У 2024 годзе ў Польшчы, на мяжы з Беларуссю, затрымалі амаль 8 млн нелегальна ўвезеных цыгарэт. Польскія ўлады спрабуюць змагацца з кантрабандай, але гэта не спыняе перавозчыкаў: розніца ў цэнах на цыгарэты ў Беларусі і Еўропе занадта высокая. Мы праехалі ўздоўж польска-беларускай мяжы, пагаварылі з мясцовымі жыхарамі, адшукалі на рынку прадаўцоў кантрабандных цыгарэт і даведаліся, як, нягледзячы на прымаемыя меры, гэтая прадукцыя нелегальна трапляе ў Еўропу.

Рэдакцыі MOST і Hrodna.life працягваюць сумесны праект пра людзей, з’явы і падзеі па абодва бакі беларуска-польскай мяжы.

«Бабця-бабця, цыцка ёсць?»

Паездку ўздоўж мяжы пачынаем з Баброўнікаў. Сумежны пункт пропуску на беларускім баку — Бераставіца. Раней тут пралягаў адзін з галоўных шляхоў кантрабанды цыгарэт у Польшчу. Але ў 2023 годзе польскі бок закрыў пункт пропуску ў адказ на прысуд беларускаму журналісту польскага паходжання Анджэю Пачобуту.

Цяпер у Баброўніках нешматлюдна. У пункце пропуску — некалькі машын памежнікаў. Крамы і абменнікі зачыненыя, пустуе і паступова руйнуецца блочны дом, пабудаваны для супрацоўнікаў, якія абслугоўвалі памежны пераход.

У самой вёсцы пастаянна пражывае каля пяці чалавек, яшчэ некалькі прыязджаюць сюды ў цёплы час года.

Яцак (імёны ўсіх суразмоўцаў зменены ў мэтах бяспекі) нарадзіўся ў Баброўніках. У яго ёсць сваякі ў Гродзенскай вобласці, але сам мужчына ніколі ў Беларусі не быў. Кажа, не бачыць сэнсу туды ехаць. Мужчына разумее рускую мову, але размаўляе на мясцовым дыялекце — сумесі беларускай і польскай.

У 90-я і нулявыя, успамінае ён, кантрабанда выглядала зусім інакш: цыгарэты і гарэлку не вазіў хіба што лянівы, але партыі былі параўнальна невялікія. Цыгарэты хавалі пад вопратку, часам — у абутак. Гарэлку разлівалі па паўлітровых пакетах, якія потым чаплялі на грудзі.

— Ідзе бабуля па вуліцы, а мы ёй: «Бабця-бабця, цыцка ёсць?» Гэта значыць, ці ёсць спірт сёння. Бабуля кажа: «Ёсць, унучак». Зімой так проста пакет не дастанеш — бабуля да мяне ў хату заходзіла, распраналася і даставала «цыцку». А бывала, што пакеты на іх рваліся — тады ад бабуль вой як смярдзела.

У тыя часы Яцак забяспечваў беларусаў таварам на зваротную дарогу дадому. У канцы 80-х мужчына ўдзельнічаў у будаўніцтве польскага пункта пропуску «Кузніца» («Брузгі» з беларускага боку), які замяніў стары аўтамабільны пераход паміж краінамі. Таму, як кажа, ведаў аб працы памежнікаў на гэтым участку мяжы.

Чытайце таксама: За чатыры паездкі ў Польшчу — нармальная беларуская зарплата. Колькі зарабляюць беларускія чаўнакі

— Кантрабанду везлі ў асноўным бабулі, ну, а што ім рабіць — пенсія маленькая, грошай не хапае. Ідзе на наш рынак, худзенькая. А ў Беларусь вяртаецца вось такая торба, — Яцак шырока рассоўвае рукі. — Ледзь валачэцца. Некалькі слаёў спадніц і блузак на сябе апраналі, каб потым у вас прадаць [гэтую вопратку].

Беларусы хутка рэагуюць на забароны ЕС

У 2022 годзе аб’ём выяўленай кантрабанды на мяжы рэзка знізіўся. Калі ў 2021 годзе, паводле дадзеных памежнай службы Польшчы, канфіскавалі ўвезеных цыгарэт з Беларусі на 35,8 млн злотых (23 млн руб. па сярэднегадавым курсе за 2021 год), то ў 2022 годзе — толькі на 2,0 млн злотых (1,5 млн руб.).

Чаму так выйшла? Па-першае, у лістападзе 2021 года Польшча закрыла пункт пропуску «Кузніца» і ўзмацніла ахову ўсёй мяжы ў адказ на развязаны Беларуссю міграцыйны крызіс.

Па-другое, з-за вайны ва Украіне ЕС увёў санкцыі ў дачыненні да Беларусі і Расіі. Яны тычыліся як паставак тавараў, так і працы аўтаперавозчыкаў з гэтых краін. Ім забаранілі выконваць рэйсы па ЕС (выключэнні рэдкія і тычацца ў асноўным гуманітарных грузаў). У адказ Беларусь і Расія забаранілі еўрапейскім фурам ездзіць па сваёй тэрыторыі. У выніку рэйсы сталі выконваць метадам перагрузкі-перачэпкі. Адна машына вязе прычэп да транспартна-лагістычнага цэнтра на мяжы, другая забірае. Потым тое ж самае — у зваротным кірунку. У выніку пакуль трансмежны гандаль адаптаваўся да зменаў, перавозкі аселі. Адпаведна, стала менш магчымасцяў правозіць кантрабанду.

Але вельмі хутка гандлёвыя сувязі былі адбудаваныя, як і каналы кантрабанды. Ужо ў 2023 годзе аб’ём выяўленага нелегальнага ўвозу цыгарэт з Беларусі вырас больш чым у 12 разоў — да 24,5 млн злотых (20 млн руб.). І гэта нягледзячы на закрыццё ў тым годзе яшчэ аднаго пункта пропуску — «Баброўнікаў». А вось у 2024-м скараціўся — да 6,3 млн злотых (5 млн руб.). Гэта 7,7 млн штук цыгарэт.

Але гэта толькі ўвоз, які ўдалося выявіць. Відавочна, бізнес кантрабандыстаў не працаваў бы, калі б значную колькасць тавару ім не ўдавалася пераправіць незаўважна. У 2023 годзе ценявы рынак цыгарэт у Польшчы ацэньваўся ў 1,5 млрд штук, або 3,6% усяго рынку. Сюды ўваходзіць і кантрабанда (не толькі з Беларусі), і кантрафакт.

Зрэшты, у Польшчы асядае не ўвесь аб’ём кантрабанды. Частка беларускіх цыгарэт ідзе транзітам у іншыя краіны Еўропы: у Эстонію, Чэхію, Нямеччыну, Францыю. Кантрабанда даязджае нават да Вялікабрытаніі і Ірландыі.

Такія маштабы былі б немагчымыя без удзелу буйнога беларускага бізнесу і пратэкцыі дзяржавы. Да прыкладу, незадоўга да таго, як у ЕС уступіла ў сілу забарона на продаж ментолавых цыгарэт, іх сталі больш актыўна вырабляць у Беларусі.

Завод-прывід у Белавежскай пушчы

Мясцовыя жыхары распавядаюць пра падпольную вытворчасць спірту на беларускім баку мяжы. Завод нібыта знаходзіцца непадалёк ад польскага мястэчка Белавежа — схаваны ў беларускіх лясах. Па словах мясцовых жыхароў, «уся Белавежа жыве за кошт беларускага спірту». Як алкаголь трапляе на тэрыторыю Польшчы, расказаць нам адмовіліся.

Але па статыстыцы, алкаголь, пераважна гарэлку, праз пункты пропуску вязуць не так актыўна. За мінулы год канфіскавалі ўсяго 60 літраў на суму 2,5 тыс. злотых (2 тыс. руб.).

Беларускія цыгарэты купляць больш выгадна — яшчэ на піва застанецца

Жыхары прыгранічных рэгіёнаў запэўніваюць, што цяпер паток кантрабанды аслабеў. На пытанне, ці можна ў Баброўніках дастаць беларускія цыгарэты, адмоўчваюцца.

— Трэба ведаць, у каго пытацца, — смяецца Яцак. — Тонкія «Мінск» — 11 злотых (9,5 руб). У яго (прадаўца. — Заўв. рэд.) ёсць і папяросы, і самагон. Тэлефануеш і кажаш: «Паеду на каву — гэта значыць па гарэлку». Але цяпер часам, калі яму тэлефануеш, гэтыя к**вы (памежнікі. — Заўв. рэд.) праслухоўваюць тэлефон — як толькі ў тэлефоне сам сябе чую, адразу разумею, што падслухоўваюць. Так я цяпер з ім па-свойму (на падляшскім дыялекце. — Заўв. рэд.) размаўляю — памежнікі нічога не разумеюць.

Яцак мяркуе, што яго знаёмы атрымлівае кантрабанду з літоўскай мяжы, нібыта дзякуючы сваяцкім сувязям з памежнікамі.

Карупцыя ў ведамствах сапраўды частка праблемы. У 2020 годзе ў Аўгустове, горадзе на памежжы Польшчы, Літвы і Беларусі, арыштавалі супрацоўніка памежнай службы за ўдзел у злачыннай групоўцы. Яна займалася перакідваннем кантрабандных беларускіх цыгарэт з Літвы ў Польшчу. Арыштаваны памежнік забяспечваў кантрабандыстаў інфармацыяй аб патрулях.

Галоўная прычына, па якой мясцовыя жыхары гатовыя рызыкаваць і купляць кантрабандныя цыгарэты, — нізкая цана. У краме пачак абыходзіцца больш чым у 20 злотых (17 руб.), розніца з кантрабанднымі беларускімі цыгарэтамі — каля 10 злотых (8,6 руб.). «Яшчэ і на піва застаецца», — жартуе Яцак.

Самыя папулярныя беларускія цыгарэты, якія трапляюць у Польшчу — «Мінск» і NZ. Абедзве маркі вырабляюцца на гродзенскай тытунёвай фабрыцы «Нёман». Іх кошт у Польшчы вар'іруецца ад 10 да 12 злотых (8,6−10,4 руб.), тады як у Беларусі тонкі сіні «Мінск», NZ Gold і NZ Safari абыйдуцца ў 3,90 руб. (4,5 злотага) за пачак.

Як кантрабанда трапляе ў Польшчу

Паводле статыстыкі, большая частка цыгарэтнай кантрабанды ўвозіцца з Беларусі ў Польшчу фурамі. На другім месцы — цягнікі. Прыватныя асобы таксама ўносяць свой уклад, але фізічна не могуць правезці вялікага аб’ёму ў машыне ці аўтобусе.

Зрэшты, гэта не ўсе шляхі кантрабанды цыгарэт. Пасля таго як на польска-беларускай мяжы выбудавалі плот, распаўсюджванне атрымала перапраўка цыгарэт па паветры.

Перыядычна жыхары прыгранічных вёсак выяўляюць метэазонды, якія ўпалі. Звычайна кантрабандысты запускаюць іх у пэўны квадрат, але здараюцца і асечкі: часам моцны вецер адносіць метэазонды ад меркаванага пункту пасадкі, і яны падаюць непадалёк ад мяжы. У лютым метэазонд, запушчаны з Беларусі, прабіў дах прыватнага дома недалёка ад мяжы.

Адзін з такіх метэазондаў знайшоў Яцак, калі вяртаўся з лесу. Мужчына запэўнівае, што да скрынкі не дакранаўся і адразу патэлефанаваў свайму знаёмаму памежніку. Той прыехаў і забраў скрынку.

— Там [кантрабандысты] ўсталёўваюць GPS-датчыкі, па якіх кур’ер арыентуецца і знаходзіць скрынку. Ён прыязджае, забірае яе, а затым вязе да кропак прызначэння, на рынкі і прадаўцам, — і пайшлі цыгарэты па ўсёй Польшчы, — распавядае Яцак.

Каб схаваць цыгарэты, вагоны раскручвалі шрубакрутамі

Пакуль з-за пандэміі COVID-19 Польшча не спыніла пасажырскае паведамленне з Беларуссю (яго не аднавілі дагэтуль), электрычкі былі адным з папулярных шляхоў кантрабанды. Тады нормай была такая карціна. Чырвоная польская электрычка адкрывае дзверы на вакзале ў Гродне — і тут жа да яе імчыць натоўп жанчын з пакетамі. Адны спатыкаюцца аб прыступкі і падаюць у праёме, іншыя, штурхаючы адзін аднаго, лезуць наперад. Такая спешка не выпадковая: у гродзенцаў было ўсяго 15−20 хвілін, каб шрубакрутамі адкруціць унутраныя панэлі вагона, схаваць пад столлю і ў сценах цыгарэтныя пачкі і вярнуць усё да першапачатковага выгляду.

Ужо ў Кузніцы ў цягнік заходзілі польскія памежнікі, раскручвалі тыя ж панэлі і канфіскоўвалі цыгарэты. Некаторым пасажырам шанцавала — іх тавар заставаўся некранутым і трапляў на польскія рынкі.

Гродзенец Максім успамінае, як сустракаў у цягніку Гродна — Беласток бабуль «з квадратнай галавой».

— Ідзе бабуля з велюравым бярэцікам, а ён — квадратнай формы. Усе ведаюць, што пад бярэтам — чатыры пачкі цыгарэт «Фэст». Але выхаваныя польскія памежнікі зрываць з бабулі бярэт не будуць. Яна даедзе да Саколкі і там цыгарэты прадасць, з чатырох пачкаў — нядрэнны навар, — успамінае гродзенец.

Цяпер пасажырскіх цягнікоў няма, а паток грузавых скарачаецца. Так, калі ў 2021 годзе ў чыгуначным пункце пропуску «Кузніца Беластоцкая» абслужылі амаль 3,2 тыс. грузавых цягнікоў, то ў 2022-м — каля 2,6 тыс., а ў 2023 годзе — 1,2 тыс. Праз Семяноўку ў 2021 годзе прайшло больш за 3,9 тыс складаў, годам пазней — 2,6 тыс., а ў 2023 годзе іх колькасць скарацілася да 1, 7 тыс.

«Замест фольгі кладуць паперу або кардон — тады сканер іх не бачыць»

Вёска Ялоўка знаходзіцца ў двух кіламетрах ад беларускай мяжы. Таму аб кантрабандзе мясцовыя чулі — маюць зносіны з памежнікамі і супрацоўнікамі чыгункі. Жыхар Ялоўкі Міхал распавядае, што хоць і ў меншых аб’ёмах, але цыгарэты ўсё яшчэ ўвозяць таварнымі вагонамі.

— Праз Семяноўку да гэтага часу пастаянна ідуць вагоны, гружаныя цыгарэтамі. Яны (кантрабандысты. — Заўв. рэд.) дакладна ведаюць, калі везці, каб патрапіць на патрэбную змену памежнікаў. У цыгарэтныя пачкі замест фольгі кладуць паперу або кардон — тады сканер на мяжы іх не бачыць. Той, хто праінфармаваны, разгружае тавар з патрэбнага вагона, а цягнік едзе далей. Таму размовы аб тым, што гандаль з Беларуссю прыпынены, — няпраўда. Па-ранейшаму і вязуць, і зарабляюць, — распавядае Міхал.

Чытайце таксама: Начальніка лакаматыўнага дэпо Гродна асудзілі за хабар — ён дапамагаў з кантрабандай цыгарэт

Мясцовыя мафіёзі і маргіналы: хто прадае беларускую кантрабанду

У пошуку кропак продажаў беларускіх кантрабандных цыгарэт нам дапамагае былы супрацоўнік паліцыі Марэк. Мужчына распавядае, што знайсці «Мінск» можна на рынку ў мястэчку Грудак (традыцыйная беларуская назва — Гарадок). Рэалізуюць тавар з шасці раніцы да паўдня — потым гандаль на рынку згортваецца.

У Беластоку знайсці беларускія цыгарэты, па яго словах, можна мінімум у трох кропках. Напрыклад, на рынку ля вакзала іх прадаюць людзі маргінальнай знешнасці — часам яны самі падыходзяць да мінакоў і прапануюць тавар. Сустрэць прадаўцоў можна з панядзелка па пятніцу, у выхадныя месца пустуе.

Марэк распавядае пра «мясцовага мафіёзі», які працуе на іншым рынку, па вуліцы Андэрса. Прадавец прапануе два тавары на выбар: фермерскую бульбу і кантрабандныя цыгарэты «Мінск».

Тых, хто хавае сваю дзейнасць не так умела, арыштоўваюць. Напрыклад, у студзені 2025 года на рынку ў Беластоку падатковая затрымала літоўца, які гандляваў кантрабандай. Мужчына нёс некалькі поліэтыленавых пакетаў, чым і прыцягнуў увагу супрацоўнікаў. У іх выявілі беларускія цыгарэты.

На прыцэле падаткавікоў і прадаўцы. Перыядычна супрацоўнікі польскай падатковай адміністрацыі выяўляюць цыгарэты, якія гандляры кантрабандай захоўваюць у сябе дома. Так, нядаўна ў 63-гадовага жыхара Гайнаўкі канфіскавалі 6,5 тыс. цыгарэт.

«Гродзенскія прывыклі везці кантрабанду па-буйному»

Працягваючы пошукі кропак па рэалізацыі беларускіх цыгарэт, адпраўляемся ў Бялу Падляскую — бліжэйшы горад да пункта пропуску «Цярэспаль — Брэст».

Бяла Падляская — транзітны горад. Стаянкі застаўлены фурамі, на фасадах будынкаў і агароджах — рэклама фірмаў, якія дапамагаюць у «афармленні VAT», гэта значыць, у вяртанні ПДВ пры вывазе тавару з Польшчы. Шыльды на рускай мове, якія інфармуюць аб кругласутачных кафэ, абменніках і працаўладкаванні замежнікаў у Польшчы, — пакасіліся і праржавелі.

Прадаўцы рынку ў Бялай Падляскай запэўніваюць нас, што цяпер цыгарэты з рук тут не купіш.

— Па суботах прыязджаюць і прадаюць сіні «Мінск», — абвяргае іх мясцовы жыхар. — Па 10 злотых (8,5 руб.) за пачак.

Беларус Уладзімір, які жыве ў Бялай Падляскай некалькі гадоў і займаецца транспартным бізнесам, расказвае, што кантрабанду па-ранейшаму вязуць.

— За цыгарэты цяпер дэпартуюць (на самай справе за правоз цыгарэт без акцызаў у Польшчы пагражае штраф, пры буйных памерах кантрабанды — турэмнае зняволенне тэрмінам на некалькі гадоў. — Заўв. рэд.). З цыгарэтамі едуць у асноўным гродзенскія, яны ж прывыклі па-буйному везці кантрабанду, але іх жорстка высякаюць (правяраюць і адбіраюць незаконны тавар. — Заўв. рэд.). Таму так, як раней, з Беларусі не ідзе. З Польшчы па-ранейшаму вывозяць незадэклараваны тавар: бытавую тэхніку, фірмовыя шмоткі, электраінструменты.

Кантрафакт супраць кантрабанды

Уладзімір адзначае, што канкурэнцыю беларускай кантрабандзе стварае польскі ценявы вытворчы бізнес.

— З'явілася вельмі шмат кантрафактных цыгарэт — гэта значыць іх вырабляюць прама тут, у тым ліку ў Бялай Падляскай. Гэтыя цыгарэты выходзяць танней, чым кантрабандныя беларускія, таму што яны зроблены ў Польшчы. Мне ўжо не першы чалавек паказвае падробкі L&M.

Перыядычна польскай паліцыі ўсё ж атрымоўваецца выявіць падпольныя вытворчасці. Так, у лютым 2025 года ў Мазавецкім ваяводстве ліквідавалі фабрыку, на якой працавалі восем замежнікаў. Падчас ператрусу паліцыя выявіла 700 тыс. цыгарэт.

У сакавіку ў Міньскім павеце затрымалі трох беларусаў, якія займаліся вытворчасцю кантрафакту. Паліцыя канфіскавала больш за 10 млн цыгарэт і 15 тон тытуню. Уладзімір лічыць, што, калі цыгарэты і ўвозяць, то кропкава, «на продаж для сваіх». Але здаецца, «сваіх» у Бялай Падляскай нямала. Шпацыруючы па прывакзальнай плошчы заўважаем, што асфальт абсыпаны бычкамі — уперамешку з замежнымі Marlboro і Winston ляжаць знаёмыя NZ і «Мінск».