Што рабіць 10-га жніўня, альтэрнатыўныя кандыдаты раскажуць у сярэдзіне гэтага тыдня, заявіў Андрэй Дзмітрыеў на сустрэчы ў Гродне 1 жніўня. У Доме культуры «Цветліт» сабралася каля 20 чалавек. Большасць з іх — мужчыны старэйшага ўзросту. Яны актыўна абмяркоўвалі з кандыдатам у прэзідэнты, як дамовіцца з Пуціным пра газ, чаму Ціханоўская не прыйшла на дэбаты і на чыю карысць можна было зняцца з выбараў.

Андрэй Дзмітрыеў пачаў здалёк: распавёў, што першапачаткова не збіраўся ў прэзідэнты. Планавалася, што вылучацца будзе Таццяна Караткевіч, у якой было больш пазнавальнасці і канцэпцыя «мірных пераменаў». Але пазней стала зразумела, што «ўсе за мірныя перамены, акрамя ўлады». Апошняй кропляй для Дзмітрыева стаў каранавірус, калі «велізарная машына з рэсурсамі падняла лапкі дагары і сказала, што яна ні пры чым», пакуль у «Гавары праўду» «кляпалі маскі». А таксама праблемы з вадой з-пад крана ў Мінску.

Андрэй Дзмітрыеў

  • беларускі палітык і грамадскі дзеяч;
  • сустаршыня грамадскай арганізацыі «Гавары праўду»;
  • у 2010 годзе — кіраўнік выбарчага штаба кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева. Пасля выбараў яго асудзілі на 2 гады ўмоўна па ч. 1ст. 342 КК- Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх;
  • у 2015 годзе — кіраўнік выбарчага штаба кандыдата ў прэзідэнты Таццяны Караткевіч;
  • 39 гадоў;
  • жанаты, мае трое сыноў.

У выпадку перамогі на прэзідэнцкіх выбарах Андрэй Дзмітрыеў ажыццявіць свае дзесяць крокаў. Ён агучыў іх на сустрэчы.

«Ёсць тры прозвішчы: Дзмітрыеў, Ціханоўская, Чэрачань»

 — 9 жніўня я прашу вас усіх прыйсці і прагаласаваць. І зразумейце: калі вы не прыйшлі, калі вы прагаласавалі «супраць усіх», калі вы прагаласавалі датэрмінова — вы прагаласавалі за Лукашэнку. Ёсць тры прозвішчы: Дзмітрыеў, Ціханоўская, Чэрачань. Наша задача — сабраць больш за 50% разам. І тады, я ўпэўнены, у нас з’явяцца новыя магчымасці, каб перамагчы, — сказаў Дзмітрыеў.

Андрэй Дзмітрыеў нагадаў, што варта ісці ў назіральнікі і пазначаць сябе белымі бранзалетамі. Ён прапанаваў праявіць салідарнасць з участковымі камісіямі, таму што іх, «каля шасці тысяч чалавек узялі ў закладнікі». У «Гавары праўду» зрабілі паштоўкі «2 + 2=4», каб галасы палічылі сумленна. «Чым больш мы паказваем яму, што ў яго няма падтрымкі, тым большы працэнт яму хочацца сабе намаляваць, каб гэта ў нас было 3%».

Што рабіць 10-га жніўня па версіі Дзмітрыева?

Адказ, што рабіць 10-га жніўня, трэба даць да сярэдзіны тыдня. Адказаць альтэрнатыўныя кандыдаты павінны аднолькава, сказаў Дзмітрыеў. З Аб’яднаным штабам Ціханоўскай не атрымліваецца наладзіць дыялог, таму што яны знаходзяцца «ў стане эйфарыі». Гэта небяспечна, таму што сустрэчы з выбаршчыкамі - гэта «канцэрты», а ім супрацьстаіць чалавек, «які ўтрымлівае ўладу 26 гадоў любымі спосабамі», лічыць Дзмітрыеў. Ён быў у такой жа эйфарыі ў 2010-м годзе і пазней расчараваўся.

 — Крыніца таго, што трэба рабіць, павінна быць адна. Я сёння спрабую зрабіць усё, каб у Чэрачня, Дзмітрыева і Ціханоўскай быў адзін і той жа план, адзін і той жа голас. У мяне ёсць пару ідэй, што можна зрабіць. Але калі я пачну казаць адно, Ціханоўская — іншае, Чэрачань — трэцяе, а ў нас яшчэ ёсць «Хартыя», «Nexta» за мяжой, якія таксама хочуць распавядаць нам, што рабіць. І гэта будзе пяць варыянтаў, улады ў гэтую кучу дакінуць яшчэ дзесяць, і будзе абсалютны хаос. А ў краіне 167 баевікоў, падрыўнікоў і снайпераў, навучаных сваёй справе, якіх не могуць знайсці. У гэтым хаосе можа здарыцца ўсё, што заўгодна, — заявіў Дзмітрыеў.

Чаму не будзе здымацца з выбараў

 — Зняцца — я не бачу ў гэтым сэнсу, — сказаў Дзмітрыеў.

 — А дамовіцца (з Ціханоўскай — Hrodna.life) не атрымліваецца? — спыталі з залы.

— Пакуль не. Калі яны (штабы Ціханоўскай, Бабарыка і Цапкала — Hrodna.life) аб’ядналіся, я быў першым, які ўвечары сказаў ва ўсіх сацсетках, што іх падтрымліваю. Прапанаваў стварыць чат, правесці адзіны першы пікет за свабоду палітвязняў і канцэрт 26-га ў гонар 30-годдзя з дня абвяшчэнне суверэнітэту. Узгадніць графік, каб ахапіць максімальную колькасць людзей. Правесці сумесны фінальны пікет 8-га і сумеснае назіранне. < … > У адказ — маўчанне і незразумелы набор слоў. А з моманту затрымання баевікоў канцэрт вядзе іншы чалавек, — сказаў Дзмітрыеў.

Ён лічыць, што праблема ў «старой апазіцыі» ў штабе Ціханоўскай, з якой у Дзмітрыева «адносіны не складваюцца» і якая «цягне за сабой старыя крыўды».

Андрэй Дзмітрыеў на сустрэчы з выбарцамі ў Гродне 1 жніўня

Падтрымка ў Ціханоўскай, якую ён называў «Светай», большая, чым у Дзмітрыева, але гэта не большасць, сказаў кандыдат. У штабе вымералі рэйтынг кандыдатаў - у Лукашэнкі і Ціханоўскай ён аднолькавы — 27−30%. Гэтага недастаткова для перамогі ў першым туры. Прычына — электарат Лукашэнкі дакладна пойдзе галасаваць, а Ціханоўскай — можа не дайсці да ўчастка.

 — Мы палічылі ў штабе: яўка ніжэй за 70% - Лукашэнка набірае 50%, таму што яго яўка паўнавартасная, а наша — не, — сказаў Дзмітрыеў. — Таму я лічу, што сёння ні ў якім разе нельга здымацца ні мне, ні Чэрачню. Я ўсіх пытаюся: калі я здымуся за Ціханаўскую, вы пойдзеце галасаваць? Мне кажуць: ой, я тады не буду галасаваць, не буду галасаваць за жанчыну, буду галасаваць «супраць усіх». Таму нам трэба сабраць разам кулак людзей, якія галасуюць за іншага кандыдата, і каардынавацца. Вось так я бачу вельмі складаную палітычную задачу.

Андрэй Дзмітрыеў на сустрэчы з выбарцамі ў Гродне 1 жніўня

Калі б не было Канапацкай, калі б усе здымаліся — можа быць, гэта мела б сэнс, хоць я лічу, што грамадства яшчэ не настолькі разагрэта. Ёсць вялікая колькасць беларусаў, якія да гэтага часу не вераць, што можна перамагчы, і таму яны будуць за яго (Лукашэнкі — Hrodna.life) галасаваць.

«Парвем тры баяны, скупім усё шампанскае»

«Парвем тры баяна, скупім усё шампанскае», — так прысутныя адзначаць перамогу Андрэя Дзмітрыева на выбарах. Выбаршчыкі цікавіліся, як жыве іх кандыдат (у загарадным доме), хто яго суседзі (міліцыянты) і якім спортам ён займаецца (сквошам і бегам).

Акрамя асабістага, выбаршчыкі цікавіліся пытаннямі, якія сталі традыцыйнымі для падобных сустрэч: як выбудоўваць адносіны з Расіяй і з Захадам, што рабіць з БелАЭС, якім будзе сцяг і дзяржаўныя мовы ў краіне.

Адносіны з Расіяй. У выпадку перамогі Дзмітрыева Беларусь застаецца ў ЕўрАзЭС. «Базавыя прынцыповыя інтарэсы Расіі не будуць парушаныя. Пуціну няма аб чым хвалявацца, мы будзем стабільным партнёрам. Мы не зацікаўленыя ў паглыбленым інтэграцыі, яны не зацікаўленыя ў тым, каб была адзіная газавая сістэма. Давайце мы пачнем фармаваць нармальныя двухбаковыя адносіны. Ёсць тое, што сёння працуе паміж нашымі краінамі: «сацыялка», адукацыя, гуманітарныя курсы, культурныя — гэта ўсё павінна быць захавана, гэта нікому не перашкаджае, праўда? < … > Мне сказалі: «Вы падобныя да Пуціна, значыць, у вас з ім будзе ўсё добра».

Адносіны з Захадам. «Я хацеў бы, каб Беларусь прыйшла да нейтралітэту, але каб Расія да гэтага падрыхтавалася ў плане ўмацавання мяжы. Я супраць ўступлення ў НАТА і Еўразвяз. Патрэбен нармальны дагавор супрацоўніцтва. Для гэтага трэба накласці мараторый на смяротнае пакаранне і ўступіць у Раду Еўропы».

БелАЭС. Штаб Дзмітрыева супраць будаўніцтва АЭС. У іх планах стварыць групу экспертаў і пераканаць суседнія краіны ў бяспецы станцыі. Таксама трэба правесці інструктажы на выпадак экстранных сітуацый. Зараз са станцыі трэба атрымаць максімальную выгаду.

Сцяг. Чырвона-зялёны сцяг — гэта сімвал пэўнага этапу краіны. У Беларусі ў выпадку перамогі Дзмітрыева будзе два сцягі. Калі трэба, новы сцяг выберуць на рэферэндуме.

Дзяржаўная мова. Дзмітрыеў заклікае «не аддаваць рускую мову Расеі». Але калі стане прэзідэнтам, то ён і прэм’ер-міністр будуць абавязаныя размаўляць па-беларуску. Беларусізацыю будуць праводзіць па праграме «Таварыства беларускай мовы». У кожным абласным горадзе будзе беларускамоўная гімназія, у кожным універсітэце — беларускамоўныя факультэты.

«Плошча» — акцыі пратэсту. Клікаць людзей ісці сценка на сценку з узброеным АМАПам — горшы сцэнар, сказаў Дзмітрыеў. «Больш за тое, мне здаецца, яны нас туды і вядуць. < … > Я лічу, што рэальна нейкая частка ва ўладзе мае патрэбу ў прамым паўторы 2010-га года. Так яны дакажуць сваю лаяльнасць Лукашэнкі. Яны лічаць, што армія выйграе».

Андрэй Дзмітрыеў на сустрэчы з выбарцамі ў Гродне 1 жніўня

Што думае пра іншых кандыдатаў?

Андрэя Дзмітрыева спыталі, што ён думае пра іншых кандыдатаў у прэзідэнты, і ён распавёў пра кожнага.

Валерый Цапкала. «Цікавы чалавек, такі кандыдат для інтэлігенцыі ў першую чаргу. Мне не імпануе яго абсалютная прарасійскасць. Калі ён сказаў, што спадзяецца на Пуціна, мне гэта рэзанула. Значыць, чалавек не вельмі разумее сітуацыю. Калі ён сказаў пра свінаматку, я падумаў: «Чаму ён не хоча быць зарэгістраваным кандыдатам у прэзідэнты?»

Святлана Ціханоўская. «Тыдзень таму я быў упэўнены, што яе «здымуць». Цяпер мне здаецца, што Лукашэнка прынцыпова напісаць ёй 3%. «Давайце, гатовыя выйсці супраць АМАПу? Вось вам АМАП-дакажыце, што вы яе любіце». Але калі я ўбачыў 30 тысяч чалавек у Мінску — я зноў падумаў, што яе «здымуць».

Віктар Бабарыка. «Я разумеў, што ў мяне шанцаў быць зарэгістраваным было больш, чым у Віктара Бабарыка. Па адной простай прычыне — у яго больш шанцаў стаць прэзідэнтам. Калі б пайшоў толькі я — мяне б не зарэгістравалі. Чэрачань слабейшы і толькі пачынае шлях, за ім няма такой структуры, як «Гавары праўду», — сказаў Дзмітрыеў.

Тым не менш, Дзмітрыеў быў бы ў апазіцыі да Бабарыка — для яго ён «занадта ліберал», які прадстаўляе інтарэсы буйнога бізнесу. А Дзмітрыеў удзячны Лукашэнку за тое, што ў краіне няма алігархаў.

— Бабарыка — гэта унікальны кандыдат. Ён мог заваяваць эліты — яны могуць спадзявацца, што дамовяцца з ім. І гэта стала блізка нейкай частцы простых людзей. Калі Ціханоўскага пасадзілі, людзі, якія яго падтрымлівалі, перацяклі да Бабарыка, і ён стаў аб’ядноўваць гэты электарат. Я не выключаў, што, калі б яго зарэгістравалі, трэба было здымацца. У Светы ніколі так не атрымаецца.

Пішу пра людзей з інваліднасцю, актывістаў, палітыкаў і дабрачыннасць.