Восень набірае моцы і надвор’е штодня робіцца халаднейшым. Пытанне “чым сагрэцца?” ўсё больш актуальнае. Паратункам ад халадоў і яшчэ адной нагодай палюбіць восень могуць стаць саграваючыя напоі. Hrodna.life спраўдзіў цэнтральныя кавярні горада.
Цяпло з успамінам пра лета
Суніцы, вішні ці маліна добра пасуюць да традыцыйна саграваючых складнікаў зімовых напояў. У гэтым можна ўпэўніцца, паспрабаваўшы саграваючыя напоі ў кавярні “КофейнЯ” на Савецкай. Адмыслова на халодную пару ў меню ёсць “імбірны напой”, “гарачы ліманад” і “аксамітная вішня”.

У складзе напояў ёсць традыцыйна саграваючыя складнікі, кшталту імбіра, цынамона, лімона ці лайма. Да іх добра пасуюць свежыя ягады ці пюрэ з садавіны, соўсы з белага ці чорнага шакаладу або настоі з зёлак.

Любы напой можна замовіць у безалкагольным варыянце. За келіх саграваючага напою трэба заплаціць 3,5 – 4 рублі.

Гарачы напой пад жывую музыку
Халодны вечар можа стаць значна цяплейшым, калі завітаць за гарачым напоем у “Раскошу”. З саграваючых напояў тут прапануюць імбірны чай з апельсінавым сокам і мёдам за 4,0-4,5 рублі. Глінтвейны ў меню ёсць толькі ў варыянце з алкаголем, але калі папрасіць бармэна асабіста, то яго прыгатуюць з сокам.

Да выбару – чырвоны вінаградны ці яблычны. У складзе такога напою кавалачкі апельсіна і лімона, а таксама сіроп са смакам спецый – гвардзікі і цынамона. Цана за шклянку – 2,5 рублі.

Ад зёлак да экзотыкі
Саграваючыя напоі ў кавярні “Наша кава” маюць смакі ад традыцыйна мясцовых да заманліва-экзатычных.

Меню прапануе гарбату з яблыкам і цынамонам, узвар з імбірам, мятай, лімонам і мёдам, ліпавы настой з мёдам ды іншае. Тут жа можна знайсці масала гарбату ці matchа-латэ. Даволі незвычайна смакуе гарбата з манга і спецыямі.

У складзе напою – палачка карыцы, бадзьян, цынамон, гваздзіка, кардамон, разынкі і апельсін.
Каштуюць саграваючыя напоі ў “Нашай каве” ад 2,5 да 4,0 рублёў.

Паміж пакупкамі
У кавярні “Кіото”, што ў адным з гандлёвых цэнтраў, таксама можна знайсці чым сагрэцца ў халады.

Тут прапануюць безалкагольны глінтвейн на аснове соку з вінаграда альбо вішняў. У складзе напою таксама молатыя спецыі і скрылёчкі апельсіна і лімона.

Цана шклянкі напою – 2,5 рублі.
Сагрэцца разам з героямі кніг
Дапаўненнем да саграваючага напою ў кавярні “Шэкспір” можа стаць кніжка – яны стаяць тут на паліцы. А зрабіць каву яшчэ больш саграваючай прапануюць з дапамогай сіропаў.

Напрыклад, з зімовым смакам імбірнага перніка. Цана кавы складае 3,0-3,5 рублі. Таксама ў кавярні вялікі выбар гарбаты – да халадоў можна выбраць чорны чай з дадаткам імбіру ці са смакам садавіны, альбо ягадныя і зёлкавыя гарбаткі.

Варта адзначыць, гарбата падаецца ў імбрыку аб’ёмам паўлітра, таму яго хопіць нават на дваіх. Каштуе любая гарбата 3 рублі.
Шпацыр каля Нёмана да кубка гарбаты
Шпацыр па восеньскай наберажнай добра завяршыць у “Верандзе”. Меню гэтай кавярні адметнае шырокім выбарам зёлкавай гарбаты.

З калекцыі на аснове іван-чаю можна выбраць, напрыклад, напой з яблыкам, кветкамі глогу, рабінай, мелісай і абляпіхай, альбо з почкамі сасны, брусніцамі і смародзінай.

Іншыя травяныя напоі маюць у складзе цынамон і гваздзіку, романак, суніцы ці ройбуш. Гарбату падаюць у імбрыку. Порцыя ў 200 мл каштуе 2,0 – 2,5 рублі.
Пералік смачных і карысных саграваючых напояў у гэтым допісе далёка не поўны. Пішыце ў каментах, чым вы грэецеся ў гродзенскіх кавярнях у халодныя дні.


