Спадчына

Ч — Чыгунка. 5 фактаў пра дарогу, што змяніла лёс Гродна

Тое, што праз Гродна прайшла чыгунка, стала ў многім лёсавызначальнай падзеяй для горада. Дарога стварыла шмат новых працоўных месцаў і выклікала пад’ём вытворчасці, рост насельніцтва, звязала горад з Еўропай. Пра гісторыю чыгункі ў Гродне чытайце ў новым матэрыяле «Гарадзенскай азбукі».

«Гарадзенская азбука» ад Hrodna.life — гэта 32 артыкулы пра цікавосткі Гродна. Кожнаму з іх адпавядае адна з літар алфавіту. А — Ажэшка, Б — Баторый, В — Вітаўт і так далей. У кожным артыкуле азбукі вы знойдзеце па пяць цікавых фактаў аб адметных гродзенскіх асобах, месцах ці з’явах.

Пабудавалі за грошы банкіраў

Звязаць чугункай Санкт-Пецябрбург і Варшаву «Государь император высочайше повелеть соизволил» 1 сакавіка 1852 года. Дарога павінна была прайсці праз Гродна. Крымская вайна моцна стукнула па імператарскай кішэні, таму для рэалізацыі праекта стварылі акцыянернае таварыства. Чальцамі суполкі сталі банкіры з Лондана, Варшавы, Парыжа, Берліна, Ліёна і Амстэрдама. Да Гродна чугунка дайшла праз 10 гадоў. У снежні 1862 года тут адкрылі драўляны вакзал і пачала дзейнічаць чугуначная станцыя. У 1894 чугунку выкупіла дзяржава. Акцыянернае таварыства было распушчана.

Адсюль угналі цягнік для паўстанцаў

Падчас паўстання 1863 годзе група жыхароў Гродна меркавала здзейсніць узброены напад на чыгунку, захапіць цягнік і рушыць на Парэчча, каб далучыцца да паўстанцаў Каліноўскага. Планы ўдалося рэалізаваць часткова. Угналі толькі паравоз. Да месца прызначэння на ім дабраліся каля дзясятка чалавек з меркаванай сотні. Аб гэтых падзеях гродзенцам і зараз нагадвае барэльеф работы Уладзіміра Панцялеева на фасадзе вакзала.

Чыгуначны вакзал перабудоўвалі тройчы

Драўляны вакзал хутка перастаў задавальняць патрэбы пасажыраў. У 1868 годзе пачалі ўзводзіць новы цагляны будынак. Падчас Другой сусветнай ён быў амаль цалкам разбураны і адноўлены толькі ў 1945 годзе. У выніку атрымаўся эклектычны палац, які яшчэ памятае і аб якім сумуе старэйшае пакаленне гродзенцаў.

На вакзале мясціліся касы, рэстаран, мытня і залы чакання, сярод якіх «афіцэрская» і «ўрадавая». Пазней на вакзале з’явіліся таксама бюро «Інтурыста», а таксама цырульня.

У 1986 годзе, нягледзячы на пратэсты з боку мясцовых актывістаў, будынак вакзала разбырылі. Новы вакзал, што сустракае гасцей горада зараз, пабудавалі яшчэ да разбурэння старога. Яго спраектавалі ў лепшых традыцыях сацрэалізму — гмахам са шкла і бетону, каб годна прадстаўляць «заходнюю браму» Савецкага Саюза.

Па чугунцы ў Гродна прыязджаў імператар

У 1914 годзе Гродна наведаў Мікалай ІІ з сям’ёй. Самадзержца ўрачыста сустракалі на вакзале з аркестрам. Гэта сцэна адлюстравана ў мастацкім фільме 1956 года «Міколка-паравоз». Па сюжэце Міколка не змог пабачыць цара, бо той не выйшаў з вагона. Насамрэч, імператар не толькі пакінуў цягнік, але нават паехаў аглядаць фарты. Час быў трывожным, ішла Першая Сусветная вайна.

Але што дакладна захаваў для нас гэты фільм — гэта выгляд старога чугуначнага вакзала ў Гродне.

Лекар чыгуначнікаў - бацька гісторыкаў

Працаваць на чыгунцы ва ўсе часы было даволі прэстыжна. Тут былі адносна высокія заробкі. Апроч таго, доўгі час у сістэме беларускай чыгункі існавалі ўласныя крамы «ДорОРС», установы культуры і бібліятэкі, ведамасныя бальніцы і паліклінікі. З гродзенскай чугуначнай паліклінікай звязана імя Самуіла Клейна, бацькі вядомых гісторыкаў Барыса і Льва Клейнаў.

Самуіл Клейн кіраваў чугуначнай бальніцай у паваенны час. Яго звольнілі ў 1953 у сувязі са «справай лекараў», адкрылі следства, а таксама пачалі «кляйміць» у мясцовай прэсе. Тады «забойцаў у белых халатах» падазравалі ў замахах на партыйную эліту. Ад суда і верагодна смяротнага выраку Самуіла Клейна ўратавала толькі смерць Іосіфа Сталіна.

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024