Андрэй Скробук, вядомы як DJ Modno, падчас эпідэміі каранавіруса стаў граць дома ў ізаляцыі. Часам ён выбіраецца ў гарадскі парк. Запрашалі яго і на музычны стрым з пустога гандлёвага цэнтра.

Кар’еру дыджэя Андрэй пачынаў у пачатку 1990-х з дзіцячых летнікаў і школьных дыскатэк, а потым быў рэзідэнтам галоўных начных клубаў горада. Год таму ён выступаў у Арабскіх Эміратах.


DJ Modno про Дубай, педали, музыкальную проституцию и про то, как оживить улицы Гродно


З закрыццём начных установаў у Гродне Андрэй стаў больш працаваць над уласнымі праектамі і калабарацыямі.

«Акрамя таго, што перыядычна мы пачалі спаць па начах, змяненняў у глабальным сэнсе не адбылося, — распавядае Андрэй. — Так, заробку цяпер няма, але марынавацца ў чатырох сценах не варыянт. Перавагу аддаю паркам, лясам, вясне. Самаразвіццё на прыродзе дадае сіл і натхнення».

Дыджэй кажа, што цяпер яго авантурныя ідэі выліваюцца ў незвычайныя калабарацыі з харэографамі, барменамі і прафесійнымі спартсменамі.

«Запісваем зараз цікавы праект з шоў-балетам Яўгена Якуша і Дзімам Дзюкам [танцор у стылі вог — рэд.]. На чарзе праца з баксёрам Рынатам Булатавым. Будзе нешта цікавае».

Каранавірус унёс карэктывы ў працу музыкаў, танцораў і ў цэлым усёй індустрыі забаваў.

«Пачынаеш глядзець на жыццё па-іншаму, пачынаеш цаніць сяброўства. Але ў цэлым я кайфую ад трэша, які адбываецца сёння. З усмешкай назіраю за нязломнай сілай статкавай свядомасці. Covid галаўнога мозгу страшней і небяспечней самога грыпу. Але ў цэлым я імкнуся шукаць у гэтай усёй сітуацыі толькі станоўчыя моманты», — дадае дыджэй.

У сярэдзіне красавіка Андрэю давялося граць ноччу ў пустым гандлёвым цэнтры OldCity. Для дыджэя гэта быў зусім новы вопыт.

«У цёмных гіганцкіх калідорах пустога бязлюднага гандлёвага цэнтра дакладна ёсць нешта апакаліптычнае. Мне прапанавалі паспрабаваць і я не адмовіўся. Па-свойму кайфануў ад стрыму — своеасаблівыя эмоцыі».

Андрэй адзначае, што сёння ўяўленне аб дыджэінгу моцна змянілася. Многія забыліся пра яго сапраўднае прызначэнне.

«Калі за круцёлкамі будзе стаяць чалавек, які мае правільнае ўяўленне пра тое, што ён робіць — культура будзе мець трывалы падмурак. Але я не думаю, што нешта зменіцца пасля каранавіруса. Так, свет не будзе ранейшым, але гульцы застануцца тыя ж: „DJ Ігар Партак супраць DJ Паліны Вау“. Асабіста я працягну працаваць з якаснай музыкай, я гэтым усё жыццё займаўся».

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life