Цэнтр Гродна – гэта нейкі канкрэтны пункт ці больш разлеглая прастора? Плошча Савецкая або Леніна, ці можа Каложскі парк? Партал “За кавай” запытаў пра гэта гараджан і аказалася, што вызначыць цэнтр – не так проста!

Пачуўшы адказы гродзенцаў, можна прыйсці да высновы, што аднаго разумення цэнтра ў іх няма. Па-першае — адказы дзеляцца на такія, у якіх гаворыцца пра адно канкрэтнае месца і тыя, у якіх упамінаецца больш вялікая прастора.

Калі выбраць за цэнтр Гродна адзін канкрэтны пункт, то жыхары называюць плошчу Савецкую, вуліцу Савецкую, Парк Жылібера, плошчу Леніна ці Фарны касцёл.

 "Давай, сустрэнемся ў цэнтры!" Якое месца гродзенцы лічаць цэнтрам горада

Па словах краязнаўцы Ігара Лапехі, цэнтр горада – гэта Савецкая плошча. Па першае – цэнтр горада – гэта заўсёды плошча. Па-другое, так склалася гістарычны. “Напрыканцы XV ст. цэнтр сфармаваўся на плошчы Савецкай, там знаходзіўся старажытны гродзенскі рынак,” – заўважае эксперт.

Калі размова ідзе пра цэнтр горада ў разуменні больш вялікай прасторы, то часцей за ўсё  гродзенцы называюць тэрыторыю, на якой знаходзіцца старая забудова горада. Часта сустракаюцца адказы кшталту: “ад Старога моста да Сабора”, “Ад чыгункі на ўсходзе да Гараднічанкі на захадзе, ад Нёмана на поўдні да вуліцы Астроўскага – Церашковай на поўначы. Там, дзе большая канцэнтрацыя гістарычных аб’ектаў”, “Вуліца Савецкая і ўсё, што каля яе”, ці ў адным сказе ўпамінаецца некалькі месцаў адначасова, якія нярэдка знаходзяцца даволі далёка адно ад аднаго.

"Давай, сустрэнемся ў цэнтры!" Якое месца гродзенцы лічаць цэнтрам горада
Месцы, якія называюць гродзенцы ў апытанцы пра цэнтр Гродна

Ігар Лапеха тлумачыць таксама, чаму часта можна пачуць і іншыя адказы – напрыклад, пра тое, што цэнтр Гродна – гэта плошча Леніна (калісьці Тызенгаўза) ці вуліца Савецкая. Менавіта на сёняшняй плошчы Леніна з XIX ст. фармаваўся адміністрацыйны цэнтр, але, як заўважае краязнаўца, губерні, не горада. Да таго ж горад – гэта гандлёва-рамеснае фармаванне, таму рынкавая плошча – гэта і ёсць цэнтр горада. Вуліца Савецкая, па яго словах, упамінаецца гродзенцамі таму, што “Савецкая плошча згубіла свой ансамбль, яна зараз досыць пустая. Утульная і гандлёвая функцыянальнасць захавалася сёння на вуліцы Савецкай.”

Што цікава, калі вылічыць, дзе знаходзіцца геаграфічны цэнтр Гродна, то атрымаецца, што ён у ваколіцах Скідзельскага рынку і аўтавакзала. Гандлёвая функцыя – захавана!

"Давай, сустрэнемся ў цэнтры!" Якое месца гродзенцы лічаць цэнтрам горада
Ваколіцы геаграфічнага цэнтра Гродна