Паміж «Мама кепскага не раіць» і «Мама, ты нічога не разумееш!» — прасціраецца бясконцая прорва пунктаў гледжання і меркаванняў. Каб пераадолець гэты міжпакаленчы разрыў, журналісткі з Гродна Ірына Новік і Даша Гардзейчык абмяркоўваюць у падкасце «Дочкі-маткі» самыя вострыя тэмы. Агулам у першым сезоне запланавана 10 выпускаў. Першы эпізод ужо можна паглядзець.
Для Hrodna.life аўтаркі падкаста расказалі, чаму іх цікавіць тэма непаразуменняў паміж пакаленнямі і якім чынам падкаст паспрыяе збліжэнню жанчын розных узростаў.
Ірына Новік і Даша Гардзейчык — журналісткі і падкастаркі з Гродна. Голас Дашы вы маглі чуць у падкасце «Утульны горад». Ірына Новік — адна з пастаянных вядоўцаў падкаста «Гаворыць Гродна». Праект «Дочкі-маткі» для абедзьвух — першая спроба ў відэападкасцінгу.
«Мяне цікавіць гэтая тэма, таму што пакуль я маладая, свет належыць іншым пакаленням — гэта факт. Мне даводзіцца працаваць пад кіраўніцтвам людзей, якія старэйшыя за мяне мінімум год на 20, браць інтэрв'ю ў нават яшчэ старэйшых людзей, а з некаторымі асабіста прыемнымі мне асобамі - будаваць і нефармальныя стасункі. Таму мне цікава разабрацца, чаму прадстаўні:цы іншых пакаленняў думаюць па-іншаму, што паўплывала на іх погляды і як яны сфармаваліся менавіта такімі „дзікімі“».
«Для мяне тэма міжпакаленчага разрыву моцна пераплецена з тэмай эйджызму ў адносінах да жанчын. Калі жанчыне ў нашым, часта вельмі патрыярхальных грамадстве, 40+ ці 50+, яна робіцца празрыстай. Яе перастаюць заўважаць, яе меркаванне не ўлічваецца. А з іншага боку падціскаюць непаразуменні з дочкамі ці маладзейшымі жанчынамі. І вось гэтае «Мама, ты нічога не разумееш!», можа стаць апошняй кропляй, што разбурыць самаацэнку. Я б хацела, каб наш падкаст стаў прыкладам сяброўскай шчырай размовы, спробаю сшыць гэты разрыў пакаленняў і падтрымаць як маладых, так і сталых жанчын.
Даша Гардзейчык: «Я не так шмат з імі працую: больш даводзіцца сутыкацца са „старэйшымі міленіял:камі“. Цалкам я задаволеная, іксеркі - прыемныя. Адрозненні, якія мне кідаюцца ў вочы — гэта рэлігійнасць, якой я не сустракала ў прадстаўні:ц майго пакалення. Для шмат якіх іксерак рэлігія і ўсялякая містыка — значная частка жыцця. Культурныя спрэчкі пра пратэстантызм, уніяцтва, праваслаўе, дзэн-будызм і хатняе вядзьмарства, як частку ўласнага жыцця, я чула толькі, калі падслухоўвала размовы прадстаўні:ц пакалення Х. Акрамя рэлігійнасці, я заўважаю пэўны кансерватызм у пытаннях гендару і сэксуальнасці. Нягледзячы на тое, што гэтыя людзі былі маладымі ў вольныя 90-я, сэксізму і гамафобіі шмат каму з іх не бракуе».
Ірына Новік: «Для мяне маладзейшыя супрацоўніцы — такое чароўнае люстэрка, у якое бывае страшна зазірнуць. Мне падабаецца, што яны вельмі творча падходзяць да працы, часта робяць нечаканыя рэчы і натхняюць мяне глядзець на свет шырэй. Але мяне палохае, наколькі часта моладзь балюча рэагуе на крытыку. Тады думаю, што я монстр, якім трэба палохаць дзяцей). Агулам, мне больш падабаецца свет, які гэтыя амаль дзеці (гэта пяшчота, а не эйджызм) будуюць. Я за тое, каб паважаць свае і чужыя межы, быць экалагічнымі і беражлівымі ў стасунках, тлумачыць праблемныя пытанні зразумелымі словамі. Я шчыра вучуся, але пакуль часта адчуваю сябе сланіхаю ў акружэнні фарфоравых статуэтак».
Ілюзій пра тое, што падкаст «Дочкі-маткі» ў адну хвіліну зменіць свет, аўтаркі не маюць: «Не думаю, што атрымаецца сшыць разрыў паміж пакаленнямі цалкам і назаўсёды, але нейкі крок насустрач мы можам зрабіць. Уласна, робім у гэтым падкасце», — кажа Даша Гардзейчык.
«Жанчыны майго пакалення — адны з першых, хто ўсвядоміў - веды зараз ідуць не толькі ад старэйшых да малодшых, але і ў зваротным накірунку. Спадзяюся, што наш падкаст дапаможа маці і дочкам зрабіць яшчэ адзін крок насустрач адна да аднае».
«Будзе па тысячы праглядаў на выпуск — я буду скакаць да столі, — прызнаецца Даша. — Я прагну славы, буду шчырай».
«Я трымаю пальцы на крыж і малюся ўсім багіням, каб падкаст знайшоў сваю аўдыторыю, — кажа Ірына Новік. — А яшчэ — працую з яго прасоўваннем у сеціве і на партнёрскіх пляцоўках. То бок, карыстаюся і бабулінымі парадамі, і найноўшымі тэхналогіямі, каб забяспечыць праекту поспех».
Агулам у першым сезоне падкаста «Дочкі-маткі» будзе 10 выпускаў. Размовы вядучых у кожным выпуску падсумуе экспертка — псіхалагіня, сацыялагіня, гендарная даследчыца ці іншая спецыялістка. Першы эпізод праекта ўжо можна паглядзець. Экспертка выпуска — гарадзенка, псіхалагіня Вольга Вялічка. Відэападкаст размешчаны на ютуб-канале «Цёця Іра». Падпішыцеся, каб не прапусціць новыя гарачыя выпускі.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…