Паміж “Мама кепскага не раіць” і “Мама, ты нічога не разумееш!” – прасціраецца бясконцая прорва пунктаў гледжання і меркаванняў. Каб пераадолець гэты міжпакаленчы разрыў, журналісткі з Гродна Ірына Новік і Даша Гардзейчык абмяркоўваюць у падкасце “Дочкі-маткі” самыя вострыя тэмы. Агулам у першым сезоне запланавана 10 выпускаў. Першы эпізод ужо можна паглядзець.

Для Hrodna.life аўтаркі падкаста расказалі, чаму іх цікавіць тэма непаразуменняў паміж пакаленнямі і якім чынам падкаст паспрыяе збліжэнню жанчын розных узростаў.

Ірына Новік і Даша Гардзейчык – журналісткі і падкастаркі з Гродна. Голас Дашы вы маглі чуць у падкасце “Утульны горад“. Ірына Новік – адна з пастаянных вядоўцаў падкаста “Гаворыць Гродна“. Праект “Дочкі-маткі” для абедзьвух – першая спроба ў відэападкасцінгу.

Чаму журналістак цікавіць канфлікт пакаленняў

Даша Гардзейчык: “Свет належыць сталым пакаленням”

“Мяне цікавіць гэтая тэма, таму што пакуль я маладая, свет належыць іншым пакаленням – гэта факт. Мне даводзіцца працаваць пад кіраўніцтвам людзей, якія старэйшыя за мяне мінімум год на 20, браць інтэрв’ю ў нават яшчэ старэйшых людзей, а з некаторымі асабіста прыемнымі мне асобамі – будаваць і нефармальныя стасункі. Таму мне цікава разабрацца, чаму прадстаўні:цы іншых пакаленняў думаюць па-іншаму, што паўплывала на іх погляды і як яны сфармаваліся менавіта такімі “дзікімі“”.

Ірына Новік: “З узростам жанчыны робяцца “празрыстымі”

“Для мяне тэма міжпакаленчага разрыву моцна пераплецена з тэмай эйджызму ў адносінах да жанчын. Калі жанчыне ў нашым, часта вельмі патрыярхальных грамадстве, 40+ ці 50+, яна робіцца празрыстай. Яе перастаюць заўважаць, яе меркаванне не ўлічваецца.  А з іншага боку падціскаюць непаразуменні з дочкамі ці маладзейшымі жанчынамі. І вось гэтае “Мама, ты нічога не разумееш!”, можа стаць апошняй кропляй, што разбурыць самаацэнку. Я б хацела, каб наш падкаст стаў прыкладам сяброўскай шчырай размовы, спробаю сшыць гэты разрыў  пакаленняў і падтрымаць як маладых, так і сталых жанчын.

Ці магчыма “іксеркам” спрацавацца з “міленіялкамі”

Даша Гардзейчык: “Я не так шмат з імі працую: больш даводзіцца сутыкацца са “старэйшымі міленіял:камі”. Цалкам я задаволеная, іксеркі – прыемныя. Адрозненні, якія мне кідаюцца ў вочы – гэта рэлігійнасць, якой я не сустракала ў прадстаўні:ц майго пакалення. Для шмат якіх іксерак рэлігія і ўсялякая містыка – значная частка жыцця. Культурныя спрэчкі пра пратэстантызм, уніяцтва, праваслаўе, дзэн-будызм і хатняе вядзьмарства, як частку ўласнага жыцця, я чула толькі, калі падслухоўвала размовы прадстаўні:ц пакалення Х. Акрамя рэлігійнасці, я заўважаю пэўны кансерватызм у пытаннях гендару і сэксуальнасці. Нягледзячы на тое, што гэтыя людзі былі маладымі ў вольныя 90-я, сэксізму і гамафобіі шмат каму з іх не бракуе”.

Ірына Новік: “Для мяне маладзейшыя супрацоўніцы – такое чароўнае люстэрка, у якое бывае страшна зазірнуць. Мне падабаецца, што яны вельмі творча падходзяць да працы, часта робяць нечаканыя рэчы і натхняюць мяне глядзець на свет шырэй. Але мяне палохае, наколькі часта моладзь балюча рэагуе на крытыку. Тады думаю, што я монстр, якім трэба палохаць дзяцей). Агулам, мне больш падабаецца свет, які гэтыя амаль дзеці (гэта пяшчота, а не эйджызм) будуюць. Я за тое, каб паважаць свае і чужыя межы, быць экалагічнымі і беражлівымі ў стасунках, тлумачыць праблемныя пытанні зразумелымі словамі. Я шчыра вучуся, але пакуль часта адчуваю сябе сланіхаю ў акружэнні фарфоравых статуэтак”.

Крок насустрач і хвіліна славы

Ілюзій пра тое, што падкаст “Дочкі-маткі” ў адну хвіліну зменіць свет, аўтаркі не маюць: “Не думаю,  што атрымаецца сшыць разрыў паміж пакаленнямі цалкам і назаўсёды, але нейкі крок насустрач мы можам зрабіць. Уласна,  робім у гэтым падкасце”, – кажа Даша Гардзейчык.

“Жанчыны майго пакалення – адны з першых, хто ўсвядоміў – веды зараз ідуць не толькі ад старэйшых да малодшых, але і ў зваротным накірунку. Спадзяюся, што наш падкаст дапаможа маці і дочкам зрабіць яшчэ адзін крок насустрач адна да аднае”.

 “Будзе па тысячы праглядаў на выпуск – я буду скакаць да столі, – прызнаецца Даша. – Я прагну славы, буду шчырай”.

“Я трымаю пальцы на крыж і малюся ўсім багіням, каб падкаст знайшоў сваю аўдыторыю, – кажа Ірына Новік. – А яшчэ – працую з яго прасоўваннем у сеціве і на партнёрскіх пляцоўках. То бок, карыстаюся і бабулінымі парадамі, і найноўшымі тэхналогіямі, каб забяспечыць праекту поспех”.

Вядоўцы падкаста "Дочкі-маткі" Ірына Новік і Даша Гардзейчык
Вядоўцы падкаста “Дочкі-маткі” Ірына Новік і Даша Гардзейчык

Агулам у першым сезоне падкаста “Дочкі-маткі” будзе 10 выпускаў. Размовы вядучых у кожным выпуску падсумуе экспертка – псіхалагіня, сацыялагіня, гендарная даследчыца ці іншая спецыялістка. Першы эпізод праекта ўжо можна паглядзець. Экспертка выпуска – гарадзенка, псіхалагіня Вольга Вялічка.  Відэападкаст размешчаны на ютуб-канале “Цёця Іра”. Падпішыцеся, каб не прапусціць новыя гарачыя выпускі.