Савецкі даўгабуд на ўскраіне Дзевятоўкі ператвораць у сучасны будынак. Там плануюць размясціць вытворчасць «Малочнага Свету». Раней заброшка была папулярнай у экстрэмалаў. Гродзенцы гулялі тут ў Night City. Аб’ект патрапіў у каталог вядомага ў СНД рэсурсу для сталкераў. Пры гэтым нават краязнаўцы не памятаюць, калі і навошта яго пачалі будаваць.
Праект склада абмяркуем усім горадам
Доўгабуд на Гаспадарчай, 30 хутка будзе выглядаць па-іншаму — яго хочуць перарабіць у сучасны будынак са шкляным фасадам. Гэта будзе шматфункцыянальны комплекс для «Малочнага Свету» (тэрыторыя са старой пабудовай прылягае да прадпрыемства). Тут плануюць вялікі склад і транспартную галерэю, па якой будуць прывозіць прадукты. Яшчэ ў планах зрабіць ачышчальныя збудаванні.
Абодва праекты — складскога комплексу і ачышчальных збудаванняў — гарвыканкам вынес на грамадскае абмеркаванне. Яно пройдзе з 15 лютага да 11 сакавіка. Праекты прэзентуюць у гарвыканкаме 2 сакавіка. Гродзенцы могуць прыняць удзел і выказаць сваё меркаванне.
Ніхто не памятае, што тут было
Цяпер будынак на ўскрайку горада ўяўляе сабой паўразбураную каробку. Ён стаіць у такім выглядзе не менш за 30 гадоў. «У 90-х там яшчэ нешта рабілі, потым усё закінулі», — распавёў Hrodna.life гісторык, жыхар Дзевятоўкі Андрэй Чарнякевіч.
Крыніца, блізкая да гарвыканкаму, паведаміла Hrodna.life, што гэта прамысловы даўгабуд савецкага часу. Пасля таго як аб’ект закансервавалі, ён пераходзіў да розных уласнікаў. Вядома, што кампанія «Контэ Спа»планавала зрабіць тут вытворчыя памяшканні, будаўніцтва меліся скончыць у 2018 годзе.
Дакладную дату пабудовы і яе першапачатковае прызначэнне высветліць не ўдалося — у краязнаўцаў амаль няма пра яе інфармацыі. На Гродзенскім форуме, актыўным у 2000-х, захаваўся чат, дзе гараджане спрачаюцца аб гэтым будынку. Называюць яго то піўзаводам, то хлебазаводам, то малочным камбінатам. «Гэта база іншапланецян, часовы партал», — пішуць жартам іншыя карыстальнікі з-за таго, што аб былым заводзе занадта шмат супярэчлівых дадзеных. А яшчэ таму, што ў яго незаўважных студнях лёгка можна знікнуць.
«Эстэтыка постапакаліпсісу»
«Гэтая заброшка была самай цікавай для нас, экстрэмалаў», — распавёў Hrodna.life гродзенец Андрэй Мялешка. Ён захапляўся гульнёй Night City і ў сярэдзіне 2000-х правёў тут каля 10 квэстаў. Па яго ўспамінах, самым небяспечным быў апошні, чацвёрты паверх, дзе было шмат нечаканых правалаў. На сценах найтсітэры пакідалі малюнкі.
Доўгабуд на ўскрайку Гродна стаў папулярным у сталкераў. Ён нават патрапіў у каталог спецыялізаванага рэсурсу urban3p, дзе экстрэмалы СНД збіраюць інфармацыю аб цікавых месцах. Недабудаваны гродзенскі завод атрымаў тут высокую адзнаку — 4,5 зоркі з 5.
«Там былі завалы з цэглы, арматуры, шмат жалезных каркасаў, а на даху раслі дрэвы, — успамінае гродзенка Вольга Новік. — На сценах мы знайшлі графіці і нават прыватныя аб’явы». Дзяўчына была ў старым будынку ў 2015 годзе. На той момант аб’ект стаяў без аховы.
«У ім ёсць эстэтыка постапакаліпсісу, — дзеліцца ўражаннямі Волz. — Гэта як музей, толькі без экскурсавода. У такіх месцах самастойна намацваеш гісторыю».
Дзяржкантроль прыбярэ даўгабуды
Камітэт дзяржкантролю актыўна заняўся незавершанымі будынкамі па ўсёй Беларусі ў 2021 годзе, пасля таго як Лукашэнка даручыў новаму кіраўніку ведамства Васілю Герасімаву навесці ў іх парадак. Чыноўнікі распрацавалі спецыяльны план да 2025 года па скарачэнні такіх аб’ектаў. Мясцовыя ўлады павінны рэгулярна даваць справаздачу аб яго выкананні перад КДК.
У Гродзенскай вобласці у пачатку 2021 года было 437 даўгабудаў, за 9 месяцаў іх колькасць удалося скараціць на 30 працэнтаў, паведамляла ў канцы 2021 года БелТА.