Адкуль узяліся і куды зніклі характэрныя дамкі з вуліцы Ажэшкі, якіх раней было ажно 20, а цяпер застаўся толькі адзін? Расказваем, што згубіла тызенгаўзаўскую забудову, якую не закранула ніводная вайна.
Забудове былой каралеўскай вёскі Гарадніца, якую хацеў пераўтварыць у “Квітнеючую Галандыю на Нёмане” стараста Антоній Тызенгаўз, моцна не пашанцавала. З 40 будынкаў, узведзеных у другой палове 18 ст., ацалела не больш дзясятка. Асабліва пашчыравалі над 200-гадовымі будынкамі савецкія партыйныя і мясцовыя граданачальнікі, якія за 20 гадоў з 1960 па 1980 гады ўмудрыліся зруйнаваць абедзве кармчы “Раскоша” і “Галеча”, некалькі ацалелых лямусаў-складоў, рэшткі млыноў у даліне Гараднічанкі, старую эканамічную кантору, тызенгаўзаўскія кузні і аж дзевяць старых домікаў замежных майстроў з прыгожымі цаглянымі фасадамі.

Усе дамкі перажылі сусветныя войны
Гарадніца Антонія Тызенгаўза была горадам у горадзе. Тут знаходзіліся мануфактуры, склады, стайні, адміністрацыйныя будынкі, млыны, казармы для жаўнераў, а таксама жытло для замежных майстроў (немцаў і французаў) з усёй неабходнай інфраструктурай – домам малітвы, тракцірам, карчмой, першай у гісторыі Гродна кавярняй.

У адрозненне ад мясцовых прыгонных сялян, якія працавалі на мануфактурах як некваліфікаваная сіла і жылі невядома дзе, майстры былі расселеныя Тызенгаўзам у зручных доміках, якіх уздоўж сучаснай вуліцы Ажэшкі было пабудавана 20.

Да пачатку 20 ст. з гэтых 20 домікаў засталіся 10. Усе яны перажылі і першую і другую сусветную войны. Пяць з іх размяшчаліся на цотным баку вуліцы. Адзін домік стаяў адразу за былым Домам Афіцэраў, пасля ішла доўгая двухпавярховая камяніца, а за ёй аж чатыры дамы, якія заканчваліся паваротам з Ажэшкі на неіснуючую цяпер вуліцу Ліёнскую.

З няцотнага боку дамкі пачыналіся адразу за Свята-Пакроўскім саборам і за чацвертым домам ішоў разрыў на будынак з цяперашняй кавярняй “Кава Саўнд” і пасля ішоў захаваны дасюль домік, дзе цяпер знаходзіцца музей.
Замест даўніны – савецкія “шэдэўры”
У міжваенныя гады ўсе гэтыя дамы, як і большасць тызенгаўзаўскіх будынкаў, былі ўзятыя пад ахову. Прыйшла савецкая эпоха і толькі спецыялісты па архітэктуры з Масквы і Ленінграда Ягораў і Квітніцкая катэгарычна заклікалі гарадскія ўлады захаваць цікавую забудову горада. Алена Квітніцкая нават прысвяціла Тызенгаўзаўскай забудове некалькі артыкулаў у навуковых часопісах.
Гарадніцу згубілі не войны, а найперш вялікія “нафтавыя” грошы, якія СССР пачаў зарабляць у 1960-70-х гг. Грошай было шмат і мясцовыя архітэктары, якія цікавіліся не столькі спадчынай Гродна, колькі ўласнымі ганарарамі, запоўнілі цэнтр горада сваімі архітэктурнымі “шэдэўрамі”, напрыклад домам з крамай “Башмачок” або хрушчоўкай, дзе да нядаўняга часу размяшчался крама “Маскоўская”.
Аднавіць – не надта цяжка
Разуменне страчанага пачало прыходзіць досыць хутка. Ужо ў сярэдзіне 1980-х гг. пра ахову Гарадніцы пачалі гаварыць на рэспубліканскім узроўні. Але да таго часу ад 10 існаваўшых у 1960-х г. тызенгаўзаўскіх дамкоў застаўся толькі адзін.
Сёння кожны жадаючы пабачыць, як жылі майстры 18 ст. у сваіх дамках, павінен зайсці ў Музей гісторыі Гарадніцы на Ажэшкі, 37, паглядзець рупліва адноўленыя інтэр’еры і пасумаваць аб страчанай забудове гэтага цудоўнага раёна горада. Што праўда, аднавіць некаторыя домікі майстроў пры адпаведным жаданні гарадскога начальства было б не асабліва цяжка. Месцы некаторых з іх, як бачым, засталіся пустыя.


















