У «Цэнтры гарадскога жыцця» прайшла другая за месяц сустрэча актораў Гродзенскага драматычнага тэатра з гледачамі. Цяпер большасць спектакляў з рэпертуара не паказваюць на сцэне — амаль месяц таму быў звольнены вядучы актор тэатра, Ігар Уланаў. 17 кастрычніка зноў быў аншлаг, і зноў на вуліцы паблізу дзяжурыў аўтазак і аўтобус сілавікоў.
Спектакль па п’есе сучаснага драматурга Кэрэн Клімоўскі «Удава, курдупель, цюлень ды іншыя» паставілі яшчэ ў канцы сакавіка. Яго паспелі сыграць у драмтэатры разоў 10. Зараз яго таксама не паказваюць на сцэне, бо Ігар Уланаў грае ў ім цэнтральную ролю. «Пры ўсіх нашых намаганнях і патрабаваннях да розных галінаў улады, Ігара дасюль не аднаўляюць у трупе. Але мы спадзяемся», — расказаў у пачатку сустрэчы Генадзь Мушперт, галоўны рэжысёр тэатра. Уланава звольнілі пасля канфлікту актораў, якія праявілі салідарнасць з затрыманым на акцыі калегам, з дырэктарам тэатра Ігарам Гедзічам.
Першая сустрэча з гледачамі за межамі тэатра адбылася 26 верасня, на наступны дзень пасля звальнення Уланава. Тады ў дворыку на Кірава паказалі канцэртны варыянт «451 па Фарэнгейту».
«Усё пачынаецца з таго, што рэжысёр абірае п’есу. Для мяне важней за ўсё, каб спектакль, які мы зрабілі, меў нейкае дачыненне да сённяшняга моманту, нашага жыцця, каб ён быў пра нас. Бо калі ён не пра нас — што ж тады глядзець?», — перакананы Генадзь Мушперт.
Мушперт зноў удакладніў, што гэта не спектакль. «У нас няма дэкарацый, мы не можам выканаць усе мізансцэны. Але мяркуючы па тым выступе, мы яшчэ больш пераканаліся: калі ў ідэі першапачаткова закладзена нейкая праўда, то ў любым выкананні мы нешта данесці да гледача зможам». Пры згадцы папярэдняга выступу частка гледачоў заапладавала.
З трох частак п’есы, якая выяўляе суд і размовы суддзі з падсудзімымі, паказалі адну. Яна была пра любоў і тое, што дае сэнс нешта рабіць, нават калі здаецца, што яго няма. Галоўны герой у дзяцінстве сабраў атрад па ратаванні смаўжоў, а ў сталасці мусіў ратаваць цюленя — адзінае, што яму засталося ад каханай. Суддзя вырашаў, ці апраўдаць яго.
«Вельмі сугучна таму, што адбываецца цяпер, нават матывуе. Вельмі шмат таго, што мы робім, часам здаецца бессэнсоўным. Але паглядзеўшы гэтую пастаноўку, разумееш, што сапраўды сэнс ёсць. У нас ёсць чалавечнасць, нягледзячы на тых, хто яе ўжо даўно страціў, каго мы назіраем у балаклавах», — падзялілася ўражаннямі ад імпрэзы гродзенка Ангеліна.
Пра суправаджэнне тэатральнага паказу аўтазакам і міліцыяй яе сяброўка адзначыла, што ўжо не адчувае ад іх пагрозы. «Проста нейкі ўжо звыклы зыход», — адзначыла яна. Раней дзяўчына хадзіла ў тэатр радзей, чым цяпер.
Ці будуць падобныя творчыя сустрэчы з гледачамі далей, пакуль невядома. «Як запросяць, так мы і прыйдзем, — паабяцаў Мушперт. — Нам дорагі ўсе сустрэчы з гледачамі, мы хочам, каб яны былі часцей. На іх прыходзяць людзі, якія сапраўды хочуць гэта паглядзець і хочуць нас паслухаць».
Сустрэча з гледачом — гэта заўжды свята, падкрэсліў Ігар Уланаў пасля выступу.
«Для нас крыху дзіўна, што мы не робім гэта ў нашым родным доме, — сказаў ён Hrodna.life. — Такія абставіны, такія часы. Тым не менш, мы надзвычайна ўдзячныя гледачам, і рады, што яны нас любяць і прыходзяць на сустрэчу з намі».
Пра тое, як ён пачуваецца без сцэны, Уланаў сказаў: «Гэта пытанне пра воўка, у якога забралі лес».
Цяпер, пасля вымушанага перапынку, у тэатры праходзяць рэпетыцыі, вечарамі паказваюць спектаклі з рэпертуара, за выключэннем тых, дзе быў заняты Ігар Уланаў. Такіх спектакляў было 11. Для паказаў засталося 7−8 пастановак, расказаў Hrodna.life Генадзь Мушперт:
«Ніякай замены быць не магло, аб гэтым мы заявілі і дырэкцыі, і Упраўленню культуры, хаця нас прымушалі. Мы заявілі нашы патрабаванні ўласным структурам, каб яго [Уланава — заўв. Hrodna.life] вярнулі назад у трупу».
Мінуў амаль месяц, і да сёння адказу ад кіраўніцтва не было. Што будзе далей, ніхто не ведае. «Што будзе з краінай, тое будзе і з тэатрам», — кажа рэжысёр.
Новых рэпрэсій у тэатры не было. Некалькі актораў, якіх пазбавілі ўсіх прэміяльных і даплат, працягваюць атрымліваць «голы» аклад. «Не думаю, што яны атрымліваюць за месяц 300 рублёў. Менш, значна менш», — удакладніў Мушперт.
Паказы ў абласным драматычным тэатры аднавілі 4 кастрычніка прывазным спектаклем. Раней, 25 верасня, у тэатры адмянілі ўсе спектаклі па рашэнні Міністэрства аховы здароўя. Гэта адбылося адразу пасля звальнення Уланава. Усе квіткі на бліжайшыя спектаклі тады былі раскуплены. Раней Ігар Уланаў адмовіўся падпісаць тлумачальную запіску з нагоды спыненага 20 верасня спектакля. Спектакль быў спынены, калі акторы даведаліся пра затрыманне на акцыі іх калегі, Сяргея Курыленкі. Іншых акцёраў, якія адмовіліся падпісваць тлумачэнні, пазбавілі прэміі на тры месяцы.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…