Людзі і справы

«Апрытомнеў на падлозе ад болевага прыёму». Палітвязню Фурманаву далі яшчэ 10 сутак

У Гродзенскім абласным судзе 1 ліпеня прайшоў чарговы адміністрацыйны працэс па «справе Ціханоўскага». На лаве падсудных быў гродзенец Дзмітрый Фурманаў, якога затрымалі ў Гродне 29 траўня падчас збору подпісаў за вылучэнне Святланы Ціханоўскай у кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі.

Судзілі Фурманава па артыкуле 23.4 КаАП (Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні).

У судовым працэсе ў якасці сведак выступілі не толькі супрацоўнікі АМАПу, але і бацькі Дзмітрыя Фурманава. Яны былі 29 траўня на Савецкай плошчы і бачылі, як іх сына затрымлівалі.

Затрымалі па падазрэнні

Сведка — супрацоўнік АМАПа Андрэй Пацуй — распавёў на судзе, што Фурманава затрымалі 29 траўня ў сувязі з падазрэннем, што ён быў датычны да бойкі на плошчы, калі ўпаў супрацоўнік міліцыі.

«Фурманаў спрабаваў уцячы з месца здарэння, мы падышлі да яго па падазрэнні і прадставіліся. Ён пачаў адмаўляцца і не захацеў з намі ісці. Тады мы затрымалі яго з дапамогай сілы. У момант затрымання Фурманаў спрабаваў уцячы».

Раней у пратаколе Андрэй Пацуй пісаў, што Фурманаў удзельнічаў у бойцы на плошчы.

Другі сведка Міхаіл Хацук распавёў у судзе, што атрымаў каманду ад кіраўніцтва затрымаць датычных да бойкі.

«Выказалі здагадку, што Фурманаў можа быць датычны да бойкі. На здагадках і затрымалі. Мы яму назваліся, а ён спрабаваў сысці ад затрымання. Напарнік ужыў сілу», — растлумачыў Хацук.

Падбеглі і панеслі ў аўтамабіль

Бацькі падсуднага, Аляксандр і Вольга Фурманавы, былі сведкамі затрымання іх сына. Яны прыйшлі на плошчу за гадзіну да бойкі - прынеслі вячэру Дзмітрыю.

«Мы былі з жонкай у пяці метрах ад століка, дзе быў сын. Ён нават не паспеў перакусіць, калі яго затрымалі, — распавядае Аляксандр Фурманаў. — Ён сядзеў за сталом і прымаў подпісы, быў у баку ад бойкі. Да яго падбеглі некалькі чалавек, схапілі за рукі і ногі, і панеслі ў аўтамабіль. Мы з жонкай і яшчэ некалькімі людзьмі пабеглі следам,
каб спыніць аўтамабіль. Я стаў спераду, але машына рэзка павярнула і з’ехала. Мяне зачапіла бамперам. Дзіма не чакаў, што яго затрымаюць, і таму ніякага супраціву з яго боку не было».

Бацькі толькі праз суткі даведаліся, што іх сын затрыманы супрацоўнікамі міліцыі.

Апрытомнеў на падлозе службовага аўтамабіля

Дзмітрый Фурманаў сваю віну на судзе не прызнаў.

«Я каардынатар ініцыятыўнай групы ў Гродне. Ажыццяўляў прамыя абавязкі, што адпавядае выбарчаму кодэксу, — кажа Фурманаў. — Затрымалі мяне невядомыя асобы ў цывільным адзенні - паднялі і пацягнулі. Я пачаў зваць па дапамогу — мне ўдарылі ў твар. Апрытомнеў ужо на падлозе службовага аўтамабіля ад болевага прыёму на запясце».

Пасля затрымання Дзмітрыя даставілі ў Ленінскі РАУС. Там склалі пратакол.

«Нічога супрацьзаконнага я нават не мог зрабіць. Я быў за сталом, мяне ўзялі і панеслі. Ніхто не прадстаўляўся і патрабаванняў не вылучаў. Усе дзейнічалі моўчкі», — дадаў Фурманаў.

Суд: вінаваты

Суд прызнаў гродзенца вінаватым і прысудзіў дадаткова 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Паказанні бацькоў, як зацікаўленых асобаў, суд не прыняў да ўвагі.

Раней Дзмітрыю Фурманаву было прад’яўленае абвінавачванне па ч. 1 арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак). Таксама ён падазраваны па арт. 364 КК (Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). У СІЗА ў Мінску Дзмітрый Фурманаў знаходзіцца ўжо месяц.

Чытайце таксама: «Чтобы милиционер оказался на земле в правовом государстве?» Глава «Белой Руси» в Гродненской области — о фальсификациях, рейтинге президента и задержании Тихановского

У гэты ж дзень у Гродзенскім абласным судзе разглядалі адміністрацыйную справу супраць Сяргея Ціханоўскага. Як і Фурманава, яго судзілі па артыкуле 23.4 КаАП (Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні). Ціханоўскі атрымаў 15 сутак. Ён таксама з’яўляецца падазраваным па крымінальных артыкулах і знаходзіцца ў СІЗА № 1 у Мінску.

Што адбылося ў Гродне ў дзень візіта Ціханоўскага?

У Гродне затрымалі палітычных актывістаў. Увечары 29 траўня на пікеце падчас збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую адбыўся інцыдэнт, у выніку якога блогера Сяргея Ціханоўскага і некаторых яго прыхільнікаў затрымала міліцыя. Сярод затрыманых — сябра ініцыятыўнай групы Дзмітрый Фурманаў. Удзельніцу верагоднай правакацыі супраць Ціханоўскага апазналі ў сацсетках.

Затрыманні працягнуліся на наступны дзень. 30 траўня затрымалі актывіста Мікалая Саляніка, які днём раней вёў перамовы з кіраўніцтвам міліцыі і спрабаваў даведацца, за што быў затрыманы і дзе знаходзіцца Ціханоўскі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» склаў спіс затрыманых у Гродне. Частку з іх перавезлі ў Мінск.

Гэта не спыніла ініцыятыўную групу Ціханоўскай. Афіцыйна было заяўлена, што падчас інцыдэнту пацярпеў міліцыянт. Узбуджаная крымінальная справа па факце гвалту ў адносінах да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў. Нягледзячы на ​​гэта, на наступныя дні да пікету Святланы Ціханоўскай выстраіліся чэргі — людзі стаялі, каб аддаць подпіс, нават пад дажджом.

Праваабаронцы прызналі Сяргея Ціханоўскага і іншых затрыманых у Гродне палітычнымі вязьнямі.

У выніку пад удар патрапілі і выпадковыя людзі. Увечары 29 траўня ў сацсетках пачалося цкаванне выпадковага чалавека, якога прынялі за супрацоўніка органаў у цывільным, які ўдзельнічаў у затрыманні ў Гродне. У дзяржаўных СМІ з другога боку пачалося цкаванне 81-гадовай пенсіянеркі Галіны Філіпаўны, якая падчас стрыму з Савецкай плошчы выказалася супраць Лукашэнкі і ў падтрымку Ціханоўскіх. Пенсіянерку Станіславу Дамшэль, якая 29 траўня таксама была на Савецкай, абвінавацілі ў дробным хуліганстве, але яна не пусціла міліцыю да сябе дадому. Выпадковыя людзі былі і сярод затрыманых на плошчы.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024