У жніўні 2018 у Беларусі павінна з’явіцца ў продажы новая бюджэтная мадэль у кузаве седан — Geely Emgrand 7. Ён прыйдзе на замену SC7. З гэтай нагоды Hrodna.life праверыў, як выглядаюць беларуска-кітайскія аўто пасля сканчэння гарантыйнага тэрміну, з якімі праблемамі сутыкнуліся іх уласнікі і, у рэшце рэшт, ці згнілі Джылі?

Мы разгледзелі два SC7 з рознымі гісторыямі.

Вольга, 24 гады, маладая мама

«Уласны аўтамабіль быў марай»

Вольга з 18 год марыла мець уласны аўтамабіль. Не было прынцыповым, які ён будзе: новы ці родам з 90-х. «Галоўнае, каб можна было ездзіць».

Мара здзейнілася неўзабаве. У 20 гадоў бацька зрабіў Вользе падарунак. «Тата казаў, што б\у машыну купляць мне не будзе, толькі новую. Ён прапанаваў Джылі са словамі «давай паспрабуем».

Ці згнілі Джылі? Правяраем беларуска-кітайскія аўто пасля чатырох год выкарыстання

Трапіўся брак

Аўто куплялі новым у верасні 2014 года. Зараз яго прабег — крыху больш за 70 000 км. За час эксплуатацыі, акрамя замены расходнікаў, мяняўся вонкавы шрус — гэта было ў перыяд дзеяння гарантыі. Замяніць трэба было толькі адзін, але ў выніку памянялі ўсе чатыры.

Пасля візіту ў сэрвіс высветлілася, што праблема не знікла. Вярнуліся на СТА, там вырашылі перастрахавацца і замянілі ўсе чатыры шрусы — праблема знікла. Сэрвіс адправіў дэталі на экспертызу. Высветлілася, што шрус, які спачатку ўсталявалі па гарантыі, апынуўся бракаваным. Тыя тры, што засталіся, мяняць не было неабходнасці.

Акрамя планавых візітаў на тэхабслугоўванне (кожныя 10 тыс.км.), двойчы на ​​працягу гарантыйнага перыяду дазапраўляўся кандыцыянер, а трэці раз — па заканчэнні гарантыі, гэтай вясной. Нядаўна замянілі тармазныя калодкі.

Ці згнілі Джылі? Правяраем беларуска-кітайскія аўто пасля чатырох год выкарыстання

Плюсаў шмат. Мінус — багата шуму

Агулам Вольга аўтамабілем задаволеная: змешаны расход 10 літраў на 100 км, прасторны салон, ёмісты багажнік, у які лёгка змяшчаецца дзіцячы вазок з усім неабходным, а адкідная спінка сядзення дае магчымасць перавозіць доўгія грузы, што робіць аўтамабіль яшчэ больш практычным.

Пры яздзе па трасе на хуткасці 110−120 км\г аўтамабіль паводзіць сябе выдатна. Запасу магутнасці хапае — муж Вольгі разганяўся і да 180 км\г. А вось шумаізаляцыі аўтамабілю відавочна не хапае.

Кузаў

Нягледзячы на ​​тое, што аўтамабілю амаль чатыры гады, ён не трапляў у аварыі і ўвесь кузаў «у роднай фарбе». Аднак адсутнасць ДТЗ, невялікі прабег і штогадовая дадатковая антыкаразійная апрацоўка не выратавалі аўто ад іржы.

Больш за ўсё карозія не пашкадавала капот. Жукі «палезлі» як звонку, так і з унутранага боку.

На месцах сутыкнення пярэдніх фар з крыламі таксама з’явілася іржа.

Ці згнілі Джылі? Правяраем беларуска-кітайскія аўто пасля чатырох год выкарыстання

Іржавеюць таксама шчоткатрымальнікі, сігналы і ланжэроны — у месцах, куды не трапіў антыкор.

Пачалі з’яўляцца жукі на крышцы багажніка і задніх арках. Адзінае, што пакуль не падвергнулася карозіі - дах і дзверы. Карціна з кузавам даволі сумная, асабліва ўлічваючы факт, што машыну за дадатковую плату штогод апрацоўвалі антыкаразійным складам.

Салон

Калі кузаў аўтамабіля, дакладней яго ўстойлівасць да карозіі, выклікае масу пытанняў, то да якасці салона прэтэнзій няма. Пасля 70 тыс. прабегу і 3,5 гадоў ён выглядае як новы! Колеры яркія, нічога не працёрлася і не патрэскалася.


Аляксей, 55 гадоў

Аўтамабіль таксама набываўся новым, таксама ў 2014 годзе. За 3,5 гады на ім праехалі 92 000 км.

За тры гады гарантыйнага перыяду, акрамя планавага абслугоўвання, па гарантыі замянілі адзін вонкавы шрус. Усё астатнія элэменты яшчэ «родныя».

Ужо па заканчэнні гарантыйнага перыяду з’явіліся праблемы са скрынкай — пачало «выбіваць» другую хуткасць.

Ці згнілі Джылі? Правяраем беларуска-кітайскія аўто пасля чатырох год выкарыстання

Жорсткія ўмовы: грунтовыя дарогі і палі

Аўтамабіль эксплуатуецца ў даволі жорсткіх умовах, значная частка прабегу прыходзіцца на грунтовыя дарогі і нават палі. Уласнік адзначае, што бамперы выраблены з хліпкага пластыку. «Ледзь дакранешся бамперам і ўжо з’яўляюцца трэшчыны або ламаюцца мацаванні».

Ці згнілі Джылі? Правяраем беларуска-кітайскія аўто пасля чатырох год выкарыстання

Кузаў гэтага аўтамабіля, у адрозненні ад папярэдняга, апрацоўвалі антыкорам толькі раз. Але, улічваючы большы прабег і жорсткую эксплуатацыю, ён захаваўся лепш за папярэдні.

З плюсаў уласнік адзначае:

— Знешні выгляд: «Джылі» вылучаецца сваім выглядам сярод іншых бюджэтных аўто,

— Прасторны салон і вялізарны багажнік, які, дзякуючы адкідным спінкам сядзенняў, становіцца яшчэ большым.

— Інфарматыўную дошку прыбораў і прыёмісты рухавік, годную акустычную сістэму і наяўнасць клімат-кантролю.

Пад капотам усё проста і даступна, але заліўная гарлавіна бачка амывайніка знаходзіцца ў нязручым месцы, кажа Аляксей.

А вось карозія ў шэрагу месцаў на аўто, якому няма і чатырох год, расчароўвае. Хоць, як прызнаецца Аляксей, «думаў будзе гніць горш». «Дзіўна, чаму няма функцыі абнулення дзённага прабегу», — кажа Аляксей і дадае, што бартавы камп’ютар паказвае толькі рэшту прабегу. Пры гэтым калі паліва застаецца менш чым на 50 км інфармацыя знікае. Ніякіх там 30−40: больш за 50 або адразу нуль.

Ці згнілі Джылі? Правяраем беларуска-кітайскія аўто пасля чатырох год выкарыстання

Ці згнілі Джылі? Правяраем беларуска-кітайскія аўто пасля чатырох год выкарыстання

Погляд знізу

Днішча аўтамабіля апрацоўвалась антыкорам толькі раз, адразу пасля набыцця. Частыя паездкі па палях зрабілі сваю справу і слядоў апрацоўкі амаль не засталось.

Нягледзячы на гэта, знізу аўтамабіль выглядае аптымістычней.

Невялікія ачагі карозіі прысутныя толькі ў тых месцах, дзе ў час паездак па бездарожжы было пашкоджана завадское пакрыццё.

Элементы падвескі і балкі выглядаюць амаль як новыя.