Серыю дачных букетаў і кампазіцый фатографка з Гродна здымае ўжо дзесяць гадоў. «Тут няма нацюрмортаў з накрухмаленымі сурвэтачкамі і крышталёва-чыстымі кілішкамі. Затое ёсць мая натура — кветкавы хаос». На думку аўтаркі, дачныя нацюрморты могуць стаць прыдатным антыдэпрэсантам для гараджан у хмурныя зімовыя дні. У гарадзенцаў ёсць магчымасць праверыць гэта на ўласным вопыце. Фотавыстава «Дачны сезон. Нацюрморты» адкрыецца ў «Цэнтры гарадскога жыцця» 22 студзеня. Пра тое, як здымаліся і адбіраліся працы, фотографка распавяла Hrodna.life.
Лецішча, па словах Наталлі, яе асабісты спосаб «зараджаць батарэйкі»: «Тэлевізара там няма, інтэрнэт не цягне, па тэлефоне пагаварыць трэба за паўкіламетра на горку падымацца». Затое побач лес, палі і Нёман. «У мяне на беразе ёсць запаветнае мястэчка, я там рыбу лаўлю. Бяру раніцай дзве свае вуды, фотаапарат і сыходжу рыбачыць. Там буслоў шмат, побач лебедзі гняздуюцца, зімародкі лётаюць, салаўі спяваюць. Кожны дзень пару гадзін там праводжу. Усё ўжо ведаюць мае дзівацтвы, ніхто не крыўдзіць і не перашкаджае».
Фотастудыя ў цяпліцы
Каля дачнага дома фатографка мае тры «запаветных» мястэчкі. Там уладкаваны фотастудыі для букетаў і нацюрмортаў. Адна студыя ранішняя, другая вячэрняя. За шмат гадоў на дачы Наталля добра ведае, дзе ў які час самае лепшае святло. Трэцяя студыя — у цяпліцы з вялікім акном. Яго фатографка выкарыстоўвае то ў якасці фону, то ў якасці мастацкага фільтра для здымкаў. «Гляджу, калі кроплі пацякуць, або першыя замаразкі - адразу іду складаць букеты».
«Люблю здымаць на хаду». Гродзенка Наталля Дораш атрымала гран-пры ў фотаконкурсе
У ход ідзе ўсё, што вырасла на градках або «завялося» у лесе ці ў полі паблізу. Ад ранняй вясны да позняй восені недахопу ў мадэлях для здымкі няма. Раннія кветкі і першыя яблыкі, лясныя суніцы і хатні вінаград, грыбы і палявыя рамонкі знаходзяць месца на фотаздымках Наталлі.
Збанкі і гарлачыкі з гісторыяй
Традыцыйных вазаў для букетаў на фотаздымках няма — на дачы не да вышуканасцяў. Кветкі ў Наталлі то ў слоічках, то ў гарлачыках, а то і ў чыгунках.
Усе ёмістасці не пакупныя. У кожнай — свая гісторыя і мінулае жыццё. Свой любімы гаршчочак Наталля знайшла на дачным сметніку. «Колькі ён там праляжаў, не ведаю нават. Ужо мохам парос». Зараз любімы гаршчочак застаўся толькі на здымках — аднойчы перакуліўся і разбіўся. «Я плакала нават. Спрабавала сабраць, а муж кажа — іншы знойдзеш».
Наталля, і праўда, паверыла ў «кругазварот збанкоў ў прыродзе», калі знайшла другі гаршчочак на Палессе, на разбуранай хаце. «Выцягнула абгарэлы з бярвенняў струхнелых, з пяску, аблашчыла, ён у мяне зайграў і цяпер працягвае жыць у якасці рэквізіту».
Фатографка часта дзеліцца сваімі нацюрмортамі на старонцы ў фэйсбуку і называе іх антыдэпрэсантамі.
Толькі тое, што «зайграла»
«Калі пытаюцца, што мела на ўвазе пры здымцы, выдумляю што-небудзь. А на самай справе, нічога я не мела на ўвазе, толькі адчувала. Калі атрымаецца гэтыя пачуцці нейкім містычным чынам ўхапіць, то здымак зайграе. Калі зрабіла здымак, але нічога не адчула, то і фатаграфія — хоць адразу выкідвай. Прыгожа, але не тое».
Такія здымкі, па словах Наталлі, адсеяліся падчас падрыхтоўкі да выставы. У экспазіцыю ўвайшлі выключна тыя, што выклікалі пачуцці: «эмоцыі ад ранняй раніцы, ад расы, радасць ад колеру нейкага асаблівага…»