Джэніфер Мур з’яўляецца часовай паверанай у справах ЗША ў Беларусі ад жніўня 2018 года. За гэты час упершыню за апошнія 10 гадоў было знята абмежаванне на колькасць амерыканскіх дыпламатаў у Беларусі, больш за 20 000 беларусаў змаглі звярнуцца па візы ў Мінск, а колькасць турыстаў са Злучаных Штатаў вырасла напалову за два месяцы. Джэніфер Мур наведала Гродна з візітам 28−29 сакавіка. Гэта яе першая паездка ў рэгіёны Беларусі.
«Мой аптымізм да будучыні Беларусі стаў мацней»
«Мне вельмі спадабаўся Гродна. Галоўнай мэтай візіту было адкрыццё крызіснага пакоя, створанага пры падтрымцы Амбасады ЗША ў Беларусі, у гродзенскім аддзяленні Чырвонага крыжа. Крызісны пакой дапаможа найбольш уразлівым групам людзей — бежанцам, асобам у пошуку прытулку і перамешчаным асобам — знайсці падтрымку ў цяжкую хвіліну.
Я была рада пачуць пра ўзровень удзелу мясцовых арганізацый і рэлігійных груп у жыцці горада. Мой аптымізм у дачыненні да будучыні Беларусі стаў яшчэ мацней пасля сустрэчы са студэнтамі і моладдзю ў гродзенскім цэнтры «Усё пра ЗША», а таксама пасля наведвання гродзенскага філіяла Парка высокіх тэхналогій, дзе я змагла даведацца больш пра поспехі беларускай IT-індустрыі ў сферы інавацый і прадпрымальніцтва.
hrodna.life/2019/03/30/yak-abyadnac-sport-i-it-u-pvt/
Безумоўна, я не магу не адзначыць цудоўныя гродзенскія цэрквы, касцёлы, замкі і сінагогу — усё тое, што робіць Гродна выдатным месцам для наведвання.
Я планую наведаць кожны з рэгіёнаў Беларусі ў бліжэйшыя месяцы, каб лепей разумець беларусаў, іх надзеі і імкненні. Падчас гэтых паездак мы будзем сустракацца з мясцовымі ўладамі і лідарамі мясцовых супольнасцяў, каб пачуць пра тое, як мы можам палепшыць адносіны паміж нашымі краінамі і працаваць разам, каб расказаць пра амерыканскія інвестыцыі і кампаніі, якія працуюць у Беларусі, прарэкламаваць праграмы адукацыйнага абмену і магчымасці вывучэння англійскай мовы і наведвання ЗША, а таксама каб сустрэцца са шматлікімі выпускнікамі нашых праграм, якія сёння працуюць над тым, каб палепшыць жыццё ў сваіх супольнасцях".
Сувязі паміж людзьмі ўзмацняюць адносіны паміж краінамі
Па словах Джэніфер, Вашынгтон задаволены прагрэсам у пацяпленні нашых двухбаковых адносін, у тым ліку, адменай беларускім урадам абмежаванняў на колькасць супрацоўнікаў Амбасады ЗША ў Мінску.
«Па меры павелічэння нашай каманды мы спадзяемся на пашырэнне ўзаемадзеяння і знаходжанне новых сфер для ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Напрыклад, летась аб’ём нашых кантактаў паміж людзьмі заўважна вырас: больш за 22 400 грамадзян і жыхароў Беларусі звярнуліся па візу ў ЗША з таго моманту, як Амбасада ЗША ў Мінску пачала выдаваць візы 1 лютага 2018 года. Значна вырасла колькасць беларусаў, якія навучаюцца ў ЗША, ездзяць туды ў камандзіроўкі (асабліва ў сектары IT) ці проста падарожнічаюць. З моманту, калі працягласць тэрміна безвізавага знаходжання замежнікаў у Беларусі быў падоўжаны да 30 дзён, колькасць турыстаў з ЗША вырасла на 50%. Гэты выдатна, бо моцныя сувязі паміж людзьмі вядуць да больш моцных адносін паміж нашымі дзвюма краінамі»
Джэніфер Мур адзначыла прагрэс у паляпшэнні двухбаковых адносін, і асабліва ў эканамічнай сферы:
«Вашынгтон і Мінск прадэманстравалі наяўнасць палітычнай волі для абмена амбасадарамі, і зараз мы вырашаем тэхнічныя дэталі, што таксама зойме час. Пры гэтым, я аптыміст. Калі я добра зраблю сваю працу, то буду апошняй паверанай у справах, а чалавек, які прыедзе мне на змену, будзе амбасадарам».
hrodna.life/2019/03/30/vizit-paveranay-u-spravah-zsha-u-belarusi-u-grodna/
Гендарная роўнасць і беларускія «цені» замежных амбасадараў
«У нашай амбасадзе працуе роўная колькасць жанчын і мужчын, але гэта не звычайная сітацыя нават для ўрада ЗША. Дасягненне роўнасці мужчын і жанчын, і не толькі на працоўным месцы, з’яўляецца задачай для ўсіх, нават для амерыканскага грамадства.
Цікава, што вялікай колькасцю дыпламатычных місій у Беларусі кіруюць жанчыны, і разам з амбасадарымі-жанчынамі мы выйшлі з ініцыятывай заахвоціць маладых беларусак да разгляду новых магчымасцяў для сваёй будучыні - мы назвалі гэты праект «Цень на дзень» і распачалі яго ў Міжнародны жаночы дзень 8 сакавіка гэтага года. Студэнткі, адабраныя да ўдзелу ў праграме, мелі магчымасць правесці цэлы працоўны дзень у якасці «ценяў» амбасадараў - мужчын і жанчын — а таксама кіраўнікоў амерыканскіх і беларускіх кампаній, лідараў грамадзянскай супольнасці і іншых структур, каб даведацца пра іх ролю ў арганізацыі, пра тое, як яны прымаюць рашэнні і накіроўваюць іншых.
Я была вельмі рада правесці дзень з Вікторыяй, якая стала маім «ценем». Той дзень быў вельмі насычаны: Вікторыя пабачыла, як арганізоўваюцца паездкі ў рэгіёны, мы разам паўдзельнічалі ў некалькіх культурных мерапрыемствах і нават наведалі амерыканскую кампанію, каб даведацца пра тое, як яны ствараюць умовы для працаўладкавання людзей з інваліднасцю. З нагоды Сусветнага дня чалавека з сіндромам Даўна мы сустрэліся з прадстаўнікамі амерыканскага гатэля Minsk Renaissance Hotel і пагутарылі з цяперашнімі і былымі ўдзельнікамі адукацыйнай праграмы для людзей з сіндромам Даўна, якую ладзіць гатэль. Гэта цудоўны прыклад таго, як амерыканскія каштоўнасці талерантнасці і інклюзіўнасці могуць распаўсюджвацца па ўсім свеце і тут у Беларусі!"
Асаблівае месца ў маім сэрцы займае Касцюшка
Джэніфер Мур узгадала падзеі гродзенскай гісторыі са знакамітымі асобамі ЗША, сярод якіх былі, напрыклад, Касцюшка і Эйзенхаўэр:
«Не многія амерыканцы ведаюць гэта, але Пол Бэран, які нарадзіўся ў Гродна, быў адным з першых „айцішнікаў“! Яго сям’я імігрыравала ў ЗША перад Другой сусветнай вайной і ён стаў адным з двух вынаходнікаў пакетнай перадачы дадзеных — адной з асноўных тэхналогій сучаснага інтэрнэта! Працуючы ў Крамянёвай даліне ў 60-я і 70-я гады, Пол Бэран дапамог у стварэнні некалькіх IT-кампаній і тэхналогіі, якія застаюцца ў цэнтры сучаснага свету лічбавай камунікацыі. Канечне, асаблівае месца ў маім сэрцы займае Касцюшка — яго ўнёсак у справу Амерыканскай рэвалюцыі з’яўляецца легендарным».
hrodna.life/articles/pan-prezydent/
Амерыканцы шукаюць свае еўрапейскія карані. І знаходзяць
Мы прыемна ўражаны ўсё большай колькасцю амерыканцаў, якія знаходзяць свае карані ва Усходняй Еўропе і сваю сувязь з Беларуссю дзякуючы новым і недарагім техналогіям генетычных тэстаў і традыцыйным метадам генеалагічных даследванняў. Напрыклад, продкі амерыканскай актрысы Лізы Кудраў, зоркі папулярнага серыяла «Сябры», былі родам з Іўя. Ліза прыязджала ў Беларусь, каб зняць фільм пра гісторыю сваёй сям'і, які ўвайшоў у серыял «Радавод сям'і» — тэлепраграму, якая дапамагае вядомым амерыканцам знайсці свае карані па ўсім свеце.
hrodna.life/2018/05/07/usa-tourists/
З ростам колькасці турыстаў з ЗША, дзякуючы пашырэнню магчымасцяў для безвізавага ўезду, павышаецца і патэнцыял для росту інтарэса і інвестыцый ў Беларусь. Турызм можа стаць устойлівым і прыбытковым драйверам для малых і сярэдніх прадпрыемстваў і эканамічнага развіцця ў Гродна і па ўсёй Беларусі.
Я чула пра працу, якую робяць у Гродна, у тым ліку і пра мужчыну, які алічбоўвае гродзенскія могілкі, каб дапамагчы амерыканцам беларускага паходжання знайсці свае карані праз інтэрнэт! Мы вітаем гатоўнасць вашага ўрада да адкрыцця мясцовых архіваў, каб дапамагчы амерыканцам даведацца пра сваіх продкаў. Амбасада будзе таксама рада знайсці шляхі для супрацоўніцтва паміж амерыканскімі кампаніямі, якія займаюцца генеалагічнымі даследаваннямі і генетычнымі экспертызамі, і мясцовымі ўладамі, каб дапамагчы адкрыць дзяржаўныя архівы для ўсіх зацікаўленых у тым, каб даведацца пра свае карані.
Многія амерыканцы толькі зараз пачынаюць даведвацца пра сваё беларускае паходжанне. Я думаю, шмат што яшчэ не даследавана. Летась Беларусь наведаў адзін амерыканскі прафесар, каб прачытаць лекцыі ў некалькіх універсітэтах. Яго дзед і бабка пазнаёміліся ў Смаргоні падчас Першай сусветнай вайны — дзед быў афіцэрам царскай арміі, а бабуля — медсястрой. Яны збеглі ад рэвалюцыі і апынуліся ў ЗША. Па словах прафесара, яны ніколі не распавядалі пра сваё жыццё ў Расіі і нават ніколі не размаўлялі па-руску ў прысутнасці ўнукаў. А яны мелі шмат што сказаць, будучы сведкамі такіх бурных часоў гісторыі.