Максім прыйшоў у клуб “Эпалет” першы раз – і адразу ж пайшоў “у туалет” з упадабанай дзяўчынай. Юлія памятае танцы на калонках. Аляксандр расказаў, чаму на пачатку 90-х “Эпалет” называлі “Домікі”. 30 верасня 2023 года адбылася апошняя развітальная вечарынка ў гродзенскім начным клубе “Эпалет”. Клуб закрыўся пасля 25 гадоў працы. Гродзенцы і гродзенкі падзяліліся сваімі ўспамінамі і ўражаннямі пра самы неадназначны клуб горада.

Многія з чытачоў змаглі ахарактарызаваць “Эпалет” толькі парай слоў: “рыгалет”, “жах”, “трэш”, “гадзюшнік”, “напіцца і падрыгацца пойдзе”, “шмат п’яных і пастаянныя бойкі”. Частка гродзенцаў прызналася, што не былі там ні разу з-за адмоўных водгукаў сваіх знаёмых.

Клуб сапраўды часта трапляў у міліцэйскія зводкі. Калі ў медыя пісалі пра інцыдэнты ў “забаўляльнай установе на вуліцы Ажэшкі” – усе разумелі, пра якое месца ідзе гаворка.

Пайшоў забраць жонку з дыскатэкі – праламалі чэрап

Адпужвальныя чуткі пра клуб чуў і Аляксандр, таму ні разу не хадзіў туды на дыскатэку.

“Чуў, што п’яныя мянты ездзілі туды здымаць сабе дзевак. Што там два тыпы людзей: адчайныя дзяўчаты, гатовыя на ўсё, і п’яныя неадэкваты, якія прыйшлі па адчайных дзяўчат. Ну і як звычайна, гісторыі, што нехта пабіўся на паркоўцы за будынкам”.

Гісторыю пра бойку памятае і гродзенка Вераніка (імя зменена). Яе знаёмы неяк пайшоў у клуб забіраць жонку з дыскатэкі і патрапіў у бойку. Там яму праламалі чэрап – лекарам прыйшлося ўстаўляць металічную пласціну.

Ілюстрацыя паводле рэальнага клуба "Эпалет". Зроблена Hrodna.life у Kaiber
Ілюстрацыя паводле рэальнага клуба “Эпалет”. Зроблена Hrodna.life у Kaiber

Жудасныя ўспаміны засталіся і ў Юліі. Але нешта канкрэтнае яна ўспомніць не змагла – была там занадта даўно.

Наталля памятае, як у 19 гадоў убачыла шпрыцы на заднім двары і даведалася, для чаго яны патрэбны.

Ёсць гісторыі, якія гродзенцам “непрыстойна расказваць”.

“Як толькі я туды зайшоў першы раз, да мяне падышлі адразу дзве сімпатычныя дзяўчыны і сказалі: “Выбірай, хто табе больш падабаецца – я ці мая сяброўка”. Ну, я і абраў. І пайшоў з ёй у прыбіральню”, — падзяліўся гродзенец.

Як клуб Эпалет у Гродне ўбачыла нейрасетка
Ілюстрацыя паводле рэальнага клуба “Эпалет”. Зроблена Hrodna.life у Kaiber

“Рыгалет, толькі Міхалычу ўважуха, — падзяліўся ўспамінамі пра начны клуб Аляксандр, які хадзіў туды яшчэ на пачатку 2000-х. – Ужо забыўся, дырэктар ці ўладальнік гэта быў. Сусветны дзядзька, мог любую сітуацыю разруліць, “на вэксаль” прапусціць, сам на касе сядзеў часта”.

Добрыя ўспаміны: “Рукі ўверх”, Hi-Fi і танцы на калонках

Дарына была ў “Эпалеце” ўсяго пару разоў са сваімі знаёмымі 24 гады таму. У яе засталіся “добрыя ўспаміны”. “Музыка добрая была, гралі “Рукі ўверх” і Hi-Fi”, – успамінае гродзенка.

Добрыя ўспаміны і танцы на калонках памятае Юлія. Па словах гродзенкі, такія танцы пачыналіся бліжэй сярэдзіны вечара і на калонках было “як мёдам намазана”.

Ілюстрацыя нейрасеткі паводле рэальнага клуба "Эпалет"
Ілюстрацыя паводле рэальнага клуба “Эпалет”. Зроблена Hrodna.life у Kaiber

“Наогул, гэта асаблівы кайф быў – узлезці на іх. Здавалася, ты ў цэнтры ўвагі. Ды і відаць, хто дзе сядзіць, хто як танчыць і што на бары адбываецца”, – успамінае гродзенка.

Танчыць на калонках нельга было і дзяўчат перыядычна ганялі адтуль ахоўнікі. Але бліжэй да канца вечара ахова здавалася.

Тэатр, “Домікі”, ОфицерOFF – што яшчэ было ў “Эпалеце”

Адзін час у будынку Дома афіцэраў кожны верасень і кастрычнік праходзілі рэпетыцыі студэнцкіх пастановак.

“Наша студэнтка займалася ў тэатры гумару “Канкан”. А яны якраз базіраваліся ў “Эпалеце”. Таму нам ласкава давалі памяшканне для рэпетыцый да конкурсу Alma mater. За грошыкі канешне”, – падзяліўся гродзенец.

Глядзіце таксама: «Два танцпола — это бомба!» Гродненцы и гродненки поделились воспоминаниями о дискотеке Stop Line

У 2012-2013 гадах на базе клуба “Эпалет” працавала эксперыментальная пляцоўка “ОфицерOFF”. Яе стварыў арганізатар культурнага жыцця ў Гродне Сяргей Фінскі. Там рэгулярна праходзілі самыя розныя канцэрты: ад джазу і блюзу да ска, панку і цяжкага металу.

дыскатэка начны клуб
Фота ілюстрацыйнае. Крыніца: Canva

“Было вельмі цікава: выступалі і мясцовыя гурты, і з іншых гарадоў Беларусі. Нібыта нехта з-за мяжы прыязджаў. Такой пляцоўкі не хапала ў Гродне, але доўга яна не пажыла чамусьці. А яшчэ адчуванні ад канцэртаў былі крыху дзіўныя. Усе разумелі, што ў іншыя дні гэта быў усё той жа клуб “Эпалет” стромны”, – успомніў Аляксей.

Яшчэ адзін гродзенец расказаў, што на пачатку дзевяностых клуб “Эпалет” называлі “Домікі”. Уваход быў лявей, а асноўны кантынгент складалі студэнты суседніх універсітэта і вучылішча.

“У пачатку 90-х асабліва не было куды пайсці. Уся Маслабаза, ТФК, Цэнтр, Бетон, Пярэселка [раёны Гродна – Hrodna.life] на пастой былі па выходных там. Ну і неяк прыляпілася “Домікі”, – растлумачыў Алекс. – Усе, каму трэба, разумелі пра што гаворка. Крыху пазней з’явілася “Каструля” на БЛК, “Тэкстылі”, а пасля і Stop Line”.