Напярэдадні міжнароднага дня інвалідаў, які адзначаецца 3 снежня, hrodna.life пабываў у гродзенскім «Цэнтры медыцынскай рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў». Установа дапамагае многім дзецям змагацца са сваімі захворваннямі ды моцна станавіцца на ногі.

Мэта Цэнтра — дапамога дзецям і падлеткам з інваліднасцю, перынатальнымi паражэннямі, парушэннямі з прычыны паражэння нервовай сістэмы і захворваннямі псіханеўралагічнага профілю.

Усяго ў гродзенскім Цэнтры займаецца больш за 60 дзяцей у дзень, у год іх колькасць перавышае за тысячу. З дзецьмі тут працуе больш за 80 спецыялістаў.

2

Цэнтр дапамагае па-рознаму: ёсць медыцынская, псіхалагічная, лагапедычная, сацыяльная і іншыя віды рэабілітацыі. Рэабілітацыйны курс уключае лячэбную фізкультуру, масаж, гiдракiнеза-, святло-, цепла-, механа- і рэфлексатэрапію. Ёсць таксама псіхолага-педагагічная і лагапедычная дапамога.

Інструктар-метадыст Цэнтра Таццяна Цімошына распавядае, што кожнаму дзіцяці курс рэабілітацыі падбіраюць індывідуальна.

«Інструктар-метадыст па фізічнай рэабілітацыі распрацоўвае рэабілітацыйныя праграмы, праводзіць заняткі і навучае бацькоў элементарным асновам лячэбнай гімнастыкі. Праца рэабілітолага з дзецьмі нашага профiлю — гэта велізарная адказнасць, сацыяльная значнасць, самааддача. Цяжкая фізічная праца і эмацыйная нагрузка штодня прысутнічаюць у працы.

Усе дзеці розныя, гэта патрабуе падвышанай уважлівасці, знаходлівасці, заўсёды пазітыўнага настрою. Задача не проста правесці працэдуру, але і стварыць спрыяльную эмацыйна-пачуццёвую атмасферу. Для кагосьці спяваем, з кімсьці размаўляем, камусьці хапае проста ўсмешкі і зрокавага кантакту".

3

Спецыялістам трэба старанна сачыць за кожным дзіцём, бо складанасць працы на трэнажорах выстаўляецца індывідуальна, але ў многіх дзяцей нават мінімальная нагрузка выклікае цяжкасці.

Заняткі для дзяцей у цэнтры праходзяць у спецыяльна абсталяванай зале. У працы выкарыстоўваюцца трэнажоры, якія дапамагаюць нагрузіць або паслабіць пэўную групу цягліц, дапамагчы ў засваенні руху, аказаць агульнаўмацавальнае дзеянне: бегавая дарожка, кампутарны велагеймiк, стэперы, гімнастычныя палкі, фітбол, уцяжарвальнікi, масажныя дарожкі, спецыялізаваныя лячэбныя касцюмы ADELI.

4

Галоўны ўрач Цэнтра Галіна Каляда распавядае, што ва ўстанове створаны ўсе ўмовы для рэабілітацыі дзяцей.

«Наш Цэнтр прызначаны для аказання рэабілітацыйнай дапамогі дзецям ва ўзросце з трох месяцаў і да 17 гадоў уключна. Мы прымаем у сябе дзяцей з Гродна і вобласці. Нашым пацыентам важны кожны від рэабілітацыі, бо толькі пры пастаянным і комплексным падыходзе будзе дасягацца максімальны станоўчы эфект. Нельга абмежавацца якім-небудзь адным або двума відамі ў некалькі курсаў, важна паслядоўна і рэгулярна займацца».

5

Планавая магутнасць Цэнтра — 50 ложкаў, з якіх:

— 24 стацыянарныя ложкі для кругласутачнага знаходжання дзяцей ва ўзросце ад 3-х гадоў да 17 гадоў уключна з тэрмінам рэабілітацыі 28 сутак, 5-разовым харчаваннем; шпіталізацыя дзяцей у стацыянар ажыццяўляецца без бацькоў.

— 12 ложкаў дзённага стацыянара для дзяцей ва ўзросце ад 3-х гадоў да 17 гадоў уключна з тэрмінам рэабілітацыі 28 сутак з працягласцю змены ад 6 да 10 гадзін, 3-разовым харчаваннем; шпіталізацыя дзяцей ажыццяўляецца без бацькоў.

— 14 ложкаў дзённага знаходжання для дзяцей з 3-х месячнага ўзросту з тэрмінам рэабілітацыі да 21 сутак. Працягласць змены да 4 гадзін і канкрэтна вызначаецца кiруючым лекарам з улікам індывідуальных асаблівасцяў дзіцяці і рэабілітацыйных мерапрыемстваў; харчаваннем і койкамі для пражывання хворыя не забяспечваюцца.

Гродзенскі «Цэнтр медыцынскай рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў» знаходзіцца па адрасе: бульвар Ленінскага камсамола, 35.
Тэлефон для даведак: 8 (0152) 48-02-77