Людзі і справы

Гадзіннікі пратэсту. Як забытая ідэя акцёра са Шчучына здабыла новае жыццё пасля выбараў

Акцёр і рэжысёр Вячаслаў Сікора прыдумаў гадзіннікі з гербам Пагоня тры гады таму. Тады яны нікога не зацікавілі і аўтар з цяжкасцю іх спрадаў. Зараз Сікора з’ехаў ва Украіну, бо ў Беларусі, паводле яго слоў, яго пераследуюць за грамадзянскую пазіцыю. А гадзіннікі здабылі новае жыццё: акцёр зрабіў іх ужо каля сотні, ён прадае і раздае іх пацярпелым на пратэстах.

Вячаслаў працаваў педагогам дадатковай адукацыі ў Палацы творчасці ў Шчучыне. Ён пазбавіўся працы перад выбарамі за сваю грамадзянскую пазіцыю. У жніўні ён стаў публічна крытыкаваць дзеянні ўладаў і сілавікоў: рабіў стрымы і пісаў у сацыяльных сетках, удзельнічаў у пратэстах у Мінску і Магілёве, дзе ў той момант жыла яго сям’я. Вячаславам зацікавілася міліцыя, таму ён вымушаны быў хавацца. Калі даведаўся, што супраць яго ўзбуджана некалькі адміністрацыйных спраў, у тым ліку за абразу супрацоўнікаў міліцыі і ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, вырашыў пераехаць ва Украіну.

Альтэрнатыўная ўзнагарода

«Пасля 9 жніўня я ўспомніў пра гадзіннік з Пагоняй, якія рабіў тры гады таму — хацеў зарабіць на продажы. Тады яны не былі цікавыя беларусам. Цяпер яны сталі актуальныя, як ніколі. Я пазычыў грошы і выйшаў на вытворцу [у мэтах бяспекі назву не публікуем] і зрабіў новы заказ».

Гадзіннік з гербам Пагоня
На вечку гравіроўка «Гродна — першы вольны горад»

У калекцыі Вячаслава з’явіўся гадзіннік «Вязень Акрэсціна», «Вязень 2020», «Страйк» і іншыя, натхнёныя падзеямі апошніх месяцаў у Беларусі.

«Я разумеў, што трэба неяк падтрымліваць людзей. У краіне праліта кроў, а Лукашэнка ўзнагароджвае сілавікоў медалямі. А грамадзян, якія пасля выбараў праявілі гераізм і прайшлі катаванні, ніхто не ўзнагародзіў. Так і з’явілася альтэрнатыва, толькі ўзнагароджваць беларусаў я стаў не медалямі, а добрымі гадзіннікамі. Гэта ўзнагарода, якую падарыў народ, на гэтыя гадзіннікі скідацца беларусы з усяго свету. Гэта гонар і памяць за пралітую кроў».

Гадзіннік «Вязень 2020» на фоне Фарнага касцёла ў Гродне

Самыя папулярныя гадзіннікі - з Нінай Багінскай

Пакуль Вячаслаў робіць няшмат гадзіннікаў. Ён шукае магчымасці павялічыць вытворчасць і аддзячыць іншым беларусам за іх пазіцыю.

«Мы ўжо перадалі частку гадзіннікаў працаўнікам „Беларуськалія“ і „Гродна Азот“. Вялікую партыю перадалі былым вязням турмаў і СІЗА».

Гадзіннік ад Вячаслава перадалі і мінчанцы Ніне Багінскай, якая стала адным з сімвалаў беларускага пратэсту. Гадзіннік з яе выявай цяпер лідзіруе па продажах на сайце Вячаслава.

«Я не магу займацца ўвесь час дабрачыннасцю, таму мне даводзіцца прадаваць гадзіннікі. Але тое, што можам, мы раздаем героям пратэсту. Паводле адукацыі я акцёр тэатра і кіно, таму адначасова праходжу кастынгі ў тэатрах Кіева. Але адначасова я і беларускі актывіст і грамадзянскі дзеяч».

Міністр люстрацыі

Вячаслаў упэўнены, што ў бліжэйшы час у Беларусі сітуацыя палепшыцца і Лукашэнка сыдзе. Тады ён і тысячы іншых беларусаў змогуць вярнуцца дадому.

«Я з’ехаў і працягваю змагацца. Так робяць многія. Лепш быць за мяжой і змагацца, чым сядзець у турме і нічога не рабіць. Сёння на пратэсце ў кожнага беларуса свая місія, кожны робіць сваю працу. Пасля перамогі я абавязкова вярнуся, у мяне нават ёсць такі жарт — хачу стаць міністрам люстрацыі. Калі не міністрам, то прадстаўніком камісіі па Гродзенскай вобласці. Вельмі шмат працы трэба, таму тэатр пачакае. Галоўнае разабрацца з тымі, хто задаў столькі шкоды беларускаму народу».

Хто такі Вячаслаў Сікора?

Вячаслаў Сікора — беларускі акцёр тэатра і кіно, кінарэжысёр, сцэнарыст. Родам з вёскі Каменка Шчучынскага раёна.

Працаваў у тэатрах Магілёва, Масквы і Маладзечна, Доме культуры ў Скідзелі. Удзельнічаў са сваімі фільмамі ў міжнародных кінафестывалях. Быў адным з заснавальнікаў бейсбольнага клуба «Цукровы шторм» у Скідзелі і бейсбольнага клуба «Піраты» ў Магілёве.

У 2019 годзе адкрыў у Шчучыне музейны пакой эпохі СССР.

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Мама умерла». Гродзенец пасля страты жонкі сам выхоўвае сына і шукае новае каханне

У адзін з дзён снежня 2021 года сямігадовы Артурка прачнуўся і знайшоў у суседнім пакоі…

20 студзеня 2025

Беларуская магія: як нашы продкі дамаўляліся з прыродай

У тым, што беларусы цанілі і да гэтага часу цэняць магію, упэўніцца не складана. Мы…

19 студзеня 2025

«З сабой я важу Беларусь». Калекцыянер з Гродна назбіраў некалькі дзясяткаў тысяч марак

Гродзенец Андрэй Мялешка захапіўся маркамі яшчэ ў першым класе, калі далучыўся да філатэлістычнага гуртка. І…

18 студзеня 2025

Каложскі вадаліў: гродзенскі артэфакт, які перажыў стагоддзі

Каложскі вадаліў, або акваманіл, — гэта адзін з найцікавейшых артэфактаў, якія захаваліся ў Гродне з…

18 студзеня 2025

«Як выкладаць, пракуратуру не цікавіць». 7 фактаў, як улады і патрыятызм змянілі беларускія школы

Цяпер замест пісьменнікаў і музыкаў у беларускія школы ўсё часцей запрашаюць актывістаў з “моцнай грамадзянскай…

17 студзеня 2025

Плошча Сцяга і падвесны мост да замка. Андрэй Хмель расказаў, як зменіцца Гродна (але не сказаў, калі)

Зараз гораду больш за ўсё не хапае паркаў і сквераў, лічыць старшыня Гродзенскага гарвыканкама Андрэй…

14 студзеня 2025