае ўвагі. Яшчэ Шык сапраўдны ратаўнік. Падчас жыцця ў прытулку ён выратаваў жыццё аднаму сабаку. Да нас звярнуліся, калі тэрмінова патрабавалася пераліванне крыві. Шык падыходзіў па ўзросце і па здароўю і змог здаць кроў.

Я ніколі не была за тое, каб заводзіць толькі пародзістых сабак. Як па мне, то Шык такі прыгожы, што і пароды такой не знойдзеш. Дварнягі - яны самыя ўнікальныя!

Оля, Арцём і Кася — сабака, што лічыць сябе коткай

Раней у нас таксама жыў сабака. Год таму ён памёр, і я сказала сабе — ўсё! Сабаку больш браць не будзем. За 14 гадоў так да яго прывыклі, цяжка было перажыць страту. Але калі летась у прытулку быў пажар, то ў парыве «сабакалюбства» я напісала валанцёрам, што магу ўзяць аднаго з пагарэльцаў на ператрымку. І да нас проста ноччу прывезлі Касю — брудную і прапахлую дымам. Яна зайшла ў кватэру і дзве гадзіны прасядзела ў куце, проста моўчкі пазіраючы ў сцяну. Толькі праз пару дзён пачала адыходзіць патроху, але увесь час маўчала. І на павадку гуляць зусім не ўмела.

Вольга: «Нам расказалі, што Кася жыла ў прытулку ўжо цэлы год. Яе нават забіралі, але потым вярталі ізноў. Бо яна не брахала і ўсяго баялася. Зараз Кася навучылася гуляць на павадку і без павадка таксама. Умее ісці побач, не ўцякае далёка»

З часам яна асвоілася, стала нармальна есці, пасябравала з нашымі двума катамі. Мы яе адмылі, сталі выводзіць на шпацыр у лес. Так мінула два тыдні, і мы вырашылі пакінуць сабаку назусім.

Нам расказалі, што Кася жыла ў прытулку ўжо цэлы год. Яе нават забіралі, але потым вярталі ізноў. Бо яна не брахала і ўсяго баялася. Мужчынаў на роварах яна палохаецца і да гэтай пары. Але зараз Кася навучылася гуляць на павадку і без павадка таксама. Умее ісці побач, не ўцякае далёка. Вельмі падружылася з нашымі катамі. Мне нават здаецца, што пра сябе яна таксама думае, як пра котку. Прынамсі, лапкі падціскае, дакладна, як котка. І спаць любіць на іх месцы, у старым чамадане.

Воля: «Кася вельмі разумная і вельмі любіць прыгожыя рэчы — сапраўдная дзяўчынка. Калі купілі ёй нашыйнік са стразамі, то яна проста сама галаву падстаўляла, каб хутчэй гэтую прыгажосць надзелі». На здымку — Арцём з Касяй у новым нашыйніку

Канечне, у сабакі з прытулку сацыялізацыя праходзіць складана. Колькі Кася пагрызла абутку, наскоў і правадоў - не палічыць. Калі заставалася адна, то вечна выцягвала ўсё са сметніцы. Разумею, што толькі размовамі гэта не лечыцца. Сталі проста закрываць дзверы ў пакоі, калі сыходзім, а абутак хаваць у скрынкі, каб не было спакусы шкодзіць. Здаецца, яна пачынае разумець, што да чаго.

Кася любіць Нёман, ёй падабаецца бегаць па вадзе, купацца. Узімку яна з задавальненнем валялася ў снезе. З Касяй Воля і Арцём выходзяць у выходныя на шпацыр у Каложскі парк

Увогуле, Кася вельмі разумная. І вельмі любіць прыгожыя рэчы — сапраўдная дзяўчынка. Калі купілі ёй нашыйнік са стразамі, то яна проста сама галаву падстаўляла, каб хутчэй гэтую прыгажосць надзелі. І ад яркіх ланцужкоў - проста балдзее.

Яшчэ Кася любіць Нёман, ёй падабаецца бегаць па вадзе, купацца. Узімку яна з задавальненнем валялася ў снезе. Калі б не Кася, то доўгіх шпацыраў у лес або ў парк у мяне б дакладна не было. А так — у выхадныя збіраемся з сябрамі-сабачнікамі і ходзім у Румлёва ці да Каложы. І наш дзядуля таксама рады, бо з Касяй ён стаў рэгулярна выходзіць на шпацыры, завёў новыя знаёмствы сярод суседзяў, што таксама выводзяць сабак.

Ганка, Воля, Коска — жыццё ў стылі «коскінг» і адносная чысціня

Воля: Сабаку я хацела даўно. Таму што сабака быў у мяне дома і я люблю гуляць з сабакамі. І Ганка таксама хацела завесці сабаку.

Ганка: Знаёмыя па-рознаму ставіліся да нашага жадання. Многія сумняваліся ў тым, што нам патрэбны сабака. Казалі, вы шмат ездзіце, шмат працуеце, навошта вам яшчэ адзін клопат, трэба крыху пачакаць.

Ганка Барадзіна і Вольга Галецка забралі Коску з прытулку, пабачыўшы яе здымак у інтэрнэце

Воля: Коску выбралі па фатаграфіі ў інтэрнэце на старонцы прытулку. І як толькі першы раз узялі сабачку на рукі, то адразу зразумелі, яна — наша.

Ганка: З тых часоў наша жыццё змянілася. Усвядомілі гэта, калі вечарам таго ж дня ляглі на канапу паглядзець кіно. Сабака ні хвіліны не магла ўседзець на месцы і нікому не давала спакою.

З ёй мы перасталі быць перфекцыяністамі. Я раней вельмі сачыла за парадкам. У нас усё было на сваіх месцах і заўсёды чыста. А зараз у нас… адносна чыста. Бо з сабакам — як з малым дзіцём. Мы, вядома, па-ранейшаму прыбіраем, але ўжо звыкліся, што праз паўгадзіны пасля ўборкі ад чысціні можа нічога не застацца.

Людзі нам кажуць: «Які ў вас прыгожы сабачка! Гэта якая парода? Чы-хуа-хуа? Далмацінец? Джэк Расэл? Ну-ну. Коска ў нас дварняга звычайная. Пароды двор-тэр'ер. Як па мне, дварнягі - гэта 100% пароды і 200% вернасці.

Воля: Яшчэ з Коскай мы сталі разумець, што вяртанне дадому — гэта радасць. Бо як толькі адчыняеш дзверы, радасць абвальваецца на цябе проста вадаспадам. І калі прыходзіцца з’язджаць, то я больш сумую па дому, таму што там застаецца Коска.

Ганка: Мы нарэшце сталі выходзіць на прагулкі. Ходзім пешшу ў Пышкі або ў Румлёва. Коска любіць доўгія паходы.

Воля: Калі Коска сумуе адна дома, то пачынае грызці рэчы. Ніткі аднойчы заблытала, пагрызла шкарпэткі, спальнік і нататнік. Цяпер не пакідаем рэчы ў даступных ёй месцах. Ды і Коска падрасла, разумее, што так рабіць не трэба.

Ганка: Людзі нам кажуць: «Які ў вас прыгожая сабачка! Гэта якая парода? Чы-хуа-хуа? Далмацінец? Джэк Расэл? Ну-ну. Коска у нас дварняга звычайная. Пароды двор-тэр'ер. Як па мне, дварнягі - гэта сто адсоткаў пароды і дзвесце працэнтаў вернасці.

Я вось нядаўна заўважыла, што стала спаць «у стылі Коскі». Проста адкрыўшы вочы зразумела, што абсалютна аднолькавыя паставы ў яе і ў мяне. Увогуле, у нас дома з’явіўся такі стыль паводзінаў, які паміж сабой мы называем «коскінг». Напрыклад, мы любім за Коску пагаварыць, выказаць адна адной нібыта Коскіны думкі. Часам, нават калі сабакі няма побач, ловім сябе, што размаўляем «Коскіным» голасам.

Воля: Яшчэ ў нас часта пытаюцца, чаму яе так назвалі - Коска. А мая сястра з Польшчы доўга не магла зразумець, чаму «Рrzecinek» — гэта дзяўчынка. Калі хтосьці прыходзіць да нас і пытаецца, як сабаку клічуць, то тлумачым, што яе не клічуць — сама прыходзіць, яшчэ і падбегам.


Гродзенскае грамадскае аб’яднанне абароны жывёлаў «Адданае сэрца» было створана ў сакавіку 2011 года. Гэта некамерцыйная, недзяржаўная ўстанова, што мае на мэце скарачэнне колькасці бяздомных жывёлаў праз стэрылізацыю, стварэнне прытулкаў, пошук для бяздомных жывёлаў новых гаспадароў.

Намаганнямі «Адданага сэрца» толькі за 2016 год новы дом знайшлі 158 сабак і 41 кот. Зараз у прытулку ўтрымліваецца больш за 50 жывёлаў. Аб магчымых варыянтах дапамогі на карысць арганізацыі можна даведацца ў суполцы «Адданага сэрца».

Падзяліцца

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024